Наглядныя прыклады дзіцячага траўматызму ў паўсядзённым жыцці і шляхі іх папярэджання ад спецыяліста Бярэзінскай ЦРБ

З 12 па 21 жніўня ў Бярэзінскім раёне праводзілася абласная дэкада па прафілактыцы траўміравання і гібелі падлеткаў ад знешніх прычын “Дзеці і бяспека!”.

Галоўная задача – яшчэ раз нагадаць бацькам, хлопчыкам і дзяўчынкам правілы бяспечных паводзін.
На жаль, за 7 месяцаў бягучага года 16 падлеткаў (аналагічны перыяд мінулага года – 26) атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, ім была аказана медыцынская дапамога ў Бярэзінскай ЦРБ. Традыцыйна ў агульнай колькасці траўм першае месца займаюць бытавыя, на другім –  так званыя “вулічныя”.
Заўважана, што праблема траўміравання дзяцей мае сезонны характар. Найбольш актуальная, вядома ж, у канікулярны перыяд, калі ў дзяцей велізарная колькасць вольнага часу. Таму, паважаныя бацькі, зараз звяртаюся да вас. Ёсць такая методыка, як заўважыць “небяспечныя” рэчы для дзетак. Неабходна ў пакоі прысесці на калені, так вы становіцеся прыблізна росту дзіцяці. Паглядзець, магчыма, дзесьці шнур ад электрапрыбора, стаіць прас, ляжыць
хатняя аптэчка, відэльцы, нажы ў даступных месцах…

– “Традыцыйная” траўма – апёкі кіпнем. Да прыкладу, звычайны вечар, матуля наліла сабе кавы ў кубак. Тут штосьці адцягнула яе ўвагу. Паставіла кубак на край стала. Побач знаходзіўся маленькі сын. Пацягнуў на сябе кубак з кавай…
– Матуля заварыла сабе каву. Узяла на рукі сына. Адной рукой трымала кубак з кіпнем. Немаўля пачало плакаць і… разліло на сябе каву…
– Бацькі пакінулі ў даступным для немаўляці месцы градуснік. Дзяўчынка 2017 года нараджэння адкусіла кавалачак ад яго.
– Хатняя аптэчка знаходзілася ў даступным месцы для дзяцей. Апошнія дасталі таблеткі ў яркіх абгортках. Паспрабавалі…
– У стане комы нявызначанага генэзу ў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі райбальніцы паступіла дзяўчынка 2015 года нараджэння. Як пасля высветлілася, у яе – атручванне таблеткамі. Хутчэй за ўсё, матуля пераблытала лекі, замест патрэбнай таблеткі дала дзяўчынцы іншую.
– У гэтым годзе адбыліся два пажары з-за свавольства дзяцей. Дзеці бегалі, скакалі па цюках саломы. У нейкі момант яны вырашылі падпаліць цюкі.
– Хлопчык узяў хімічны сродак для прачысткі каналізацыйных труб. Закруціў яго ў харчовую плёнку. Некаторы час трос… Сумесь узарвалася. Як вынік – хімічны апёк абодвух вачэй.
– Школьнікі гулялі. Змайстравалі “цацку” – “рагатку” з рызінкі для валасоў. Расцягнулі яе. Хацелі штосьці прымацаваць. Рызінка адскочыла і адзін з дзяцей атрымаў траўму вока.

Зразумела, немагчыма штохвілінна сачыць за дзецьмі. Але неабходна стварыць для іх бяспечныя ўмовы. Схаваць таблеткі, асабліва ў яркіх абгортках, якія так і хочацца паспрабаваць маленькім гарэзам. Не захоўваць у даступных месцах хімічныя сродкі. Асабліва быць пільнымі на кухні, дзе столькі небяспечных “ворагаў”: не пакідаць чайнікі, кубкі з кіпнем без нагляду, хаваць вострыя прадметы. Іншы раз страшна становіцца, колькі немаўлятак выпадае з вокнаў. Будзьце пільнымі, не пакідайце адчыненымі іх, лепш паставіць на вокны спецыяльныя замкі, выкруціць ручкі. Многія ўсталёўваюць маскітныя сеткі і думаюць, што яны выратуюць дзіця ад падзення. На жаль, гэта далёка не так: маскітная сетка не можа вытрымаць цяжар дзіцяці.
Думаю, усім добра вядомы выраз “Не пакідайце дзяцей адных!” На жаль, іншы раз здараецца так, што мы прыязджаем у дом, дзе дзіця атрымала траўму. Бацькі дзіву даюцца, як так, яны ж дома: і тата, і матуля, і нават бабуля. Маленькіх дзетак нельга выпускаць з поля зроку. Яны штохвілінна могуць прыдумаць для сябе небяспечную забаву.
Таксама нагадаем, што немаўляткі павінны спаць у сваім ложку, а ні ў якім разе не з бацькамі. Карміць дзетак неабходна згодна з узростам.
Паважаныя бацькі, памятайце, вы ў першую чаргу адказваеце за бяспеку сваіх “кветак жыцця”. Стварыце для іх бяспечныя ўмовы! Не рызыкуйце іх здароўем і жыццём! Калі ў вас ёсць пытанні наконт стварэння бяспекі для дзетак, метадаў іх выхавання, калі ласка, звяртайцеся па тэлефоне 5-22-97.

Надзея АНДРОЦКАЯ,
раённы педыятр.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *