Нікога не пакінуць без увагі, абяцае акцыя «Наш жывёлавод», што працягваецца ў Бярэзінскім раёне

Акцыя «Наш жывёлавод», правядзенне якой ініцыіраваў Рэспубліканскі камітэт прафсаюза работнікаў АПК, працягваецца ў Бярэзінскім раёне

Дырэктар ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” Аляксандр Шыфрын, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Марына Каўзуновіч і галоўны эканаміст Ірына Чабатар уручаюць падарункі начальніку малочнатаварнага комплексу Валерыю Луканоўскаму

— Ні адзін чалавек, ні на адной ферме, нават самай маленькай, і не з бліскучымі паказчыкамі, не павінен застацца без увагі, — пад такім дэвізам адправілася на фермы адкрытага акцыянернага таварыства “Бярэзінскі райаграсэрвіс” старшыня раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Марына Каўзуновіч.
У спадарожнікі сабе яна ўзяла галоўнага эканаміста і па сумяшчальніцтве старшыню прафкама гаспадаркі Ірыну Чабатар. – У нас на 4 жывёлагадоўчых фермах утрымліваецца статак у 3044 жывёлы, у тым ліку 1377 кароў, — расказвае спецыяліст, – таму асноўная крыніца даходаў — вытворчасць малака. Мы рэгулярна сустракаемся з жывёлаводамі, даводзім да іх ведама расцэнкі, паказчыкі работы кожнага за месяц і ў параўнанні з годам мінулым адзначаем, хто лідзіруе, хто пакуль не паказвае выдатных вынікаў. Абмяркоўваем прафесійныя пытанні: чаму не атрымліваецца дасягнуць значнага росту малака, дзе «шукаць» гатунак «экстра», ад чаго і ад каго залежыць вынік, дзе недапрацавалі спецыялісты, а дзе непасрэдна жывёлаводы. Дзеляцца работнікі і асабістым. Мы імкнёмся дапамагчы кожнаму, бо вытворчасць ліхаманяць кадравыя пытанні. Аператарам машыннага даення Кацярына Мурашка працуе з 1984 года. Пачынала яшчэ з працы на малочнатаварнай ферме “Жорнаўка”, а цяпер штодзень яе падвозяць на ферму ў вёску Трасцянка. Тут яна называецца ў ліку лепшых. Скончыла мінулы год з паказчыкам у 349 тон малака ад 151 рагулі. Рупіцца жанчына разам з Андрэем Каранеўскім. Ён даглядае 295 жывёл. Значны стаж працы на ферме мае і Наталля Смычок. Яна давяла валавыя прыбаўленні жывёлы да 30 тон, а сярэднясутачныя прывагі — да 659 грамаў.

Падзячнымі лістамі Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагароджаны Кацярына Мурашка, Наталля Смычок і Андрэй Каранеўскі. Яны — лепшыя работнікі на ферме “Трасцянка”

Не абмінуў прафсаюзны дэсант і малочнатаварны комплекс “Паложына”, і комплекс па вырошчванні жывёлы побач. Надоі ў мясцовых аператараў машыннага даення па пэўных прычынах пакуль не растуць, затое якасць малака заўсёды выдатная. Значная частка прадукцыі рэалізуецца перапрацоўшчыкам гатункам “экстра”. Аднак радуюць прыбаўленні ў вазе жывёлы. Прывагі маладняку абяцаюць у
будучыні нядрэнныя даходы гаспадарцы і рост прадуктыўнасці жывёлы. Марына Каўзуновіч пагутарыла з кіраўніком гаспадаркі Аляксандрам Шыфрыным і работнікамі ферм, перадала ім салодкія пачастункі і кубачкі для чаяпіцця.

Святлана Несцяровіч пэўны час працавала вартаўніком на ферме ў вёсцы Жорнаўка, а зараз — аператарам машыннага даення на комплексе “Паложына”. Пакуль жанчына ўсім задаволена і жадае прыносіць карысць калектыву

— Наша акцыя не проста так пачынаецца ў самым пачатку года, яна называе лепшых і настройвае ўсіх жывёлаводаў не апускаць рукі, а старанна рупіцца дзеля выпраўлення вытворчых спраў. І няхай гэта заахвочванне цяжкай і напружанай працы жывёлаводаў пакуль невялікае, — гаворыць жанчына, — але разам са шчырымі словамі падзякі за нялёгкую працу на ферме, яно дае працаўнікам вёскі яшчэ большы маральны стымул для дасягнення добрых вынікаў.
Паездкі па фермах працягнуцца, і заахвочванні атрымаюць жывёлаводы кожнай гаспадаркі раёна.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *