“Не пакідайце дзяцей адных!” Лепш — з раёнкай, дзе віктарыны ад выратавальнікаў

У рамках акцыі “Не пакідайце дзяцей адных!” бярэзінскія выратавальнікі разам з раённай газетай “Бярэзінская панарама” наладзілі віктарыну. Яе пытанні былі размешчаны ў перыядычным выданні і адрасаваліся маладым бацькам і іх дзецям. Важнай умовай для ўдзельнікаў было — быць падпісчыкам раёнкі. Адказы адпраўляліся па электроннай пошце. Праз тыдзень пасля надрукавання пытанняў былі падведзены вынікі і вызначаны пераможцы. Імі сталі маладыя матулі і іх дзеці.

Так, дыплом ІІІ ступені атрымала педагог ДУА “Гарэніцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа” Аксана Аканеева, дыплом ІІ ступені – чацвёртакласнік ДУА “Лешніцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа” Мікалай Маркоўскі разам са сваёй матуляй, а пераможцам стала шматдзетная матуля, работнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Крынічка” Зоя Зубцова.
Прыемныя падарункі і кветкі ўдзельнікам віктарыны ўручыў начальнік Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Андрыевіч.
10-гадовы Мікалай дзеліцца ўражаннямі:
— Гэта не першая мая ўзнагарода ад службы выратавання. Прыемна, што атрымаў і чарговую. Разам з матуляй шукалі адказы, адпраўлялі пісьмо. Буду прымаць удзел у падобных мерапрыемствах і далей.
Зоя Зубцова таксама выказала цёплыя словы:
— Радуюся перамозе, як дзіця. Адказвала на пытанні ў апошні дзень прыёму пісем, таму асабліва не разлічвала на ўдачу. А аказалася на першым месцы! На ўсе дзесяць пытанняў адказала правільна. У мяне трое дзетак, таму бяспека дзяцей на першым месцы.
Акцыя выратавальнікаў працягваецца да 1 чэрвеня, а рэдакцыя гатова і надалей радаваць чытачоў свежымі навінамі і прыемнымі сюрпрызамі.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *