Нас яшчэ памятаюць у Кандагары. Рэальная гісторыя ад Ігара Гамезы

Ігар Гамеза (у цэнтры) з баявымі таварышамі Мікалаем Гамеза і Леанідам Анцыпавым. Здымак зроблены ў 2009 годзе.

— Я прыбыў у Афганістан у 1987 годзе, калі ўжо быў іншы настрой у грамадстве. Тады толькі пачалі гаварыць пра тое, што ідзе вайна. Да гэтага часу і казалі, і пісалі вельмі сціпла, амаль не было інфармацыі аб баявых дзеяннях. Тое, што мы там ваюем, стала адкрыццём для ўсяго савецкага народа, хоць вайна доўжылася з 1979 года, — успамінае Ігар Гамеза.

Баявыя дзеянні на тэрыторыі Афганістана вяліся ўвесь час, і з вывадам савецкіх войскаў гэтая вайна не толькі не спынілася, але яшчэ больш разгарэлася.

— Тыя сілы, якія рыхтаваліся супраць савецкіх войскаў, прыйшлі ў Афганістан і ўстанавілі сваю ўладу. Гэта так званыя талібы. І толькі тады ўвесь свет загаварыў пра тэрарызм, — адзначыў Ігар Васільевіч.

У Афганістане ваявалі каля 28 тысяч беларусаў, з іх, па афіцыйных дадзеных, не вярнуўся 771 чалавек. Аднак гэта толькі тыя, хто быў дастаўлены з чужыны на “чорных цюльпанах” у цынкавых трунах і пахаваны на тэрыторыі Беларусі. У ліку іх і нашы землякі — Сяргей Карканіца з аграгарадка Асмолаўка і Уладзімір Шумскі з аграгарадка Уша. 771 імя выбіта на помніку на Востраве смутку ў Мінску, які часта называюць Востравам матчыных слёз.

— Аднак, каб уявіць рэальныя маштабы тых падзей, трэба разумець, што гэтыя лічбы недакладныя, многія беларусы яшчэ пахаваны ў Расіі, у іншых рэспубліках, прапалі без вестак, — дадаў воін-афганец. — Няпроста складвалася жыццё і ў пасляваенны час, бо не стала Савецкага Саюза і надышлі цяжкія часы перабудовы. Нашы таварышы, якія прайшлі праз афганскае “пекла”, не раз чулі папрокі ў свой адрас, маўляў, вас туды не пасылалі. Яно так, служыць на чужыну мы ішлі па загадзе, а вось свой воінскі доўг выконвалі дастойна і не заплямілі гонар савецкага воіна-вызваліцеля, бо не толькі наводзілі парадак з кулямётамі ў руках, але і шмат будавалі і стваралі для мірных жыхароў.

Усведамленне падзей той вайны адбылося ў грамадстве паступова, і шмат у чым дзякуючы таму, пра што гаварыў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы помнік на Востраве смутку ў Мінску.

— Тады Прэзідэнт паабяцаў, што ні адзін беларускі салдат не будзе ваяваць на іншай тэрыторыі і ні ў якіх канфліктах не будзе браць удзел. Гэта дарагога каштуе, — зазначае Ігар Васільевіч.

— Забыць падзеі службы і армейскіх сяброў немагчыма, — заўважае Ігар Васільевіч, — асабліва, калі кожны год 15 лютага па розных каналах паказваюць гістарычнае відэа пра вывад войскаў з Афганістана. На пярэднім плане салдат на баявой машыне са зброяй, які ўсміхаецца, – гэта я!

Даведка ад “БП”
Ігар Васільевіч Гамеза нарадзіўся ў 1969 годзе. Скончыў тагачасную сярэднюю школу №1.
Пасля прызыву ў рады Савецкай Арміі быў накіраваны ў дэсантныя войскі асаблівага прызначэння. Пачынаў службу ў горадзе Чырыке каля Ташкента, затым — у складзе абмежаванага кантынгенту ў Афганістане ў горадзе Кандагар. Служыў да самага вываду войскаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *