Навошта турбаваць міліцыю, калі машыну не зачыняеш?

Раніцай 25 сакавіка ў міліцыю звярнуўся жыхар дома па вуліцы Кастрычніцкай горада: на звычайным месцы паркоўкі не знайшоўся яго аўтамабіль “Volkswagen Golf 2”. На месцы здарэння пацярпелы прызнаўся аператыўнікам, што не зачыніў машыну і ключы запальвання пакінуў у салоне…

На шчасце пацярпелага, у ходзе пошукавых мерапрыемстваў украдзеная машына знайшлася праз некалькі гадзін. Яна стаяла пакінутай на аўтадарозе М-4 паблізу вёскі Хутар Чэрвеньскага раёна. З яе зніклі 7 пачак цыгарэт “Карона” і аўтамабільны відэарэгістратар.
Сышчыкамі было ўстаноўлена, што да злачынства мае прамое дачыненне раней асуджаны за маёмасныя злачынствы жыхар раёна. Яго хутка затрымалі і ён ва ўсім прызнаўся. Па словах угоншчыка, напярэдадні ён выпіў і вырашыў украсці машыну, каб пасля разабраць і прадаць яе на запчасткі. Рэалізаваць задуманае «натхніў» незачынены аўтамабіль. Толькі вось крыху ачуняўшы ад спіртнога, небарака рэальна ўсвядоміў, што ўчыніў злачынства, пакінуў машыну, прыхапіў цыгарэты, выкінуў відэарэгістратар і пешшу пайшоў у Беразіно.
По факце ўгону ўзбуджана крымінальная справа, прызначаны дактыласкапічная і трасалагічная экспертызы, якія дапамогуць у поўнай меры ўстанавіць увесь ход злачынства цалкам. Угоншчык арыштаваны, яму пагражае рэальнае турэмнае пакаранне. Вывады з гэтай недарэчнай гісторыі павінны зрабіць не толькі аматары лёгкіх грошай, але і аўтаўладальнікі. Няўжо так цяжка зачыніць машыну?

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *