На Бярэзіншчыне адзначылі раённае свята «Дажынкі» (абноўлена)

Спрадвеку хлеб у беларусаў быў у пашане і з’яўляецца заможнасці, дабрабыту і дастатку. І па сённяшні дзень традыцыя сустракаць гасцей хлебам-соллю захоўваецца не толькі як частка ўрачыстага этыкету, але і свяшчэннай цырымоніі, якая паказвае хлебасольства гаспадароў. Яна сведчыць пра іх гасціннасць, ветлівасць і адкрытасць да добразычлівага дыялогу, пра давер і гатоўнасць да ўзаемнай дапамогі і падтрымкі. Нездарма ў народзе гавораць: будзе хлеб, будзе і песня. Таму хлеб — традыцыйная ежа беларусаў — здаўна шануецца ў нашай краіне.

І па сённяшні дзень традыцыя сустракаць гасцей хлебам-соллю беражліва захоўваецца ў нашым раёне і паказвае хлебасольства гаспадароў

 

Старшыня Бярэзінскага райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Марына Каўзуновіч уручыла падзякі і прэміі Мінскага абласнога прафсаюза

 

Гучным акордам раённага свята стала песня “Выходил на поля молодой агроном” у выкананні кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна. Пад яе віталі паважаных гасцей на свяце хлебаробаў

 

Чаго толькі не было на падворку ААТ “Брадзец”. Тут табе і белыя булкі, і сапраўдны жытнёвы хлеб!

 

 


Пачуццё павагі да хлеба, беражлівае да яго стаўленне, можна нават сказаць трапяткое, — частка нацыянальнай культуры беларусаў. Інакш кажучы, паважлівыя адносіны да хлеба — у нашых генах. Аказваецца, у нашых продкаў былі свае ўяўленні, звычаі, як і калі трэба хлеб выпякаць і наразаць. Шанавалася нават хлебная крошка, якую нельга было ўпусціць на падлогу і, не дай бог, растаптаць нагамі. Лічылася, што пячы хлеб павінна жанчына, гаспадыня дома. Ні ў якім разе ёй не варта было рашчыняць хлеб у кепскім настроі, што магло адбіцца на яго якасці. Ды і кожная гаспадыня мела свой унікальны рэцэпт прыгатавання хлеба з мукі самых розных гатункаў, які перадаваўся ў сям’і з пакалення ў пакаленне.
Даўней беларусам не заўсёды даводзілася есці “чысты”, прыгатаваны з адной толькі жытняй мукі, хлеб. Часта неўраджаі, войны, стыхійныя бедствы прымушалі ўжываць у ежу жытні хлеб з рознымі дабаўкамі. Так, “градовы” хлеб выпякаўся з непрасеянай жытняй мукі. Калі ж зерне пасля малацьбы не прасейвалася зусім, а толькі чысцілася ад буйнога смецця і пустых каласоў, то мука з такога жыта ішла на прыгатаванне “пушнога” хлеба. “Паловы” хлеб складаўся з жытняй мукі толькі напалову. Другую палову складалі ўзятыя паасобку або змяшаныя адзін з адным ячмень, авёс, грэчка, пшаніца. У гады дрэннага ўраджаю выпякалі “бульбяны” хлеб з жытняй мукі і мятай варанай або перацёртай на тарцы сырой бульбы. Вясной або ў гады недароду часта елі “мякінны” хлеб. Бывала, што і такога хлеба не хапала, тады да жытняй мукі дадавалі лісце шчаўя, лебяды, жалуды, мёрзлую бульбу. Пра такі хлеб гаварылі: “Не бяда, калi ў хлебе лебяда, тады бяда, калi хлеба няма!”
У кожнага з нас, як бачым, свая “хлебная” гісторыя, сваё ўсведамленне каштоўнасці хлеба, трапяткіх адносін да яго духмянага “акрайца”. Гэта і паказаў агляд падворкаў на раённым фестывалеі-кірмашы “Дажынкі -2020” ў аграгарадку Уша. А святочны, узняты настрой цырымоніі надала песня “Выходил на поля молодой агроном” у выкананні кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна. Не пазычаць ім было і хлебасольства, і фантазіі ў справе прымаць гасцей, дзяліцца часцінкай сваёй душы і сваімі рэцэптамі прыгатавання хлеба. А іх, як высветлілася, у бярэзінцаў багата!
Цырымонія стала ўрачыстым акордам для ўшанавання працавітых, дбайных, добрасумленных людзей, што шчыравалі з досвітку і да змяркання на хлебных нівах, збожжатоках, каб своечасова і без страт сабраць, дапрацаваць вырашчаны ўраджай. Менавіта для іх мерапрыемства было наладжана з такой душэўнасцю.
З падзякай да аграрыяў Бярэзіншчыны першым звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Бабічаў:
— З пачуццём гонару зазначаю, што хлебаробы раёна дастойна правялі жніўную кампанію. Вы добрасумленна працавалі ў полі і цяпер на нашых сталах якасны хлеб новага ўраджаю. Павага і пашана рупліўцам!
У бягучым годзе хлебаробы раёна намалацілі ў бункернай вазе амаль 49 тысяч тон збожжа, што на 16,7 тысячы больш, чым летась. Сярэдняя ўраджайнасць склала 29,2 цэнтнера з гектара супраць 19.2 летась.
Сёлетняя ўборачная кампанія аказалася самай маштабнай і плённай для бярэзінскіх аграрыяў.
З 71 камбайнавага экіпажа 23 здолелі намалаціць тысячу і болей тон збожжа, а прадстаўнік СУП “АграМАЗ” Аляксей Цэдрык аж 2048 тон збожжа. Не менш “тысячнікаў” сёлета і сярод вадзіцеляў: 21 з іх дасягнуў запаветнага паказчыку. Найбольшы прырост валавога збору збожжа забяспечаны ў ААТ «Багушэвічы», “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, “Першамайскі”, СУП “АграМАЗ”. Самыя высокія паказчыкі па ўраджайнасці — у філіяле “Ома”, СП “Арэшкавічы” і СУП “АграМАЗ”.
Па працы і пашана.Так, першымі дыпломы і грашовыя прэміі пераможцаў штогадовага раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур атрымліваюць кіраўнікі філіяла “Ома”, СУП “АграМАЗ” і СУП “Здравушка–агра”, якія занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месцы. На змену ім уздымаюцца на сцэну слаўныя камбайнеры экіпажаў, вадзіцелі на адвозцы збожжа, машыністы зернесушыльных комплексаў. Гучны-мі апладысментамі ўзрываецца аўдыторыя, калі на сцэну запрашаюцца лепшыя аграномы і інжынеры. Ды і не заціхае вясёлая гамана, калі ўшаноўваюцца камбайнеры маладзёжных экіпажаў і маладыя вадзіцелі. Іх сумленная і шчырая праца — лепшы паказ пераемнасці слаўных традыцый бярэзінскіх хлебаробаў.
На гэтым урачыстая цырымонія ўшанавання герояў жніва не скончана. Старшыня Бярэзінскага райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Марына Каўзуновіч уручыла падзякі і прэміі Мінскага абласнога прафсаюза вадзіцелю ААТ “Месціна” Міхаілу Гузоўскаму, вадзіцелю ААТ “Першамайскі” Анатолю Зелянкевічу, трактарысту–машыністу СУП “АграМАЗ” Аляксею Цэдрыку і вадзіцелю ААТ “Брадзец” Мікалаю Собалю.
Самыя цёплыя і сардэчныя віншаванні адрасавалі бярэзінскім хлебаробам старшыня Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Навіцкі, намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Мінскі аўтамабільны завод” Андрэй Зубар і намеснік старшыні Крупскага райвыканкама Мікалай Камека.
Музычныя падарункі для прысутных падрыхтавалі лепшыя артысты Бярэзіншчыны. Ды і высока ацанілі працу хлебаробаў звычайныя бярэзінцы Дапамаглі ім у гэтым работнікі мясцовага хлебазавода, якія спецыяльна да раённага свята падрыхтавалі пакупнікам мноства духмянай і салодкай прадукцыі. Кожны змог набыць тут пірожныя, булачкі, тарты для сваёй сям’і на любы густ. Бачыць вынік сваёй працы — лепшая ўзнагарода хлебаробу.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ и Алены МУРАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *