На Бярэзіншчыне наладзілі лёгкаатлетычны крос у гонар матуль

Напярэдадні Дня маці ў Беразіно наладзілі лёгкаатлетычны крос. Арганізатарам яго выступіла ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, а ўдзельнікамі сталі 176 чалавек, у ліку якіх вучні СШ №2 і пачатковай школы №1 горада, прадстаўнікі гарадскіх арганізацый і ўстаноў.

Пераможцы спартыўнага спаборніцтва

Магчымасць прабегчы дыстанцыю ад галоўнай гарадской плошчы да зоны адпачынку каля штучнага возера па вуліцы Перамогі горада атрымаў кожны жадаючы. Таму ў радах можна было пабачыць людзей самых розных узростаў — ад школьнага да перадпенсійнага, самых розных прафесій, якіх не напалохаў нават моцны кастрычніцкі вецер. Ён не стаў перашкодай для жадаючых умацаваць сваё здароўе матуль і бабуль, ды і дзяцей, якія такім чынам дэманстравалі прыхільнасць да здаровага ладу жыцця.

Традыцыйна першымі з дыстанцыяй справіліся вучні СШ №2. Як роўная з імі прабегла і Валянціна Дзеравянка:

В. Дзеравянка

— Я — медык і калі працоўны графік дазваляе, заўсёды выхадны дзень пачынаю з прабежкі, — расказвае жанчына. — Вось і сёння палюбавалася на хараство восеньскай прыроды, зарадзілася энергіяй і маладосцю і на адным дыханні адолела дыстанцыю. Ура!

У радах асабліва вызначалася вялікая чарада вучняў пачатковай школы пад кіраўніцтвам Мікалая Дубовіка.

— У нашай школе аказалася шмат жадаючых так крэатыўна і арыгінальна адзначыць свята матуль, – зазначае дырэктар установы, бо добрым матулям настрой уздымаюць у свята не толькі вершы і спевы, але і шчаслівыя вочы дзяцей.

Не заўважыла, як справілася з дыстанцыяй і сям’я Вадзіма і Кацярыны Буйніцкіх.

Сям’я Буйніцкіх

— Мы — заўзятыя аматары здаровага ладу жыцця і адпачынку, — гаворыць Кацярына. – Не прапускаем магчымасці прыняць удзел у цікавых раённых акцыях і вельмі засмучаемся, калі яны наладжваюцца ў працоўныя дні. Праўда, на гэты раз сумаваць не давялося і мы з мужам разам адолелі дыстанцыю. Гэта стане мне лепшым падарункам на свята матуль. Хацелася б, каб такіх мерапрыемстваў было як мага больш у нашым горадзе!

Ідэю лёгкаатлетычнага кросу ў гонар матуль падтрымалі работнікі лясгаса, раённай бальніцы, райспажыўтаварыства, аўтапарка №22, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, цэнтральнай бібліятэкі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, школы мастацтваў і інш. А хто ж стаў пераможцам?

Так, пачэсныя дыпломы намеснік дырэктара фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” Кацярына Акуліч уручыла Уладу Раманенку, Паўлу Цішкевічу, Івану Сіманаву, а сярод дарослых — Злаце Грыцкевіч, Вераніцы Бахановіч і Крысціне Маміевай.

Праўда, не толькі яны вярнуліся са святочнага кросу не з пустымі рукамі. На памяць кожны жадаючы атрымаў сімвалічнага дамавічка з заклікам да здаровага ладу жыцця і магутны зарад пазітыву. Захаваць яго ўдзельнікі павінны да наступнага спартыўнага мерапрыемства. Анонс яго шукайце на сайце і старонках раённай газеты.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *