На Бярэзіншчыне стартавала акцыя “Наш жывёлавод”

У апошнія дні адыходзячага года на Бярэзіншчыне ў каторы раз стартавала традыцыйная ўжо прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод” па ўшанаванні работнікаў ферм. Першай гаспадаркай, якая прымала эстафету сустрэч з жывёлаводамі, стала ААТ “Месціна”. Менавіта сюды і накіравалася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч, каб у каторы раз выказаць шчырыя словы падзякі за старанную працу ўладальнікам вялікага малака і высокіх прыбаўленняў у вазе. Разам з ёй да работнікаў ферм прыбылі таксама кіраўнік ААТ “Месціна” А. Клімянкоў і старшыня прафсаюзнага камітэта А. Осіпава. Завіталі не з пустымі рукамі, а ў дадатак да салодкіх падарункаў ад райкама прафсаюза прывезлі сувеніры кожнаму працаўніку гэтай важнай галіны гаспадаркі.

— Сялібская зямля — святая зямля, — падкрэсліў у час сустрэчы кіраўнік гаспадаркі А. Клімянкоў, — а людзі, што працуюць на ёй і ствараюць дабрабыт усяго калектыву, таксама святыя. Таму шчыры ўсім дзякуй за намаганні і працу, за тое, што мы з ростам да леташняга завяршаем адыходзячы год і маем добрую перспектыву не здаваць узятыя тэмпы. За той час, што ўзначальваю калектыў гаспадаркі, я пераканаўся, што агульнымі намаганнямі мы можам ажыццявіць многае. А значыць, наперадзе ў нас толькі перамогі і поспехі. Па-іншаму нам проста нельга.

У час сустрэч з работнікамі жывёлагадоўлі на ўсіх трох фермах гаспадаркі ўзнімаліся надзённыя пытанні развіцця сельгаспрадпрыемства, адзначаліся са станоўчага боку тыя перамены да лепшага, што адбыліся тут у апошні час, а таксама былі агучаны перспектывы развіцця галіны.

У бліжэйшы час акцыя “Наш жывёлавод” пройдзе ва ўсіх гаспадарках раёна.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *