Новыя формы работы “Белай Русі” на Бярэзіншчыне

Сёння абмежавана правядзенне масавых мерапрыемстваў. Але раённая арганізацыя “Белая Русь”, вядома ж, працягвае сваю дзейнасць. Знаходзяцца новыя, крэатыўныя формы работы. Якія? Аб гэтым расказала старшыня арганізацыі Алена ЖОЛУДЗЕВА.


— Алена Данатасаўна, чым зараз займаецца арганізацыя?

— Раённая арганізацыя “Белая Русь” налічвае 440 чалавек, 28 пярвічных арганізацый. Мы і ў час пандэміі актыўна ўдзельнічаем у важнейшых грамадска-палітычных мерапрыемствах раёна, вядома ж, з захаваннем усіх мер бяспекі. Да прыкладу, члены арганізацыі далучыліся да раённых мерапрыемстваў да Дня Перамогі.

— Але ж вы не толькі ўдзельнічаеце, але і самі з’яўляецеся ініцыятарамі мерапрыемстваў?

— Так, зараз актыўна ўкараняем новыя формы работы. Прыемна, што ўсе супрацоўнікі ТЦСАН – члены арганізацыі. Таму і мерапрыемствы нам ладзіць значна прасцей. Не спыняецца традыцыйная акцыя “З юбілеем!”. Віншуем бабуль і дзядуляў, якія знаходзяцца на сацыяльным абслугоўванні, са святам: арганізоўваем ім міні-канцэрты каля дома. Павіншавалі і ветэранаў з Днём Перамогі. У новым фармаце прайшоў і Дзень сям’і… Не забываем сваіх падапечных — тэлефануем ім, калі ёсць магчымасць, гутарым “анлайн”.

— Упэўнена, што члены “Белай Русі” адчуваюць падтрымку і падчас пандэміі.

— Так, па меры магчымасцей імкнёмся падтрымліваць. Дзякуючы спонсарскай дапамозе, набылі 800 пар медыцынскіх пальчатак для работнікаў, якія працуюць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для людзей пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Дулебы.

— Што ў далейшых планах?

— І надалей дапамагаць людзям. Як вядома, у тэрытарыяльным цэнтры працуе “гарачая лінія” (штодзённа, з 9.00 да 18.00 па тэл. 55417) для адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў па дастаўцы прадуктаў харчавання, тавараў першай неабходнасці і медыкаментаў. Дастаўляюць прадукты супрацоўнікі цэнтра, валанцёры, большасць з якіх члены “Белай Русі”.
У жніўні адбудуцца выбары Прэзідэнта краіны. Вядома ж, мы таксама прымем актыўны ўдзел ва ўсіх этапах выбарчай кампаніі.

Гутарыла Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *