“Настаўнік года Бярэзінскага раёна – 2019” – Надзея Міхалёва!

Пачэсныя пуцёўкі на абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Беларусі” атрымалі 7 педагогаў Бярэзіншчыны

Яны былі выбраны ў ходзе раённага этапу мерапрыемства, які прайшоў напрыканцы мінулага года ва ўсіх установах адукацыі і складаўся з некалькіх тураў. У першым завочным бралі ўдзел 47 настаўнікаў і выхавальнікаў, якія прадставілі журы апісанне свайго вопыту і відэазапіс урока. З іх у другі тур выйшлі 16 педагогаў, ад якіх патрабавалася правесці ўрок у незнаёмым класе і наладзіць майстар-клас для педагагічных работнікаў.
Рашэннем журы на падставе вынікаў выпрабаванняў былі вызначаны ўдзельнікі заключнага трэцяга тура раённага конкурсу ў наступных намінацыях — “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”; “Замежная мова”; “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”, “Пачатковыя класы”, “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”, “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Тут канкурсанты выканалі яшчэ шэраг заданняў: наладзілі творчую самапрэзентацыю, публічнае прадстаўленне назапашанага вопыту і міні-ўрок на сцэне.
Уладальнік пачэснага педагагічнага тытула вызначыўся па найбольшай суме балаў, а таксама пераможцы ў кожнай намінацыі. Прапануем пазнаёміцца з імі бліжэй…

Урачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу

Надзея Міхалёва, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Беразіно”.
Педагагічнае крэда: кожны вучань таленавіты. Галоўнае – разгледзець і развіць яго талент, надаць вучню ўпэўненасці ў сабе, сваіх сілах і магчымасцях.
Чаму падабаецца працаваць у школе? Для мяне важна, каб справа была творчай. Мне падабаецца шум на перапынках і школьная мітусня. Я – прадаўжальнік сямейных педагагічных традыцый.


Прафесійныя і ўласныя якасці. Галоўны клопат педагога — зразумець свайго вучня, знайсці шлях да яго сэрца і прыняць такім, якім ён ёсць. Дзеля гэтага не стамляюся вучыцца. Стала кіраўніком школьнага прэс-цэнтра, які выпускае газету “Школьная планета”, разам з вучнямі вывучаю камп’ютарную вёрстку і дызайн, асновы журналістыкі.
У чым місія “Настаўніка года”? Быць узорам беларускага настаўніка — прафесіяналам у сваёй справе, творчым, адукаваным, інтэлігентным, які карыстаецца павагай вучняў, бацькоў і сучаснага грамадства.

Працяг чытайце ў нумары 7 газеты за 29 студзеня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *