На пасяджэнні аглядавай камісіі пры Паплаўскім сельскім Савеце

З заканчэннем зімы і ацяпляльнага сезону, калі ёсць рызыка ўзнікнення ўзгарання з-за перапалу печаў або парушэнняў норм іх эксплуатацыі, праблема пажараў па-ранейшаму застаецца актуальнай, асабліва ў сельскай мясцовасці. Таму ў членаў аглядавых камісій з наступленнем вясны работы не становіцца менш, але яе патрэбна весці ўжо ў новых накірунках. Такую думку агучыў у час пасяджэння аглядавай камісіі, створанай пры Паплаўскім сельскім Савеце, яго старшыня А.М. Сарнаўскі.

Падводзячы вынікі, Аляксей Міхайлавіч адзначыў, што з пачатку года членамі аглядавай камісіі ў ходзе штотыднёвых абходаў абследаваны 520 домаўладанняў, з якіх 240 — толькі ў лютым пры правядзенні месячніка па захаванні супрацьпажарнай бяспекі. Найбольшая ўвага надавалася навядзенню парадку ў жыллі сацыяльна неабароненых грамадзян – адзінокіх і адзінокапра-жываючых (іх у сельсавеце адпаведна 20 і 258), шматдзетных (35), схільных да злоўжывання алкаголем асоб (60).
Па выніках абследавання камісія накіравала 29 пісьмаў аб неабходнасці прывядзення жылых дамоў у пажаранебяспечны стан родным састарэлых грамадзян, у органы сацыяльнай абароны, навучальныя ўстановы, работадаўцам неахайных гаспадароў.
Нягледзячы на прынятыя меры, поўнасцю нармалізаваць сітуацыю пакуль не ўдаецца, пра што сведчаць новыя факты ўзгаранняў сухой расліннасці ў аграгарадку Паплавы, у вёсках Неганічы і Баркі, калі даводзілася выклікаць пажарных. У в. Новіны зарэгістраваны факт дзіцячага свавольства з агнём. Значыць, працаваць членам камісіі ёсць над чым. У полі іх зроку і такая катэгорыя, як дачнікі, якія на лета пачалі прыязджаць сюды.
— Мы павінны дайсці да кожнага, — падкрэсліў А.М. Сарнаўскі, – і ў чарговы раз нагадаць, па-першае, што спальванне сухой расліннасці – справа вельмі небяспечная не толькі для навакольнага асяроддзя, а і для ўласнага кашалька, бо цягне за сабой накладанне вялікіх штрафаў. Па-другое, мы павінны за летні перыяд прасачыць за тым, каб нашы жыхары своечасова правялі рамонт печаў, назапасілі на зіму паліва, ліквідавалі праблемы з электраправодкай, аказаць у гэтым пасільнае садзейнічанне, у тым ліку і з дапамогай мясцовага сельгасфіліяла, на балансе якога знаходзіцца частка жыллёвага фонду, а асобных, найбольш нядбайных гаспадароў прымусіць выканаць усе патрэбныя работы.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *