На Бярэзіншчыне зацягнулі Каляду на дуба

«Цягнуць Каляду на дуба» — гэты абрад некалі быў распаўсюджаны па ўсёй Бярэзіншчыне, а цяпер лічыцца архаічным і занесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Традыцыя сустракацца разам і гучна-весела праводзіць Каляды засталася ў некалькіх вёсках раёна і набыла новы сэнс і значэнне для бярэзінцаў. У што цяпер вераць заўзятыя захавальнікі старажытных аўтэнтычных абрадаў?

З даўніх часоў калядны цыкл складалі тры святы — Ражство, стары Новы год і Вадохрышча. Па традыцыі, сяляне адзначалі іх сем’ямі, запрашаючы сваякоў і суседзяў на вячэру — куцці. Першая і трэцяя куцця называліся поснымі. А падчас сустрэчы старога Новага года на сталах з’яўлялася і скаромнае. Такая куцця ўжо мела назву багатай.

Паўсюдна па Беларусі калядныя святы заканчваліся на Вадохрышча, і толькі ў нашым раёне даўняй традыцыяй было завяршаць калядны цыкл 21 студзеня самабытным абрадам “Цягнуць Каляду на дуба”. Ён па крупінках быў адноўлены былым дырэктарам Новінскага сельскага Дома культуры Нінай Клімовіч. Шмат гадоў старажытны абрад нязменна збірае аматараў нацыянальнага фальклору з усіх куточкаў Беларусі ў вёсцы Новіны.

А праходзіць усё так: увечары 20 студзеня людзі дамаўляюцца, у чыёй хаце будуць праводзіць Каляды, хто будзе гатаваць стравы і якія, і вызначаюцца з часам. Збіраюцца звычайна каля 12 гадзін, каб справіць абрад у абед.

На наступную раніцу яны ўпрыгожваюць куль саломы ад зажыначнага снапа. Яго прыносяць у хату перад першай каляднай куццёй і ставяць у чырвоны кут на час усяго свята. З куля робяць ляльку і апранаюць у жаночае адзенне. Называюць жа яе Калядой.

Куцця – ячная каша ў гліняным гаршку, прыгатаваная да свята Вадохрышча ўжо з 19 студзеня, знаходзілася ў фае Дома культуры. Тут жа дзяўчаты хутка ўпрыгожваюць сноп рознакаляровымі стужкамі, прывязваюць фартух, ставяць яго на кола альбо барану пад спевы народнага сямейнага — ­абрадавага гурта “Радзіна”. Упрыгожаны сноп разам з куццёй і ёсць сімвал народнага свята.

Па традыцыі, кожны з удзельнікаў абраду змог праверыць свой спрыт у карагодах і гульнях. Так, чаго варта толькі гульня “Ката спячы”! “Кот” тут незвычайны – тулава з цеста, ногі з сала, а хвост – з хатняй каўбасы. Каб пакаштаваць гэтыя прысмакі, трэба было пад’ехаць на вілах да ката, які замацаваны на шасце, і паспрабаваць яго ўкусіць. Зрабіць гэта няпроста, ды і смяяцца не дазваляецца: да ката адразу пад’язджае ўдзельнік.

А на вуліцы ў гэты час стаяць напагатове колы з сенам, засланыя саматканай посцілкай. Па традыцыі, весці Каляду даручаецца самай паважанай вясковай жанчыне. У каторы раз у гэтай адказнай ролі выступае сама Ніна Клімовіч. Перад самым адпраўленнем Каляды ў дарогу жанчыны прама на парозе клуба сякуць на дробныя кавалкі венік-­дзяркач, “каб зняць грахі за працу ў святыя дні” і пасечаныя цуркі раскідваюць па наваколлі.

Толькі затым урачыстае шэсце на конях накіроўваецца да адзінага дуба ў полі каля вёскі Марціянаўка. На працягу ўсяго шляху людзі спяваюць абрадавыя песні і жартаўлівыя прыпеўкі.

 Каляда, Калядзіца!
Мы цябе адгулялі, добра шанавалі!
Цяпер цягнем да дуба, сядзі там люба!
Сядзі там высока і глядзі далёка!..

Каля самага дрэва санкі трэба незнарок перакуліць і рассыпаць куццю. Лічыцца, чым больш шчодра рассыпаецца каша з глінянага гаршка на полі, тым больш багаты ўлетку будзе ўраджай. Па традыцыі, цягнуць Каляду на дуба павінна маладая пара, што збіраецца на Мясаеда згуляць вяселле. Аднак ужо каторы год адказная і важная справа дастаецца дужым, маладым і нежанатым мужчынам, якія здымаюць старую і ўмацоўваюць новую Каляду на разгалінаванні дуба.

Старое кола і саламяную ляльку, якія захаваліся з мінулага года, скідаюць з дуба і падпальваюць, вакол кастрышча і дуба спяваюць абрадавыя песні, водзяць карагод, частуюцца і ідуць да месца збору, дзе адбываецца сумесная пагулянка. Яна і завяршае калядны цыкл свят.

На гэтым абрад не заканчваўся, бо ўсіх яго ўдзельнікаў запрашалі за багаты святочны стол. Дзеля гэтага ў Новінскім сельскім Доме культуры была наладжана выстава калядных страў, дзе пачэснае месца займаў пірог у выглядзе ката, і, вядома, гулянне, дзе тон задаюць спевы і танцы народнага сямейна-абрадавага гурту “Радзіна” і ўзорнага дзіцячага калектыву “Валошкі”.

 

Удзел у мерапрыемстве прыняў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Лаўрыненка.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Пра старыя і новыя традыцыі абраду «Цягнуць Каляду на дуба» вёскі Чыжаха                        чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў раёнкі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *