Новы маладзёжны лідар — Кацярына Аўрамчык

З 4 лістапада першым сакратаром раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” стала Кацярына Аўрамчык. Па адукацыі яна — педагог, пэўны час працавала ў сістэме адукацыі раёна. Аднак большасці бярэзінцам вядома актыўным удзелам у патрыятычных аўтапрабегах. Ды і ў складзе членаў саюза моладзі Кацярына Юр’еўна не першы год. З якім настроем новы кіраўнік збіраецца ўзначальваць атрад актыўнай бярэзінскай моладзі? Як плануе падтрымліваць ініцыятыўных юнакоў і дзяўчат?

— Сёння ў раённай арганізацыі каля 700 членаў БРСМ. Разумею, лічба камусьці падасца малой, але гэта дружны калектыў, каманда аднадумцаў, якая актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна. Большасць з іх — вучні навучальных устаноў раёна, якія задаюць тон усяму маладзёжнаму жыццю. Члены школьных пярвічных арганізацый – актыўныя ўдзельнікі раённых, абласных і рэспубліканскіх акцый. Напрыклад, «Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь», «Кветкі Вялікай Перамогі», «Дыялог пакален-няў» і інш. Асаблівае месца займаюць мерапрыемствы, прымеркаваныя да памятных дат, — Дня Перамогі і Дня Незалежнасці. Маладзёжная арганізацыя з’яўляецца актыўным удзельнікам і важных грамадска-палітычных мерапрыемстваў. У гэтым мяне яскрава пераканаў удзел у патрыятычных аўта- і велапрабегах, дзе сваю грамадзянскую пазіцыю выказвалі і маладыя бярэзінцы, якія такім чынам адстойвалі свой выбар, змагаліся за мір і стабільнасць у краіне. У мноства бярэзінцаў жнівеньскія падзеі абудзілі жаданне быць пачутымі і я планую зрабіць іх сваімі аднадумцамі і памочнікамі. Таму ўжо зараз наведваю арганізацыі, знаёмлюся з маладымі спецыялістамі, каб пашырыць кола сваіх паплечнікаў і пярвічных арганізацый раёна.

— У якіх яшчэ накірунках БРСМ працуе з моладдзю, якія з іх з’яўляюцца прыярытэтнымі для нашага раёна?

— Праектаў дастаткова і пры жаданні кожны можа знайсці свой шлях да самарэалізацыі, але асабіста мяне вабіць актывізацыя інавацыйнай дзейнасці і прафесійнай мабільнасці моладзі, стварэнне і прасоўванне канкрэтных інавацыйных праектаў і перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак. Менавіта гэта дазваляе смела заявіць пра сябе маладому чалавеку ў розных сферах жыцця грамадства.

Асаблівае месца ў дзейнасці грамадскага аб’яднання займае рух маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. Яны дапамагаюць у прафілактыцы правапарушэнняў. Важным пытаннем з’яўляецца працаўладкаванне маладых людзей. Раённая арганізацыя спрыяе іх уключэнню ў студэнцкія атрады і садзейнічае працоўнай занятасці маладых бярэзінцаў.

Нашы юнакі і дзяўчаты аказваюць дапамогу ветэранам, пажылым людзям, дзецям і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў час пандэміі.

Заўважу, што сёння моладзі даецца магчымасць выказаць свой пункт гледжання па той ці іншай праблеме, зрабіць высновы і прыняць правільнае рашэнне. Зрабіць гэта можна як наведаўшы нас, так і ў сацыяльных сетках, дзе ў нас ужо шмат падпісчыкаў. У нашых планах пашырыць сетку інтэрнэт — спаборніцтваў для школьных актывістаў і, магчыма, адкрыць канал на YouTube.

— Якімі якасцямі павінен валодаць член Беларускага саюза моладзі?

— БРСМ – гэта школа лідараў. Калі нас шмат, мы – сіла. У першую чаргу робім стаўку на якасць нашых спраў. Яны закранаюць самыя важныя сферы жыцця моладзі і ўсёй краіны. За іх нам не павінна быць сорамна перад ветэранамі маладзёжнага руху. Мы з імі ў цеснай звязцы, будзем запрашаць на сустрэчы, прыцягваць да ўдзелу ў акцыях, і тым самым захоўваць пераемнасць традыцый.

— Як стаць членам аб’яднання?

— Членам БРСМ можа быць любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, асоба без грамадзянства, а таксама замежныя грамадзяне, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ва ўзросце ад 14 да 31 года, якія прызнаюць Статут і праграмныя дакументы ГА «БРСМ».

Членства наладжана праз сяброўства ў пярвічных арганізацыях. Прыём у члены ГА «БРСМ» ажыццяўляецца агульным сходам або кірую-чым органам пярвічнай арганізацыі па пісьмовай заяве ўступаючага. Таму чакаем у сваіх радах маладых людзей са сваімі ідэямі, задумамі і творчымі планамі, з жаданнем быць пачутымі, абмеркаваць пытанні, што хвалююць, даведацца, што можна зрабіць для іх вырашэння і атрымаць рэальную падтрымку для далейшых дзеянняў.

— А што ў Вашых уласных планах?

— Не паверыце, адрадзіць забыты і ўпадабаны дзяўчатамі ў раёне конкурс “Аўта-лэдзі”, бо я ж сама вадзіцель. Таму раю чароўным кіроўцам адточваць навыкі ваджэння, каб у самы бліжэйшы час уступіць у барацьбу за пачэсны тытул.

БРСМ — гэта…
• рэалізацыя інтарэсаў, патрэб, уменняў, навыкаў моладзі, праява таленту і здольнасцей, ажыццяўленне вызначаных мэт, рашэнне пастаўленых задач;
• арганізацыя працаўладкавання, магчымасць праявіць лепшыя працоўныя якасці і пры гэтым зарабіць грошы;
• прапаганда здаровага ладу жыцця, спартыўныя спаборніцтвы, турыстычныя паездкі і экскурсіі;
• захапляльны і разнастайны, вясёлы і жыццярадасны, поўны ідэй і наватарства маладзёжны свет;
• магчымасць быць карысным грамадству, дзяржаве, унесці свой уклад у пабудову моцнай і квітнеючай Беларусі.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *