Бярэзіншчына: рэгіён, развіццё, чалавек. Поспехі сельгасфіліяла “Ома” – відавочныя

Для Вольгі Фядотавай сёлетні год – юбілейны: у маі споўнілася роўна 15 гадоў, як Бярэзіншчына стала яе другой радзімай. За гэты час у вёсцы Міхалёва яна стала сапраўды сваёй, а ў твар яе ведаюць не толькі мясцовыя жыхары, а нават і з навакольных вёсак. І дзіўнага тут нічога няма, бо В. Фядотава працуе тут увесь час галоўным заатэхнікам сельгаспрадпрыемства.

Загадчыца малочнатаварнага комплексу “Перавоз” з 10-гадовым вопытам работы на гэтай пасадзе Ганна Волкава

— У вашым краі я аказалася выпадкова, — расказвае яна. – Сама з Гомельшчыны, там і працавала пасля заканчэння Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі ў адной з гаспадарак. А ў 2005 годзе прачытала ў газеце аб’яву, што ТАА “Ома” для свайго філіяла ў Бярэзінскім раёне шукае галоўнага заатэхніка. Зацікавілася гэтай прапановай, падала рэзюме, паспяхова прайшла субяседаванне-тэсціраванне, і вось ужо колькі гадоў адказваю тут за жывёлагадоўчую галіну.
Прыйшла Вольга Рыгораўна ў сельгасфіліял амаль што адначасова з цяперашнім яго дырэктарам Аляксандрам Гундарам. Разам, лічы, і пачыналі выводзіць калектыў у разрад перадавікоў. Па ўспамінах жанчыны, на той час у “Оме” надой складаў усяго 1900 кілаграмаў малака на карову. Прыбаўленні ў вазе БРЖ таксама былі далёкімі ад ідэальных. Жывёла знаходзілася на прывязным утрыманні. Нарошчванню паказчыкаў перашкаджаў дэфіцыт кармоў. Сёння, гледзячы на адладжаную работу галіны, нават цяжка паверыць у гэта.
— Для таго, каб выйсці на сённяшнія рубяжы, зрабіць давялося нямала, — расказвае жанчына. – Удасканальвалі ўсю сістэму. Так, з 2010 года ўшчыльную заняліся селекцыяй жывёлы. За восем гадоў поўнасцю памянялі статак на высокапрадуктыўнае пагалоўе, якое, пры захаванні многіх тэхналагічных аспектаў, здольнае даваць да 10 тысяч літраў малака ад каровы ў год. Заўважу, сёння мы доім восем тысяч, ёсць рэзерв для далейшага росту надояў.
Па-другое, дадае В. Фядотава, вырашылі праблему з кармавой базай. Так, у нябыт тут адышоў, напрыклад, баркун. Зараз перавага аддаецца люцэрне і канюшыне як травам, якія ўтрымліваюць шмат бялку. Папаўняецца рацыён і за кошт свірэпіцы: яе закладваюць на сянаж. Нямала надаецца ўвагі і кукурузе як крыніцы энергіі жывёлы.

Галоўны заатэхнік сельгасфіліяла “Ома” Вольга Фядотава

Немалаважным фактарам у стварэнні належнай кармавой базы з’яўляецца наяўнасць у “Омы” ўласнай устаноўкі для вырабу рапсавай макухі, што ў спалучэнні з высокапрадукцыйнымі травамі дазваляе забяспечыць жывёлу на сто працэнтаў бялком. Але і гэта не ўсё. Расстараліся тут і на млын для атрымання ўласнага камбікорму. Атрымліваецца ён не горшы за куплёны, бо ўключае ў сябе ўсе неабходныя дабаўкі і мікраэлементы.
Змянілі ў сельгасфіліяле падыходы і да захавання травяністых кармоў. За апошнія гады чатыры тут поўнасцю перайшлі на сянажныя траншэі. Зараз іх ужо дзесяць. Для эканоміі сродкаў уладкоўваюць траншэі гаспадарчым спосабам. Вось і зараз будаўнічая брыгада гаспадаркі рыхтуе да здачы яшчэ адну траншэю: яе якраз паспеюць здаць да таго часу, як наспее неабходнасць закладкі сіласу.
— Паляпшэнне ўмоў утрымання жывёлы – таксама важны фактар росту прадукцыі, — падкрэслівае спецыяліст. – Поўнасцю перайшлі на бяспрывязную сістэму. Жывёла пастаянна знаходзіцца ў руху, адпалі праблемы з гноевыдаляльнікамі. Яшчэ адным новаўвядзеннем стала круглагадовае бязвыпаснае ўтрыманне жывёлы. Як адзін з плюсаў такой сістэмы — магчымасць на пашах для страўлення статкам вырошчваць па два ўраджаі траў. У цэлым жа, кармамі мы заўсёды забяспечаны больш як на сто працэнтаў – з паўтарагадовым запасам. Падобная ж сітуацыя і з грубымі кармамі.
Але самі па сабе тэхналогіі без людзей і чалавечага фактару нічога не вартыя. У “Оме” праблем з кадрамі ў жывёлагадоўлі няма, у тым ліку і сярод галоўных спецыялістаў. Ёсць тут і ветурач, які пільна сочыць за здароўем сваіх пацыентаў. Дойкай кароў заняты чатыры аператары даільнай залы, размешчанай на комплексе ў в. Перавоз, Людміла Салаўёва, Валянціна Цімашэнка, Людміла Драздова і Ірына Белавус. Адкормам быкоў (ферма “Ядліна”) найбольш прадукцыйна займаецца Леанід Казачонак. На доглядзе маладняку (ён утрымліваецца на ферме “Чырвоная Зорка”) не першы год узор стараннай працы паказвае Ганна Доўгая. Яе паплечнікам шмат часу з’яўляўся муж Валерый, але сёння ён саступіў свой пост сыну Аляксандру, а сам перакваліфікаваўся ў слесары. У ліку лепшых даглядчыкаў Уладзімір Белязяк, які спалучае свае функцыі з абавязкамі трактарыста па абслугоўванні фермы.

“Сямейны падрад” Доўгіх: маці Ганна, бацька Валерый і сын Аляксандр

Сённяшнія поспехі сельгасфіліяла “Ома” – відавочныя. Яны адлюстраваны ў прыведзеных зводках. Вось ужо каторы год тут адбываецца пастаянны рост паказчыкаў жывёлагадоўчай галіны, якасці малака, росту яго рэнтабельнасці, павышэнне прадукцыйнасці працы. А ўсё таму, што гаспадарка пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых форм работы па павелічэнні прадуктыўнасці статка.

Анатоль ПАЛЫНСКІ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *