Небяспечна падхапіць грып і Сovid-19

Штогод у краіне адбываецца кампанія вакцынацыі супраць грыпу. Сёлета запланавана вакцынаваць не менш за 40 працэнтаў насельніцтва, сярод іх 8 працэнтаў – за кошт прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама асабістыя сродкі грамадзян.

Падобныя прафілактычныя меры дазваляюць не дапусціць эпідэміі. Мы сустрэліся з галоўным урачом ДУ “Бярэзінскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Вадзімам Буйніцкім, каб паразмаўляць пра неабходнасць вакцынацыі.

Важна

Летась пандэмія кавіду была даволі адчувальнай ва ўсім свеце: былі закрытыя межы многіх краін, людзі насілі маскі, апрацоўвалі рукі антысептычнымі сродкамі, вытрымлівалі сацыяльную дыстанцыю, у связі з чым не падарожнічалі самалётамі і аўтобусамі, не наведваліся на святы, памінкі, вяселлі, разнастайныя ўрачыстасці, пазбягалі скаплення ў грамадскіх месцах. Адпаведна мінулы год прайшоў вельмі ціха ў плане захворвання грыпам. Імунітэт жа супраць грыпу захоўваецца нядоўга, пасля прышчэпкі 8-12 месяцаў, да таго ж кожны год змяняецца штамм віруса. З улікам таго, што летась не было пандэміі грыпу, людзі сталі вельмі адчувальныя да гэтага віруса. Таму чакаецца сур’ёзны пад’ём колькасці захворванняў. І ён ужо бачны, дзеці пачалі часта хварэць. Павялічылася колькасць выпадкаў РВІ і грыпу сярод школьнікаў Мінска і Беразіно.

Падрывае здароўе

— Варта разумець, што як любая інфекцыя, грып стварае для чалавека тры праблемы. З боку медыцыны: трэба лячыць хваробу, якая ўскладняе жыццё, пагаршае здароўе, выклікае наступствы, ад якіх пакутуюць унутраныя органы: сэрца, ныркі, лёгкія. Другая праблема – эканамічная. Чалавек замыкаецца ў сабе, на сваёй хваробе, на ўласных праблемах, адгароджваецца ад людзей. Гэта ў сукупнасці вельмі негатыўна адбіваецца на соцыуме, ускладняе грамадскае жыццё, выклікае негатыўныя працэсы ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. І ў гэтым плане выхад бачыцца толькі адзін – вакцынаванне ад грыпу.

Кампанія

Існуе міжнародны цэнтр грыпу, і вось ён вызначае, якія штаммы будуць цыркуляваць у свеце сёлета. Адпаведна з гэтымі даследаваннямі выпрацоўваюцца рэкамендацыі вытворцам вакцын. Сёлета састаў вакцын абнавіўся. У Рэспубліцы Беларусь усе вакцыны, якія выкарыстоўваюцца, інактывіраваныя. Гэта значыць, што вірусы ў іх забітыя, яны не выклікаюць хваробы, толькі ўтрымліваюць неабходны набор антыгенаў для выпрацоўкі імунітэту. Зазвычай у краіне прышчэпачная кампанія супраць грыпу праводзілася да 1 снежня, бо рэкамендуецца рабіць прышчэпкі ў перыяд з верасня па лістапад уключна.

Аднак сёлета ў сувязі з каранавіруснай інфекцыяй тэрміны вакцынацыі супраць грыпу змясціліся да 1 студзеня.

Запланавана прышчапіць 40 працэнтаў насельніцтва Бярэзіншчыны і па стане на 27 снежня прышчэплена ўжо 36,5 працэнта. Трэба зазначыць, прышчэпка ад грыпу абсалютна бяспечная, дзецям можна вакцынавацца з 6-месячнага ўзросту, у нас вакцынуюцца школы, дзіцячыя садкі.

Як сумяшчаецца?

— Адна з самых небяспечных праблем зараз – атрымаць так званы “мікст”, гэта значыць заразіцца адначасова каранавірусам і грыпам. Такі набор лячыць вельмі цяжка, і хворымі пераносіцца вельмі няпроста, і наступствы часам непрадказальныя. Бывае, што чалавек можа заразіцца кавідам адразу пасля грыпу, або наадварот. Людзі задаюцца актуальнымі пытаннямі: як сумяшчаецца вакцынацыя супраць кавіду і супраць грыпу? Вакцынаванне рэкамендуецца з розніцай у 14 дзён. Прычым спачатку лепш прышчапіцца ад каранавіруснай інфекцыі.

Даступная працэдура

Вакцынавацца ад грыпу можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі, у выхадныя дні ў прыёмным пакоі бальніцы. Таксама ў пунктах вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі.

Для бясплатных прышчэпак выкарыстоўваецца расійская вакцына “Грыпол”, для платных – французская “Ваксігрып”.

Помніце, што своечасовая вакцынацыя ад грыпу захавае ваша здароўе, самаадчуванне, дабрабыт і не ўдарыць па кішэні, адкуль даводзіцца браць грошы на лекавыя сродкі, калі захварэеце.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *