Бярэзінцы далучыліся да акцыі “Беларусь памятае. Памятае кожнага”

Захоўваць памяць і ўшаноўваць герояў Вялікай Айчыннай вайны — наш свяшчэнны абавязак, пра што сведчыць адна са шматлікіх акцый “Беларусь памятае. Памятае кожнага”, якая прайшла напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі.

— Для мяне гэта як заахвочванне і гонар, — адзначаў начальнік вытворчага цэха №6 ААТ “Мінск Крышталь” Іван Гоман, накіроўваючыся разам са старшынёй прафсаюзнай арганізацыі Ю.П. Хрэнковым да абеліска ў вёсцы Мацевічы і помніка абаронцу М.І. Жукоўскаму ў аграгарадку Пагост. – Каму, як не нам, да гэтага адносіцца менавіта так. Справа ў тым, што наша пакаленне апошняе, у якога ваявалі ў той вайне бацькі і дзяды. У мяне асабіста ветэранамі былі бацька і дзядзька. І Дзень Перамогі заўсёды лічыўся найвялікшым святам, нягледзячы на тое, што ён сапраўды паліты крывёю і слязамі. На жаль, бацькі не стала ў 2007 годзе. І сёння самыя шчырыя віншаванні ветэранам, якія жывуць побач з намі. Не лепш, чым на фронце, жылося людзям у акупацыі. Таму нізкі паклон усім ім, пакаленню, якое перажыло вайну.

Як прызнанне гучаць словы сына франтавіка. Яго бацька Іван Якаўлевіч Гоман да вызвалення Беларусі быў у партызанах, пасля ваяваў на фронце, вызваляў Усходнюю Прусію, Кенігсберг. Узнагароджаны ордэнам Славы, медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кенігсберга”, “За перамогу над Германіяй”. У 1944 годзе родныя атрымалі памылковую пахаванку на яго, якая да гэтага часу разам з узнагародамі захоўваецца як рэліквія. Бацька ж вярнуўся з арміі ў 1947 годзе, працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады і галоўным інжынерам у саўгасе “Любушанскі”, узначальваў мясцовую ветэранскую арганізацыю.

Прызнанне сыноўскай памяці — і справы Івана Іванавіча, як кіраўніка і дэпутата Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Ён з асаблівай увагай, сапраўды, з душой адносіўся і адносіцца да ветэранаў прадпрыемства.

— Калі я ў 2007 годзе ўзначаліў прадпрыемства, у нас было пяць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, – гаворыць Іван Іванавіч. – І мне заўсёды было трапятліва да іх прыязджаць, бо ехаў як да роднага бацькі. Прыемна было дапамагаць і віншаваць. Цяпер у нас толькі адна жанчына-вязень, якая зараз жыве ў Слуцкім раёне. Але і тых, каго ўжо няма з намі, не забываем.

Ала АЛЬФЕР.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *