На Бярэзіншчыне прайшла акцыя «Чысты лес» і працягваецца месячнік па добраўпарадкаванні

У суботу, 17 кастрычніка, на Бярэзіншчыне прайшла чарговая акцыя “Чысты лес”, прымеркаваная да Года малой радзімы. Яна аб’яднала ўсіх неабыякавых да экалагічных праблем планеты работнікаў лясной галіны і многіх арганізацый і ўстаноў раёна, а таксама дзяцей рознага ўзросту.

 

Сёлетні год стаў дзясятым па ліку з таго часу, як упершыню стартавала акцыя “Чысты лес”. За гэты час у ёй прынялі ўдзел сотні тысяч добраахвотнікаў і ўнеслі значны ўклад у навядзенне парадку ў лясным фондзе. І гэтая добрая справа працягваецца.

— Я не ўпершыню ўдзельнічаю ў мерапрыемстве, — гаворыць вучань восьмага класа СШ №2 горада Беразіно Павел Бандзік. — Мая матуля, Вольга Анатольеўна, працуе ў гадавальніку Бярэзінскага лясгаса, і я разам з ёй далучаюся да акцыі. А сёння дапамагаю лесу са сваімі аднакласнікамі і педагогамі нашай школы.

— А я далучаюся да акцыі ўпершыню, — расказвае дзевяцікласніца гэтай жа школы Марыя Ляпёшкіна. – Але цяпер буду пастаяннай удзельніцай такіх мерапрыемстваў. Уражвае, наколькі засмечана прылягаючая да аўтавакзала лясная тэрыторыя. Гэта вельмі сумна, што людзі прыходзяць у лес адпачыць і пакідаюць пасля сябе столькі смецця. Калі б гэта была толькі папера, то не страшна, яна хутка раскладаецца, а вось пластыкавыя бутэлькі і іншыя ўпакоўкі наносяць вялікую шкоду лесу і яго насельнікам.

— У акцыі “Чысты лес” мы прымаем удзел на працягу многіх гадоў, — дадае намеснік дырэктара СШ №2 Ірына Бародзіч. — Тэлефануем у лясгас і выказваем жаданне дапамагчы зрабіць лес чысцейшым. Зараз актыўна разам з настаўнікамі Яўгеніяй Аўсянскай, Дзмітрыем Якаўлевым шчыруюць вучні восьмых і дзявятых класаў: Лізавета Мароз, Яўгенія Жаўток, Улада Ягорава з сястрычкай Сашай, Кацярына Паддубская, Віталь Карповіч, Аляксандр Казюка і інш. Мы ўсе – за экалагічна чысты лес!

Мяхі са смеццем, бярвенні і галлё хлопчыкі і дарослыя закідвалі ў прычэп трактара і даволі хутка яго запоўнілі.

— Раней смецця на гэтай тэрыторыі збіралі яшчэ больш, — заўважае інжынер па ахове і абароне лесу Бярэзінскага лясгаса Сяргей Чубкоў. – Прыемна, калі людзі пачынаюць усведамляць, што лес – гэта крыніца для натхнення і здароўя, а не сметніца для адходаў. Прыемна, што школьнікі актыўна далучаюцца і сур’ёзна адносяцца да акцыі “Чысты лес”.

Усім удзельнікам пасля завяршэння работ Сяргей Чубкоў уручыў блакноты і ручкі з сімволікай Бярэзінскага лясгаса. А потым паспяшаўся далучыцца да сваіх калег, якія займаліся пасадкай дрэў на тэрыторыі, што пацярпела пасля наступстваў урагану, непадалёк ад вёскі Баравіно. Тут, на плошчы 1,5 гектара работнікі лясгаса стваралі лясныя культуры ялінак і дубочкаў.

Усяго ў гэты дзень, па словах намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Віталія Умінскага, у акцыі прынялі ўдзел каля 400 чалавек, убрана 14 кубічных метраў засмечанасці, ліквідавана 29 кубічных метраў бытавых адходаў. Ахоплена 33 аб’екта лясных угоддзяў, пасаджана 34 тысячы саджанцаў, дапаўненне лясных культур вялося на плошчы 5,6 гектара.

Дарэчы, месячнік па навядзенні парадку на зямлі праходзіць на працягу ўсяго кастрычніка ў раёне і ёсць магчымасць паўдзельнічаць кожнаму, каб прывесці ў належны стан і ўласнае падвор’е, і прылягаючыя тэрыторыі.

Алена ГРОМАВА, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *