Наша гісторыя . Каралева трактара

Механізатары ў пашане ў сельскагаспадарчай вытворчасці, без перабольшвання – першыя людзі на вёсцы. Прафесія механізатара традыцыйна лічыцца мужчынскай. Аднак у ёй ёсць і жаночы след. Як у народзе кажуць: пол прыгожы да ўсялякай справы гожы.

Паказальна, што і на Бярэзіншчыне былі жанчыны са спецыяльнасцю трактарыстак. Іх імёны трывала ўвайшлі ў гісторыю раёна. Гэта перш-наперш Таццяна Захожая з аг. Пагост і ўраджэнка Магілёўшчыны Людміла Краўцова. Сяброўства з трактарам доўжыцца ўсё жыццё. А вось хто з бярэзінскіх дзяўчат адной з першых, яшчэ ў даваенны час, асядлаў “жалезнага каня”?

У 30-ыя гады ХХ стагоддзя на ўсю моц у краіне грымеў заклік “Жанчыны, на трактар!”. Прыкладам была арганізатар жаночай трактарнай брыгады, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Паша Ангеліна, у гонар якой у 1973 г. Міністэрствам сельскай гаспадаркі СССР і ЦК прафсаюзаў быў зацверджаны Усесаюзны прыз працоўнай славы з барэльефам праслаўленай трактарысткі. Штогод у СССР прысуджвалі 30 такіх прызоў для ўшанавання перадавых жанчын-механізатараў, пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва.

У той даваенны час сельскагаспадарчы трактар асвоіла вясковая дзяўчына з вёскі Журоўка, 1920 г. нараджэння — Вольга Бандарчык (у замужжы Палігенька). Яна была старэйшай у сям’і, дзе выхоўваліся яшчэ тры хлопчыкі. Сям’я вяла аднаасобную гаспадарку: мела сваю зямлю, каня, дзве каровы, пчол. Аднак, калі дзяўчынцы не было і 10 гадоў, застрэлілі бацьку Марка Антонавіча і матуля ўступіла ў мясцовы калгас “Чырвоны перадавік”.

Вольга закончыла тры класы Журоўскай і два класы Пагосцкай школ і пакінула вучобу: дома трэба было дапамагаць па гаспадарцы. Матуля, Ганна Іосіфаўна, гатавала ежу для механізатараў Бярэзінскай машыннатрактарнай станцыі (МТС), яка яна той час прадастаўляла тэхнічныя паслугі гаспадаркам раёна. Век машынны толькі набіраў абароты, на трактары вяскоўцы глядзелі, як на нейкі незвычайны цуд, здольны замяніць коней. А калі машынай кіравала жанчына, то было гэта цудам удвая!

Узорам для В. Бандарчык стала дзяўчына-трактарыстка Таццяна (прозвішча яе, на жаль, невядома). Вольга ўбачыла яе на трактары і загарэлася жаданнем пракаціцца на дзіўнай машыне. Трактары тады былі поўнасцю металічнымі, нават сядзенне, а на колах замест гумавых шын былі жалезныя грунтазачэпы для раллі. Простая па сваім тэхнічным абсталяванні машына працавала на газе і мела магутнасць у 31,5 конскіх сіл. Трактары былі без кабіны. Кіраваць машынай жаночым рукам было няпроста, аднак, калі Вольга села за рычагі калёснага трактара, ёй гэта так спадабалася, што яна цвёрда вырашыла стаць трактарысткай. Спрабуючы мару на трываласць, дзяўчына прыйшла ў Бярэзінскую МТС (дзейнічала ў Пагосце з красавіка 1934 г.), правучылася 3 месяцы, паспяхова здала экзамены. Мара ажыццявілася! 17-гадовую Вольгу прызначылі на трактар напарніцай да Сямёна Ермаловіча. Ён быў адкрыты, добразычлівы, дзяліўся ведамі са сваёй вучаніцай. Кемлівая дзяўчына хутка схоплівала механізатарскія прамудрасці і праз які час стала знакамітай ва ўсім наваколлі.

Праз некаторы час беларуская дзяўчына апынулася за 3 кіламетры ад Еўпаторыі ў дзявочай трактарнай брыгадзе, затым працавала на калёсным і гусенічным трактарах. Звязала лёс з маладым сімпатычным трактарыстам з Украіны Рыгорам Палігенькам… Але працоўнае і сямейнае шчасце абарвала вайна: зямлю аралі не плугі, а танкі.

Вяртанне да мірнай працы было доўгім і пакутлівым: канцлагеры ў Аўстрыі і Венгрыі, страта мужа на фронце, засуха і голад на Украіне, вяртанне да матулі ў Журоўку…

Тэхнічны век усё больш трывала ўваходзіў у калгасны быт. Вользе прапанавалі перасесці на невядомы яшчэ ў калгасе зернеўборачны камбайн (збожжа ў той час жалі ўручную – сярпамі). Зямлячка адправілася на курсы і ў Смілавічах за кароткі тэрмін авалодала складанай тэхнікай. Шчыравала ў Бярэзінскай МТС за штурвалам новенькага агрэгата.

Калі пачалася цалінная эпапея, бярэзінская жанчына-механізатар працавала ў Казахстане. Пасля вяртання на Бярэзіншчыну ветэран працы Вольга Палігенька жыла ў Вяшэўцы. Называла вёску сваёй калгаснай Бразіліяй і бясконца любіла зямельку-матухну.

Для ўсіх нас, хто жыве і працуе на бярэзінскай зямлі, нашы жанчыны-механізатары – яркі прыклад высокага служэння абранай справе, шчырай адданасці роднай зямлі і вёсцы.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
загадчыца аддзела маркетынгу Бярэзінскай раённай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *