Ніна Бурко: «Прэзідэнт у нас адзін»

— Я з’яўляюся делегатам першага Усенароднага сходу, які адбыўся ў кастрычніку 1996 года. Нагадваюць пра гэта мне сёння пасведчанне дэлегата пад нумарам 353 і шчымлівыя паралелі ў сувязі з апошнімі палітычнымі падзеямі ў краіне.

Мінула чвэрць стагоддзя, але дагэтуль у памяці, як сёння, гучаць крыкі, якімі віталі дэлегатаў на мосце каля Палаца спорту ў сталіцы. Так гучна крычалі прыхільнікам першага Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі прайграўшыя выбары прыхільнікі Станіслава Шушкевіча. Ужо тады члены Беларускага нацыянальнага фронту ніяк не мірыліся з поўным фіяска і адкрыта, цывілізавана выказвалі свае погляды. У большасці гэта былі прыстойныя людзі сярэдніх гадоў, якія паважалі сваіх апанентаў. У іх не было ні агрэсіўнасці, ні пагарды, ні апломбу і ваяўнічай рашучасці зламаць усё ў сваёй краіне дашчэнту ў адрозненні ад сучасных змагароў за светлую будучыню Беларусі.

На той сход я ехала з добрым настроем, бо вельмі хацелася на свае вочы пабачыць першага нашага Прэзідэнта. І мая мара збылася. Мне было дзіўна, што гэты сціплы чалавек збіраецца пабудаваць у няпросты эканамічны час сацыяльна-арыентаваную і незалежную дзяржаву. Мае трывогі развеяліся хутка, бо з кожным годам множылася наша эканоміка, развіваліся прамысловасць і сельская гаспадарка, шырока ішло будаўніцтва, прырастаў дабрабыт людзей, у прыярытэце заставаўся клопат пра моладзь і пажылых.

Тэмы гэтыя вечныя і, вядома ж, знайшлі працяг у выступленнях Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу. Яно і зразумела: час ідзе і злабадзённыя пытанні патрабуюць новых падыходаў і рэформаў. Вырашэнне іх падаецца нашай моладзі з-за мяжы ў выглядзе змяншэння ролі дзяржавы ў эканоміцы, маштабнай прыватызацыі і адкрыцця рынку для ўвозу замежных тавараў. Рабіць гэтага ніяк нельга, бо загубім лёсы тысяч людзей іпрадпрыемстваў, страцім наш суверэнітэт і знішчым незалежнасць. Але рукі апускаць перад цяжкасцямі і адчайвацца нельга, і не ў нашых традыцыях. Трэба аб’яднацца і знайсці шлях, каб сумесна рэалізаваць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця, на новы ўзровень узняць нашы прадпрыемствы, ваенна-патрыятычнае выхаванне і работу з моладдзю, пенсійнае забеспячэнне і адукацыю.

Настрой для гэтага ў дэпутатаў ёсць, павінна хапіць ім і рашучасці, бо вядзе іх на гэтым цярністым шляху дастойны лідар, роўнага якому па працавітасці і сумленнасці, любові да беларусаў і сваёй Айчыны пакуль не бачу. Таму і выступаю за захаванне прэзідэнцкай рэспублікі!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота з уласнага архіва Н.М. Бурко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *