Новы магазін і што яшчэ пабудуюць інвестары ў Беразіно

Бярэзінцы вось ужо каторы месяц з цікавасцю назіраюць за новабудоўляй па вуліцы Перамогі горада. Вось і мы вырашылі пацікавіцца, што будуецца на шмат гадоў пустуючым месцы. Наш субяседнік — намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва–камунальнай гаспадаркі райвыканкама Вераніка ФАМІНА:
— Пачну з таго, што ў нашым горадзе рэалізуецца інвестыцыйны дагавор, які заключаны паміж Мінскім абласным выканаўчым камітэтам і таварыствам з абмежаванай адказнасцю “Санта Рытэйл”. Мэта яго — будаўніцтва магазіна на перакрыжаванні вуліц Перамогі і Дзяржынскага ў Беразіно.

План-праект будучага аб’екта

На будаўнічай пляцоўцы на перакрыжаванні вуліц Перамогі і Дзяржынскага


— Якім будзе новы магазін?
— Будаўнічы аб’ект – магазін агульнай плошчай каля 920 квадратных метраў (гандлёвая плошча — каля 450 квадратных метраў па продажы харчовых і тавараў паўсядзённага попыту з функцыянаваннем кандытарскага і кулінарнага цэхаў па выпуску прадукцыі ўласнай вытворчасці).
— Калі новы аб’ект адчыніць свае дзверы?
— Адкрыццё запланавана на будучую вясну. Здзіўляцца такім тэмпам не даводзіцца. Зараз завершаны работы па мантажы фундаментаў, вядзецца вертыкальная адсыпка, а днямі пачаўся мантаж металаканструкцый. У будаўніцтве заняты шэраг арганізацый раёна — філіялы РУП “МінскаўтадарЦэнтр” “ДЭУ №6” і КУП “Мінскаблдарбуд” — “ДРБУ-192”, ААТ “Аўтамабільны парк №22”.
— Чым яшчэ парадуе бярэзінцаў надыходзячы 2021 год?
— На 2021 год запланавана будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Красіна горада. А ў далейшым мяркуецца распрацоўка праекта па дэтальным планіраванні вышэйназванай тэрыторыі. Гэта прадугледжана генеральным планам горада.
Такім чынам, участак, які доўгі час не выкарыстоўваўся, зайграе новымі фарбамі, бо тут з’явяцца новыя дамы, будзе добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя: пабудаваны паркоўкі, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, пешаходныя дарожкі і гэтак далей.
А наогул, плануецца, што 2021 год стане для бярэзінцаў годам будаўніцтва. Заходнюю частку горада ўпрыгожаць новы магазін, шматкватэрныя жылыя дамы, пажарнае дэпо па вуліцы Прамысловай. Гэта павінна парадаваць бярэзінцаў, бо наш горад стане не толькі больш прывабным і камфортным, але і цікавым для рэалізацыі новых інвестыцыйных праектаў.

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *