Нам і сёння баліць. Крывавыя сёстры Хатыні — Баравіно і Краснае

За тры гады акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі правялі больш за 140 карных аперацый. Было знішчана больш за 5454 населеныя пункты, у тым ліку 630 спалены разам з жыхарамі, з якіх 325 так і не адрадзіліся і ў наш час. Загінула 1409225 мірных жыхароў. У гэтым жудасным спісе ёсць 43 вёсачкі Бярэзінскага раёна, з якіх 9 былі цалкам знішчаны фашыстамі. Вяскоўцы, якім пашчасціла застацца ў жывых, перажыць нечалавечую трагедыю, засведчылі страшную праўду аб тых падзеях для сваіх нашчадкаў.

Ад родных застаўся грудок попелу

Так, у вёсцы Баравіно 28 лістапада 1942 года эсэсаўскі батальён пад камандаваннем Дырлевангера ўчыніў жорсткую расправу — знішчыў 208 жыхароў і спаліў 76 двароў.

Над вёскай Баравіно ў памяць аб 208 жыхарах, па–зверску замучаных і спаленых, аб воінах, загінуўшых за Радзіму, узвышаецца помнік. Гэта скульптура жанчыны — маці, — дачкі, — жонкі, смуткуючай, але непахіснай і непераможнай. Яна суровы напамін усім нашым ворагам

— Ужо добра змяркалася, калі я намерылася з іншымі выправіцца ў вёску, — успамінае Вольга Мазаева. — Толькі выйшлі на ўзлесак — і жахнуліся: з боку вёскі пачуліся глухія стрэлы, пачалі займацца агнём хаты. Убачылі, як у бок лесу бягуць, уцякаюць людзі: па іх стралялі, многія падалі. Страшна мне стала: там жа ў вёсцы засталася свякруха з маім маленькім Ванечкам…
Назаўсёды ўрэзаўся той жудасны лістападаўскі дзень і ў памяць Віктара Мілько:
— К вечару агонь крыху асеў. Баравін-цы, якія папрыходзілі з лесу, і жыхары Белічан, што паспяшаліся на дапамогу, пачалі хадзіць па агародах, кустах: можа хто ўратаваўся ці паранены дзе ляжыць. Хутка ўдалося падабраць дзвюх параненых дзяўчынак. Пашчасціла вырвацца і яшчэ некалькім хлопцам. Астатнія, 207 чалавек, галоўным чынам старыя, жанчыны і дзеці, загінулі, згарэлі. Іх астанкі затым сабралі на пажарышчах, пахавалі ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі.
Цудам засталася жывой Ніна Арлова. На той час ёй было сем–восем гадоў. Хоць і параненая, яна пазбегла смерці. Яе матуля, дзядуля і сястрычка загінулі.
— Мы з матуляй стаялі ў адным канцы пакоя, а дзядуля — у другім, — расказвала яна, — а калі кат пачаў наводзіць на нас аўтамат, я падумала, што як заб’е маму і Люсю, то яны паваляцца на мяне і мне будзе цяжка ляжаць. Таму вырашыла перабегчы пакой і стаць побач з дзядулем. Я сарвалася з месца і пабегла. А ў гэты момант фашыст пачаў страляць. Я павалілася. Колькі ляжала, не памятаю. Пазней пачуліся чыесьці крыкі, я хуценька лягла на сваё месца і прытварылася нежывой. У хату зайшоў той самы фашыст, што забіваў. Прынёсшы ахапак саломы, ён паклаў яе на падлозе і абліў нечым. Потым гэтай жа вадкасцю абліў сцены. Затым садраў з пасцелі лепшыя коўдры, згроб іх пад паху, падпаліў салому і пайшоў. Я не ведала, што рабіць: у хаце агонь разгараецца, на дварэ чутны крыкі гітлераўцаў, выстралы раздаюцца. Але тут я страціла прытомнасць. Як крыху ачуняла, пабегла ў напрамку, дзе павінны быць дзверы. Дым выядаў вочы, драў у горле. Вобмацкам знайшла дзверы, напілася вады ў другім пакоі, узяла кошку і выбегла ў двор.
Праз некалькі дзён малая Ніна з дзядзькам прыйшла да месца, дзе быў яе дом. Ад родных застаўся толькі грудок попелу. На суседнім двары дзяўчынка ўбачыла абгарэлае цела цёткі Зіны.

Не зарастае сцежка да помніка, які размясціўся паблізу дарогі. Сюды прыходзяць у святочныя дні баравінцы, часта спыняюцца падарожныя, чый маршрут ляжыць праз гераічную вёску. Яны няспешна ідуць да помніка, ускладваюць кветкі і нізка схіляюць галовы перад подзвігам загінуўшых

Па кім шуміць стары парк?

14 кастрычніка 1942 года ў вёску Краснае Дзмітравіцкага сельскага Савета ўварваўся карны батальён Дзерлівангера. Спачатку жыхароў сабралі на допыт: цікавіліся, дзе партызаны, хто з жыхароў ім дапамагае. Чатыры сям’і, а гэта 23 чалавекі, былі выдадзены фашыстам і расстраляны. Праз некалькі дзён немцы зноў апынуліся ў вёсцы. Вяскоўцаў забівалі прама ў хатах, якія пасля падпальвалі. Тады вёска была поўнасцю знішчана. Загінула 86 яе жыхароў.
З сям’і Пятра Крачкоўскага цудам засталіся ў жывых 9-гадовы сын Альфрэд і дачка Лілія. Калі ў іх дом прыйшлі фашысты і забралі бацьку, хлопчык непрыкметна выскачыў з хаты і пабег да сваёй цёткі Яніны. Там ён і жанчына Настасся схаваліся за шафу. Як хата стала поўніцца дымам, яны кінуліся ўцякаць у лес. Фашысты іх заўважылі і пачалі страляць. Настассю забілі, а Альфрэд паваліўся побач, каб трапіць пад яе змярцвелае цела.

У вёсцы Краснае званы па хатыньскай трагедыі не звіняць, замест іх нязвыклую цішыню парушае шапаценне самотных бяроз. Яны, як быццам вартавыя, ахоўваюць спакой забітых і пахаваных тут людзей. На помніку подпіс: “Прохожий! Склони голову в память о 86 расстрелянных и сожженых 86 мирных граждан в д. Красное немецко–фашистскими захватчиками в 1942 году”

Пашчасціла застацца ў жывых і Надзеі Крыварот:
— Нас у той дзень дома было чацвёра: маці, два браты і я. Немец выбіў акно, выстраліў. Маці ўпала. Потым былі забіты браты. Я сядзела на ложку. Першая куля прайшла міма. Фашыст выстраліў другі раз, але прамахнуўся. Ад страху я ўпала на падлогу. Эсэсавец зайшоў у хату, рассыпаў пер’е з падушак, падпаліў і пайшоў. Я хацела ўцячы, але пачула крокі. Гэта карнік зноў вярнуўся, запаліў шпалеры і знік. Хутка ўсю хату ахапіла полымя. Я выбегла на двор і схавалася на агародзе.
Сведкам той крывавай трагедыі стала і Амілія Дудко. Калі фашыст уварваўся ў хату, маленькая дзяўчынка абняла маці. Раздаўся выбух. Жанчына ўпала на падлогу, а дзяўчынка аказалася пад ёю. З палаючай хаты яна выбралася праз акно.
Са слоў матулі расказвае пра той жудасны дзень і Ніна Пышная:
— Праз тыдзень пасля расстрэлу партызан у вёсцы з’явіўся карны атрад. У гэты ж час і партызаны прыйшлі ў вёску за хлебам і знаходзіліся ў крайняй хаце. Наперадзе карнікаў ехала разведка на матацыклах. Партызаны адкрылі агонь і забілі двух матацыклістаў. Немцы акружылі вёску, сабралі ўсіх мужчын, паставілі ў адну шарэнгу і расстралялі, жанчын і дзяцей забівалі ў хатах, а затым падпальвалі.
Рэшткі згарэўшых людзей пахавалі жыхары суседніх Міхеевіч. У Красным на месцы расстрэлу стаіць помнік і пасаджаны парк.

Мінаюць гады: усё вышэй і вышэй уздымаюцца ўверх бярозы. Яны — сімвал памяці подзвігу мясцовых людзей і іх гераізму. Помнік спаленым жыхарам вёскі Краснае ўстаноўлены ў 1965 годзе… Яго выгляд не мяняецца шмат гадоў, затое мацнеюць, як памяць людзей, бярозы

Матэрыял падрыхтаваны
паводле інфармацыйнага даведніка
Бярэзінскай ЦБС “Выпрабаваныя агнём».
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *