На памяць — ключы, або Чым запомніцца бярэзінцам сёлетняе свята Дня Незалежнасці?

Па-асабліваму ўрачыста прайшло сёлетняе свята Дня Незалежнасці для 38 мнагадзетных бярэзінскіх сем’яў. У многіх з іх у гэты дзень збылася запаветная мара, бо атрымалі ў падарунак камфортнае і ўтульнае ўласнае жыллё. Ганарова і прыемна, што першым павіншаваў навасёлаў і ўручыў ключы ад кватэр у новым шматпавярховым доме па вуліцы Кастрычніцкай горада губернатар вобласці Аляксандр Турчын.

— Сёння — вялікае свята ў нашай краіне — Дзень Незалежнасці. Удвая прыемна ў такі дзень уручаць ключы ад кватэр шматдзетным сем’ям. Усе бацькі жадаюць, каб іх дзеці былі паспяховымі, каб у іх у жыцці ўсё атрымалася. Вядома ж, для гэтага патрэбны здароўе, адукацыя, запатрабаваная прафесія. Немалаважную ролю адыгрывае і наяўнасць уласнага жылля. Разумеючы гэта, дзяржава няўхільна выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы, каб аказаць падтрымку сваім грамадзянам. У Мінскай вобласці, як і ў Беларусі ў цэлым, штогод адкрываюцца вытворчасці, ствараюцца новыя працоўныя месцы, асвойваюцца новыя напрамкі эканомікі, — адзначыў у прывітальным слове да бярэзінцаў Аляксандр Генрыхавіч. — Пры гэтым не застаецца ўбаку і развіццё сацыяльнай сферы. Сёлета па вобласці будзе пабудавана больш за 10 дзіцячых садоў, пачата будаўніцтва трох школ, адкрые дзверы для наведвальнікаў сучасны спартыўны комплекс у Мар’інай Горцы, а ў наступным годзе — дзіцячая паліклініка ў Жодзіна.

Таксама кіраўнік вобласці адзначыў, што да канца года для шматдзетных сем’яў Міншчыны будзе пабудавана яшчэ каля 2 тысяч кватэр.

Аляксандр Турчын павіншаваў бярэзінцаў з Днём Незалежнасці і наваселлем і ўручыў ключы ад кватэр будучым навасельцам. Пасля гэтага шчаслівыя бацькі з дзецьмі наведалі свае новыя кватэры і пазнаёміліся з жыллёвымі ўмовамі.

У сям’і Аляксея і Вольгі Шуппо трое дзяцей. Сёння ў іх нарэшце з’явілася свая 2-пакаёвая кватэра. Навасельцы падзяліліся эмоцыямі:

— Нават не чакалі, што атрымаем кватэру так хутка. Прыемна, што ключы ад жылля нам і іншым сем’ям асабіста ўручыў кіраўнік вобласці. Няпроста перадаць эмоцыі словамі, бо свая кватэра — вялікая радасць. Сёння ажыццявілася наша мара.

— Дзеці — гэта будучыня такіх рэгіёнаў, як Беразіно. Маленькія грамадзяне прымуць эстафету ў нас і будуць далей развіваць і мацаваць нашу незалежную краіну. Таму дзяржава ўсебакова падтрымлівае шматдзетныя сем’і, у тым ліку і прадастаўляючы жыллё дадзенай катэгорыі грамадзян, — адзначаў Аляксандр Турчын у інтэрв’ю журналістам. — Упэўнены, значную ролю адыгрывае і індывідуальнае будаўніцтва. Што можа быць лепш, чым гадаваць і выхоўваць дзяцей на роднай зямлі ва ўласным доме!

У памятны дзень кіраўнік цэнтральнага рэгіёна Аляксандр Турчын таксама ўсклаў кветкі ў цэнтральным скверы горада Беразіно. Тут знаходзіцца брацкая магіла, у якой пахаваны 117 воінаў-вызваліцеляў бярэзінскай зямлі. Ва ўрачыстай цырымоніі ўшанавання памяці загінуўшых таксама прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Кручанаў, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Аляксандр Ільясевіч, старшыня Бярэзінскага райвыканкама Аляксандр Бабічаў, прадстаўнікі ветэранскіх і грамадскіх арганізацый.

Алена МУРАЧ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *