На выбары — з роднай газетай!

У Ніны Федаровіч — у панядзелак юбілей, а ў надзелю, 9 жніўня, яна з самай раніцы, прыгожа апранутая, з шыкоўнай прычоскай і на вялікіх абцасах, спяшалася на выбарчы ўчастак у Бярэзінскую гімназію. Як добрую знаёмую сустракалі яе тут члены выбарчай камісіі.         

 — Магла б на пенсіі прыйсці прагаласаваць і раней, бо я вельмі адказна і сур’ёзна стаўлюся да свайго грамадзянскага абавязку, — гаворыць Ніна Бенікаўна, —  але прынцыпова раблю свой выбар у асноўны дзень галасавання. Дзень выбараў для мяне асаблівы, бо я сустракаю ў горадзе сяброў і знаёмых, большасць з якіх героі маіх шматлікіх публікацый у раённай газеце, гэта —  шматдзетныя сем’і, працавітыя работнікі і людзі залатога ўзросту, якія будуюць сваё ўласнае шчасце ў нашай дзяржаве. Я шчыра радуюся іх поспехам і дасягненням, а добры настрой і веру ў лепшае імкнуся падтрымліваць сваімі вершамі, якія цяпер размяшчаю ў сацыяльных сетках.

Ды і не забылася Ніна Федаровіч узяць з сабой на выбары  свежы выпуск раённай газеты.

 — Я шмат гадоў адпрацавала адказным сакратаром у рэдакцыі, — тлумачыць жанчына, — таму добра ведаю,  што дзень выбараў не толькі свята, але і напружаны час работы журналістаў, якія пільна сочаць за сітуацыяй і першымі імкнуцца асвяціць ход выбараў. Таму я падтрымліваю сваіх калег і заклікаю ўсіх давяраць іх праверанай і прафесійна пададзенай інфармацыі.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *