Наталля Трэццякова: «Я са школы ведала, што буду фельчарам!»

Гераіня майскага праекта «Прызямліцца ці ўзляцець?» Наталля Трэццякова сёння, як кажуць, на перадавой, бо рэальна штодзень дапамагае людзям. Яна працуе фельчарам выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Бярэзінскай ЦРБ. Працоўны стаж дзяўчыны менш за год, аднак пачынаючы медык на маладосць не наракае: не дае волю эмоцыям у экстрэмальных сітуацыях і імкнецца, як роўная, з прафесіяналамі аказваць першую медыцынскую дапамогу хворым.

 У сям’і першай пайшла па медыцынскай сцежцы

— Я мясцовая. Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Новіны, скончыла Паплаўскую сярэднюю школу. У сям’і я першай пайшла па медыцынскіх сцежках. Яшчэ ў час вучобы ў школе выбрала медыцынскую справу. Балазе, выкладала хімію і біялогію вопытны і цікавы педагог Лізавета Ракавец. Дарэчы, дзякуючы яе намаганням, разам са мной паспяхова штурмавалі факультэт “Лячэбная справа” Барысаўскага медыцынскага каледжа яшчэ некалькі паплаўскіх выпускнікоў.
— Аднак ты паступала ў каледж без мэтавага накіравання?
— Яно было мне не патрэбна, бо школу скончыла з сярэднім балам 9,0. Ды і ў вучылішчы ніколі не была ў ліку горшых навучэнцаў. У аддзел кадраў бальніцы пры прыёме на працу я падала дыплом з сярэднім балам 8,6. І не рвалася я моцна ў сталіцу, куды па душы мне родны раён. Тым больш, што тут былі працоўныя месцы ў аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі, а не ў радзільнай зале.
— А для цябе гэта было прынцыпова: працаваць на хуткай, а не ў радзільным аддзяленні?
— Так, бо яшчэ з 11 класа вызначылася, што буду працаваць толькі ў брыгадзе хуткай дапамогі. Я нават па некалькі разоў перагледзела серыялы пра фельчараў, якія спяшаюцца да хворых, рашуча дзейнічаюць у складаных сітуацыях і заўсёды знаходзяць падтрымку ў тых, хто побач (смяецца дзяўчына). Я трызніла прафесіяй фельчара і не раз ўяўляла сябе на месцы ўпадабаных кіношных медыкаў.
— Але ці так гэта аказалася на самой справе?
— На самой справе ўсё далёка не так рамантычна і гераічна. Ды і бывае цяжка не толькі прымаць рашэнне і несці адказнасць, але і фізічна. У школе я не толькі за падручнікамі сядзела, вывучаючы хімію і анатомію, але і заняткі фізічнай культурай і спортам не прапускала, гуляла ў школьнай камандзе па валейболе і баскетболе. Ды і вясковая я: фізічнай працай не напужаеш. Але здараюцца ў нашай працы сітуацыі, калі маёй спартыўнай загартоўкі не хапае, каб з членамі брыгады данесці хворага да машыны. Гэта ў серыялах усе прагнуць дапамагчы ў гэтым фельчару, а ў рэальным жыцці ахвотнікаў мала. Таму клічам на дапамогу выратавальнікаў.
— А ці ўрэзаўся ў тваю памяць выезд на першы выклік?
— Вядома ж, мы з сябрамі і аднакурснікамі паміж сабой перапісваліся і дзяліліся гэтымі ўражаннямі. Большасці з іх выпала выязджаць па скаргах наконт павышанага ціску ў састарэлых людзей, а вось мне адразу — на дарожна-транспартнае здарэнне. У выніку аварыі паблізу вёскі Слабада мужчына атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні. Гэта высветлілася значна пазней, а на месцы пацярпелы не мог назваць нават сваё імя і прозвішча. Тады ў мяне моцна трэсліся каленкі, але нядоўга. Нельга ж было дапусціць, каб чалавек бачыў мой страх і разгубленасць, калі яму і самому дрэнна.
— А што самае цяжкае ў фельчарскай справе?
— Гэта — вялікая адказнасць за жыццё чалавека. Уявіце сабе, пэўная трывога і неспакой не адпускаюць нават пасля змены. Таму я не грэбую парадай вопытных калег і лепш падстрахуюся, асабліва калі сітуацыя тычыцца здароўя дзяцей. Ды і не заўсёды проста бывае выязджаць на 40 выклікаў за змену!
— Сёння, у час пандэміі, на медыкаў звернута значная ўвага. Ці падтрымліваюць у цяжкія моманты родныя?
— Матуля з павагай ставіцца да маёй працы і нічым не абмяжоўвае маю самастойнасць. Ды і малады чалавек заўсёды цікавіцца маімі справамі на працы. Хаця ў свой час быў супраць таго, каб я стала медыкам.
— А ці вядомы табе скаргі маладых на сумнае і шэрае жыццё, адсутнасць рэальных перспектыў развіцця ў малым горадзе?
— Як ні дзіўна, мне гэта зусім невядома. Напэўна таму, што выбрала самую запатрабаваную ў грамадстве прафесію, бо кожны дзень прыносіць новыя выклікі, на якія мы павінны аператыўна рэагаваць. Сітуацыя з пандэміяй таму лепшы доказ.
— А што ў далейшых планах?
— Рэальных планаў пакуль няма. Але бачу сябе толькі медыкам і ніяк не збіраюся здраджваць фельчарскай справе. Не спяшаюся пакуль і пакідаць родны раён, калег і настаўнікаў з аддзялення хуткай дапамогі. У іх мне яшчэ варта шмат вучыцца, каб дасягнуць пэўнага прафесіяналізму ў справе.
— Дык прызямліцца ці ўзляцець?
— Адкажу як медык, няхай і пачынаючы: прызямляцца і ўзлятаць трэба асцярожна, з захаваннем мер бяспекі, каб не дапусціць траўмаў. Так і ў жыцці, варта грунтоўна прадумваць кожны крок. Нельга прымаць сур’ёзныя рашэнні, калі сэрца перапаўняюць толькі эмоцыі і не адчуваеш цвёрдай глебы пад нагамі. Сваім равеснікам раю вызначыцца з любімай справай, самаўдасканальвацца ў ёй, назапашваць веру ў свае сілы. Тады жыццё не расчаруе ні ў сталіцы, ні ў малым горадзе.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *