На што бярэзінцы гатовыя дзеля кахання?

Упэўнена, 14 лютага многія адзначалі самае рамантычнае свята – Дзень усіх закаханых, Дзень Святога Валянціна. Хтосьці арганізаваў сваёй другой палове сюрпрыз — падарунак, кветкі, незвычайнае падарожжа, магчыма, зрабіў прапанову рукі і сэрца, праспяваў серэнаду … А, магчыма, проста закаханыя адзначылі гэтае свята разам, прыгатавалі вячэру, паглядзелі цікавы фільм… Зрабілі ўсё, каб яшчэ раз пераканаць другую палову ў сваіх моцных пачуццях. Іншы раз здзіўляешся, на што людзі гатовыя дзеля каханых: змяніць месца жыхарства і працы, увогуле, змяніць усё жыццё…
Сёння мы вырашылі пацікавіцца ў бярэзінцаў, на што яны гатовыя дзеля кахання?

Крысціна і Сяргей БАХМЕТАВЫ, жыхары Беразіно:


Крысціна:
— Ведаеце, я нарадзілася 14 лютага. Таму, вядома ж, рамантычная асоба. Люблю здзіўляць любімага мужа. Рамантычныя сняданкі, вячэры… Часта арганізую сумесныя вылазкі на прыроду: лес, свежае паветра, цішыня, смачныя шашлыкі… Разам мы гадуем сыночка, які зараз служыць у арміі. А марым пра прыгажуню-дачушку.
Сяргей:
— Мне з Крысцінай ніколі не бывае сумна — у яе няўрымслівы характар. Яна часта робіць мне сюрпрызы, таму і я імкнуся не адставаць. Арганізую рамантычныя вячэры. Раніцай, калі дазваляе час, гатую каву. Усе дамашнія справы выконваем разам. У мяне самая прыгожая, разумная жонка, якую я вельмі кахаю і аберагаю!

Барыс БАРЫСЕНКА, жыхар аграгарадка Паплавы:


— Галоўнае, каб любая жонка, з якой мы разам ужо каля 40 гадоў, была шчаслівай. Для гэтага раблю ўсё магчымае. Ва ўсім дапамагаю. Заўсёды віншую, здзіўляю сюрпрызамі і да 8 Сакавіка, дня нараджэння, вядома ж, 14 лютага, ды і проста так, без дай прычыны.

Аксана ЦІСЕЦКАЯ, загадчыца сельскага Дома культуры-бібліятэкі:


— Мы з мужам разам ужо 29 гадоў. У нас 2 дзетак і трое ўнукаў. На якія неверагодныя ўчынкі гатова дзеля любові? Дзеля любові да ўнукаў гатова на ўсё. Яны — наша галоўнае шчасце, багацце, радасць. Для іх дабрабыту мы жывём і працуем.

Зоя ПЛЯТНЁВА, паштальён:

— У жыцці было шмат рамантычных, неверагодных учынкаў дзеля каханага мужа, з якім мы разам 26 гадоў. У нас 7 дзяцей і 9 унукаў. Мы рамантычныя асобы і любім здзіўляць адзін аднаго сюрпрызамі і да свят, і проста так. Муж часта дорыць мне кветкі, гатуе ранкам каву. Памятаю, ён вельмі хацеў сабе электрагітару. Я сабрала грошы і купіла. Люблю і я здзіўляць яго.

Марына КАЎЗУНОВІЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу:


— Ведаеце, на мой погляд, любіць – гэта значыць, жыць жыццём таго, каго любіш. Таму дзеля сваіх родных, блізкіх я гатова на ўсё. Раздзяліць з імі шчаслівыя моманты і падтрымаць у цяжкія, падказаць, дапамагчы.

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *