На Бярэзіншчыне прайшоў месячнік літаратурнага краязнаўства “Вялікая літаратура з правінцыйнай прапіскай”

У ходзе месячніка літаратурнага краязнаўства на Бярэзіншчыне “Вялікая літаратура з правінцыйнай прапіскай” пад вясёлыя найгрышы Міхася Папругі працавала арт-гасцёўня “Зямлячкі літаратурнага таленту”.

У фармаце акцыі “Вядомыя бярэзінцы ў сталіцы” мясцовую інтэлігенцыю пазнаёмілі з дзвюма самымі яркімі прадстаўніцамі літаратурнага Алімпа, звязанымі лёсам з бярэзінскім краем. Гэта – кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, былы навуковы супрацоўнік інстытута мовазнаўства АН Беларусі Святлана Лобач і член Саюза пісьменнікаў Беларусі, уладальніца прэміі “Сярэбранае пяро” ў намінацыі “Драматургія” Ала Саскавец.

Імёны па-свойму адметна гучаць у гуллівым шматгалоссі літаратурнага бору. Абедзве – выхадцы са шматдзетных сем’яў, хоць і нарадзіліся ў іншых месцах, у 40-50-ыя гады жылі ў Беразіно і навучаліся ў гарадскіх школах, мелі вялікую жыццёвую геаграфію. Святлана Лобач (у дзявоцтве Харлан) зведала пераезды па месцы прызначэння бацькі – партыйнага работніка, другога сакратара райкама і перажыла сапраўдную Сібірыяду ў гады ваеннай эвакуацыі. Але Саскавец давялося двойчы мяняць месца жыхарства пасля абмежавання ў пражыванні сям’і пасля рэпрэсій бацькі ў 35-ым годзе. Пачаталі літаратурную творчасць абедзве жанчыны пачыналі ў Беразіно: Святлана пісала вершы, Ала – п’есы для школьнага драмгуртка, а ўзляцелі на арбіту творчасці ў Мінску. Закончылі філалагічнае аддзяленне БДУ, настаўнічалі, зараз жывуць у сталіцы.

Удзельнікам гасцёўні былі прадстаўлены фотавернісаж “Горад помніць іх такімі: партрэты бэзавай маладосці” і выстава кніжных выданняў і часопісных публікацый ганаровых зямлячак “Жаночы свет у люстэрку прозы”. Арт-прэзентацыя “Зямлячкі з літаратурнага Парнаса” ўключала цікавы экскурс па старонках біяграфій пісьменніц і монатэатралізацыю самых яркіх сюжэтаў іх твораў. Ажылі старонкі кнігі С. Лобач “Птушкі п’юць журавіны”, навел “Знайдзі сябе”, “Затрымацца на гэтым свеце” і аповесць “Маці Божая, адвядзі ад вайны”, што дазволіла слухачам атрымаць асалоду ад майстэрства прыгожага пісьменства.

Жывую цікавасць удзельнікаў гасцёўні выклікала новая кніга С. Саскавец “У водары жыцця”, некалькі экзэмпляраў якой аўтарка падарыла раённай бібліятэцы. Гэта кніга – споведзь пісьменніцы перад чытачамі, своеасаблівы эксклюзіў, 400 старонак чыстага задавальнення. Сапраўднае ўпрыгажэнне выдання — аповесць “Жизнь как река”, поўная дакументальнай асновы, ўзмоцненая вобразным падсветам падзей, у міжрадкоўях якой чытаецца біяграфія аўтаркі і старонкі бярэзінскага побыту 40-50-ых гадоў. Тэатр аднаго акцёра прадставіў яе монап’есы “Аазіс”, “Ружа ў абмен”, «Лучик света», у якіх ёсць месца жарту і філасофскаму роздуму, а таксама апавяданне “Палінчына лялька”. Такім чынам атрымалася скласці ўсе вобразы і здзейсніць вандроўку душы па маршруце, адзначаным удумлівай, нераўнадушнай, назіральнай пісьменніцай.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *