На Бярэзіншчыне адзначылі 100-гадовы юбілей камсамола

24 верасня 1920 года — важная дата на календары беларускіх маладзёжных актывістаў. I Усебеларускі з’езд камсамола арганізацыйна аформіў стварэнне Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі. Рэзалюцыя падкрэслівала, што апошні з’яўляецца непарыўнай часткай Расійскага Камуністычнага Саюза Моладзі.
У чэрвені 1924 года рашэннем VI з’езда РКСМ арганізацыі было нададзена імя У. І. Леніна і яна набыла абрэвіятуру ВЛКСМ. Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі Беларусі стаў называцца ЛКСМБ. У 1945 годзе — за мужнасць, самаадданасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на франтах Айчыннай вайны і ў тыле ворага, саюз узнагароджваецца ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, а ў 1970 годзе — за актыўны ўдзел у сацыялістычным і камуністычным будаўніцтве, за вялікую работу па выхаванні моладзі і ў сувязі з 50-годдзем ЛКСМБ — ордэнам Леніна.
Мінула 20 гадоў і 30 з’езд ЛКСМБ прыняў рашэнне аб статутных зменах арганізацыі і перайменаванні яе ў Саюз моладзі Беларусі. Праўда, ужо ў лютым 1995 года, на 37 з’ездзе Саюза моладзі Беларусі, арганізацыя ізноў перайменавана ў Беларускі саюз моладзі. Поўная яго назва з 1999 года — Грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз моладзі». Аднак ужо 20-21 мая 1997 года на ўстаноўчым з’ездзе ствараецца маладзёжная арганізацыя — Беларускі патрыятычны саюз моладзі.
Сваю сённяшнюю назву грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” атрымаў 6 верасня 2002 года. На 38 аб’яднальным з’ездзе ГА «БПСМ» і ГА «БСМ» было прынята рашэнне аб аб’яднанні шляхам зліцця дзвюх буйнейшых маладзёжных арганізацый Рэспублікі Беларусь у адзіную.
Важнымі вехамі лічыць маладзёжнае аб’яднанне прыняты ў 2003 годзе Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 16 «Аб дзяржаўнай падтрымцы Грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», узнагароджванне Ганаровым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь, наладжванне маладзёжных будоўляў у краіне, паспяховую рэалізацыю праграмы “Будучыню будаваць маладым” і новага валанцёрскага накірунку работы «Добрае Сэрца».
За ўсімі гэтымі падзеямі стаяць слаўныя справы маладых і актыўных людзей, якія імкнуліся зрабіць гэты свет лепшым, прагнулі зрабіць сваё жыццё яркім і карысным людзям. Нямала такіх і ў нашым раёне.

М. Рыбачонак

Яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны ў Багушэвічах быў устаноўлены помнік Мікалаю Рыбачонку. На ім знаходзіцца мемарыяльная дошка з надпісам «Здесь похоронен комсомолец Николай Рыбачонок…». Мікалай — сапраўдны маладзёжны лідар свайго часу, быў дэпутатам сельсавета, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, ва ўсім і ўсюды паказваў прыклад і старанна вучыўся. Яго любілі і паважалі. Але ў дваццаць гадоў жыццё юнака абарвалася…

Л. Герцовіч

Яшчэ адно прозвішча — Леў Герцовіч. Звестак пра яго няшмат. Нарадзіўся ў 1905 годзе ў шматдзетнай сям’і ў вёсцы Сяліба. Камсамольцам стаў у 1922 годзе, членам партыі — у канцы 25-пачатку 26 года. Яго сябры высока цанілі дзелавыя якасці Льва Бенцыянавіча, за гэта і паважалі. Але жыццё нашага земляка абарвалася вельмі рана…
На жаль, засталося мала дакументальных матэрыялаў пра першага сакратара ЦК ЛКСМБ Льва Герцовіча. Раскіданыя кроплямі–радкамі ў пратаколах і выступленнях, плюс скупыя ўспаміны камсамольцаў тых часоў. І калі падсумаваць тое, што ўдалося даведацца пра Герцовіча, убачым: ён — чалавек свайго часу. У тым сэнсе, што менавіта асабістыя якасці дапамаглі яму стаць адным з яркіх важакоў моладзі краіны.
Патрабаваліся маладзёжныя лідары і ў час Вялікай Айчыннай вайны.
У чэрвені 1942 года быў створаны Бярэзінскі падпольны райкам камсамола, сакратаром яго абралі Міхаіла Пыжа. На той час у партызанскіх атрадах налічвалася больш за 500 чалавек, сярод якіх большая палова — камсамольцы і моладзь. Падпольная камсамольская арганізацыя налічвала 235 чалавек, у тым ліку і 32 дзяўчыны.
Да канца 1943 года ў партызанскіх атрадах Бярэзінскага раёна ствараюцца 24 маладзёжныя групы па знішчэнні воінскіх эшалонаў ворага.
24 чэрвеня 1943 года выйшаў дзясяты нумар падпольнай раённай газеты з заклікам: “Моладзь Бярэзіншчыны! Радзіма кліча вас на свяшчэнны бой з нямецкімі гвалтоўнікамі! Уступайце ў партызанскія атрады — гэта адзіны паратунак ад фашысцкага рабства”.
Пад кіраўніцтвам партыйных органаў былі створаны і дзейнічалі камсамольскія падпольныя групы ў вёсках Падкамень, Ягадка, Журоўка, Жарамец, Койцін і шэрагу іншых. Добрымі арганізатарамі баявых спраў сябе паказалі Міхаіл Сакаў, Васіль Ермаловіч, Мікалай Булаўскі, Тамара Новікава і шмат іншых, у смяротнай барацьбе аддалі свае маладыя жыцці Марыя Рамановіч, Вера Лясных, Марыя Сакалоўская і іншыя.
Камсамольцы і моладзь Бярэзіншчыны ўнеслі значны ўклад у перамогу: знішчылі больш за 1300 варожых салдат і афіцэраў, 128 паліцэйскіх, пусцілі пад адхон 29 варожых эшалонаў, падарвалі 128 бронемашын.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з ворагам, 180 камсамольцаў і маладых партызан раёна былі ўзнагароджаны ордэнамі і больш за 800 чалавек — медалямі.
Важным трэба лічыць і той факт, што да канца вайны камсамольскі білет мелі 555 членаў падпольных арганізацый.
Ды і пасля Вялікай Перамогі мірных подзвігаў бярэзінскіх актывістаў не пералічыць. Не маглі яны застацца ўбаку ад аднаўлення горада і вёсак, прамысловасці і сельскай гаспадаркі, будаўніцтва дамоў, дарог, школ, культурных устаноў і стварэння новых традыцый. Працавалі яны не цураючыся цяжкай працы і з бясконцай верай у неабходнасць сваёй справы. На рубяжы стагоддзяў найбольш буйнай у раёне была арганізацыя Беларускага патрыятычнага саюза моладзі, якая налічвала 750 чалавек.

К. Вяргейчык

— Сёння створана і дзейнічае 41 пярвічная арганізацыя грамадскага аб’яднання “БРСМ”, дзе налічваецца амаль 600 юнакоў і дзяўчат, — гаворыць першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Вяргейчык. – Самыя шматколькасныя пярвічкі традыцыйна ў навучальных установах і аб’ядноўваюць у сваіх радах актыўных старшакласнікаў, якія сваімі справамі робяць школьнае жыццё яркім і насычаным. Ды і бярэзінская студэнцкая моладзь — авангард добрых спраў раёна. Яны — актыўныя члены студатрадаў, шчырыя валанцёры і патрыёты сваёй краіны.

В. Лашкоўскі

— Можна па-рознаму ставіцца да ідэалаў мінулага, але той факт, што справы камсамольцаў захаваліся ў гісторыі краіны і канкрэтна нашага раёна, адмаўляць нельга, — сцвярджае старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі, які некалькі гадоў узначальваў райкам ЛКСМБ. — Гісторыя камсамола – гэта наша гісторыя.
Гаворыць ён гэта з гонарам і па-ранейшаму вядзе актыўнае грамадскае жыццё, поўнае запалу і аптымізму, служыць прыкладам для моладзі.
— Тагачасны камсамол нельга так проста перанесці ў сучаснае жыццё, — зазначае Віктар Валянцінавіч. — У той час была адзіная арганізацыя, як, увогуле, і адна партыя. Зараз жа іншыя ўмовы: мадэль сучасная выглядае зусім па-іншаму.
Не сумняваецца ён і ў даўгалецці маладзёжнай арганізацыі і не стамляецца ўспамінаць пра слаўныя справы камсамольцаў 70-80 гадоў мінулага стагоддзя.
— Нагадваць аб гэтым, бясспрэчна, патрэбна! – пераканы ён. — Бо нават у сучасных маладзёжных аб’яднаннях мы можам убачыць рысы ЛКСМБ, яму ўласцівыя асаблівасці. Сучасная моладзь максімальна мабільная. Цяперашнія ўмовы, у якіх мы ўзаемадзейнічаем з маладымі людзьмі, таксама
мабільныя і імкліва развіваюцца. Напэўна, у гэтым розніца з камсамолам. Прыемна, у нашым раёне ёсць маладыя людзі, якія з вялікім імпэтам і годна працягваюць традыцыі студатрадаўскага руху, развіваюць добраахвотніцкую дзейнасць, клапоцяцца пра ветэранаў вайны і працы, пажылых людзях, праводзяць спартыўныя і турысцкія злёты, паходы.
Мы падтрымліваем і прывіваем таленты нашай моладзі, выхоўваем і прывіваем патрыятызм моладзі. А гэта значыць, што яшчэ не ў аднаго маладога чалавека з’явяцца свае хвалюючыя ўспаміны як яркае сведчанне таго, што ў жыцці заўсёды ёсць месца і час для вялікіх, важных і карысных спраў.
Напэўна таму, для людзей старэйшага пакалення юбілей ЛКСМБ – гэта настальгія па маладосці. Для іншых – надзея на найлепшую будучыню і раскрыццё свайго патэнцыялу. Таму ўсіх віншуем са 100-гадовым юбілеем беларускага маладзёжнага патрыятычнага руху!

Мілана ТРАПЯНОК. Фота з архіва і Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *