Не памятае, чым ударыла, альбо у Вяшэўцы стала на аднаго мужчыну менш

Раніцай 16 снежня мінулага года ў раённы аддзел унутраных спраў звярнуліся медыкі хуткай медыцынскай дапамогі. Яны выявілі ў доме па вуліцы Цэнтральнай вёскі Вяшэўка труп 51-гадовага мужчыны з пашкоджаннямі на галаве. Па гарачых слядах была ўзбуджана крымінальная справа і затрымана сужыцельніца мужчыны. Чаму яна?

У ходзе разбіральніцтва стала вядома, што менавіта яна яшчэ напярэдадні вечарам нанесла яму не менш за 2 удары па галаве невядомым, тупым прадметам.

Успомніць усё, што здарылася ў той злашчасны вечар, жанчыне і сапраўды вельмі цяжка, бо з месца здарэння канфіскаваны тры пустыя бутэлькі з-пад гарэлкі агульнай ёмістасцю звыш 1 літра. Ды і цяжка давядзецца экспертам вызначыцца з прыладай забойства. На экспертызу дастаўлены фрагмент дошкі ламінату, пяць адшчэпаў драўніны, дзвярная ручка, 3 металічныя качаргі, фрагмент налічніка ад дзвярэй і малаток.

Па ўсіх гэтых і іншых прадметах здарэння прызначаны некалькі відаў экспертыз, праведзены медыцынскі агляд затрыманай жанчыны. Крымінальная справа ўзбуджана па факце нанясення цялесных пашкоджанняў, якая пагражае жанчыне дзесяццю гадамі турэмнага зняволення.

Сяргей ЖЫЛІЧ,

начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *