На базе РКУВП “Бярэзінская ЖКГ” прайшло пасяджэнне назіральнай камісіі

— Крымінальную статыстыку раёна псуюць раней асуджаныя асобы, — пачала мерапрыемства сакратар камісіі Святлана Сайкоўская, — большасць з якіх — аліментшчыкі. Зменшыць колькасць злачынстваў дапамагла мэтанакіраваная работа назіральнай камісіі за 11 месяцаў бягучага года, дзе былі разгледжаны 64 раней асуджаныя і 8 працуючых абавязаных асоб. Ім была аказана дапамога ў працаўладкаванні і іншай сацыяльнай адаптацыі.

Пэўны вопыт у сацыяльнай адаптацыі абавязаных асоб назапашаны ў РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”. Тут у 2018 годзе былі прыняты на працу рабочымі дзве жанчыны. За імі на прадпрыемстве замацаваны тры адказныя спецыялісты, штомесяц робяцца ўтрыманні з заробку, аднак запазычанасць перад установамі адукацыі, дзе выхоўваюцца іх дзеці, і за камунальныя паслугі яшчэ застаецца вялікай. Віной усяму — не сціплы заробак жанчын, а іх адносіны да працы. Так, адна з іх з сакавіка па лістапад 2018 года шмат дзён адсутнічала на працы па прычыне злоўжывання спіртным. У лістападзе мінулага года яна прайшла курс амбулаторнага лячэння і больш не дапускае парушэнняў працоўнай дысцыпліны.
Куды горш складваюцца справы ў другой работніцы. Яна была заўважана на працы ў стане алкагольнага ап’янення.
— У жанчын ёсць рэальны шанс змяніць сваё жыццё, — падкрэсліла на пасяджэнні назіральнай камі-сіі спецыяліст РКУВП “Бярэзінская ЖКГ” Вольга Ян-
коўская. — Яны пад нашым пільным кантролем. Ды і не крыўдзім мы абавязаных асоб: за якасную і добрасумленную працу, добраўпа-радкаванне, азеляненне прадугледжаны грашовыя прэміі.
Сацыяльную рэабілітацыю прапануюць у нашым раёне ўсім раней асуджаным асобам. Найбольш часта яны маюць патрэбу ў працаўладкаванні. Падчас выязнога пасяджэння былі заслуханы некалькі грамадзян, выслуханы іх скаргі і пажаданні, дадзены пэўныя кансультацыі. Але не ўсім такая дапамога падабаецца. Так, у час мерапрыемства быў заслуханы 60-гадовы мужчына. Ён пакараны за крадзеж веласіпеда, але, відаць, злачынствам гэта не лічыць, бо жадае працаўладкавацца толькі вартаўніком.
— З гэтым мужчынам мы яшчэ сустрэнемся і паспрабуем знайсці агульную мову, — падкрэсліла Святлана Сайкоўская. — Будзем працаваць індывідуальна, каб мужчына ў свае сівыя гады не стаў рэцыдывістам. У самы бліжэйшы час мы звернем пільную ўвагу на сацыяльную адаптацыю людзей, вызваленых па амністыі. Таму ў нашых планах арганізацыя кірмашоў вакансій і шэраг прафілактычных гутарак, накіраваных на матывацыю да працы.
Актыўны ўдзел у пасяджэнні назіральнай камісіі райвыканкама прынялі пракурор Бярэзінскага раёна Уладзімір Галянкоў і начальнік крымінальна-выпраўленчай інспекцыі міліцыі Уладзімір Каўзуновіч.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *