Паўвекавы юбілей адзначылі ў Капланецкай школе

 “НЕ ЗАБЫВАЕТСЯ ТАКОЕ НИКОГДА…”

Сцвярджаюць: узрост чалавека вызначаецца не гадамі, якія дакладна ведае бязлітасны пашпарт, а станам душы і ўнутраным самаадчуваннем. Што тады, як не атмасфера бесклапотнага дзяцінства і пранізанага пачуццямі шчымлівага юнацтва, сведчыць аб узросце школы?!У мінулую суботу Капланецкая сярэдняя школа шумна і весела адзначыла свой 50-гадовы юбілей. Павіншаваць установу і прызнацца ёй у любові сабраліся былыя выпускнікі і педагогі, сённяшнія вучні і прадстаўнікі мясцовай улады, чыё жыццё таксама звязана са звычайнай сельскай школай.

Сертыфікат на набыццё музычнага абсталявання кіраўнік спраў райвыканкама Міхаіл Бурцаў уручае дырэктару Капланецкай СШ Наталлі Жукоўскай

Праўда, першая навучальная ўстанова ў вёсцы, а гэта царкоўна-прыходская школа, з’явілася яшчэ ў 1874 годзе. З дзяржаўных архіваў Мінскай вобласці вядома, што драўляны, аднапавярховы, невялічкі па сённяшніх мерках будынак школы быў пабудаваны ў 1902 годзе і налічваў 20 вучнёўскіх лавак, дзве кніжныя шафы і 220 падручнікаў. У 1933 годзе школу перайменавалі ў сямігодку, а ў 1957 — у васьмігодку. У 1944 годзе нямецкія захопнікі пры адступленні спалілі школу, і да 1969 года дзеці навучаліся ў прыстасаваным будынку царквы.

Педагогі-ветэраны Тамара Несцяровіч, Уладзімір Слабко, Вольга Мароз, Ніна Грыбко

Новы адлік установа бярэ з 1969 года, калі ў строй была ўведзена цагляная, двухпавярховая школа, якая прыняла першых вучняў 10 студзеня
1970 года. Першымі выпускнікамі сталі 19 юнакоў і дзяўчат, а іх класным кіраўніком — Міхаіл Капітонаў. З таго першага выпуску на сёлетнім мерапрыемстве прысутнічаў Міхаіл Семяняка:
— У памяці засталося шмат прыемных школьных падзей, але самыя дарагія тыя, дзе мы разам з аднакласнікамі, вучнямі школы і, вядома, педагогамі наводзім парадак у школе, дапамагаем будаўнікам. Якія ж мы былі шчаслівыя і ганарлівыя, што навучаемся ў новай школе! Сённяшнія вучні не хочуць верыць, што былыя выпускнікі, як роўныя з настаўнікамі, рупіліся аб новай школе, імкнуліся ўсё ў ёй давесці да ладу і трывалыя веды атрымлівалі ўсяго толькі з дапамогай падручніка і класнай дошкі. Гэта ніяк не перашкаджала мясцовым педагогам вучыць і выхоўваць годных выпускнікоў.
За пяцьдзясят гадоў Капланецкая сярэдняя школа выпусціла некалькі соцень юнакоў і дзяўчат, наладзіла і правяла сотні педагагічных саветаў, пар-тыйных, камсамольскіх і піянерскіх сходаў. Але ці гэтымі сухімі лічбамі вымяраецца школьнае жыццё? Сярод выпускнікоў, якімі ганарыцца школа, бярэзінцы, чые імёны і сёння на слыху. У 1973 годзе скончыў Капланецкую школу Міхаіл Папруга. Гэта вядомы на ўсю краіну і за яе межамі гарманіст, уладальнік шматлікіх дыпломаў і лаўрэацкіх званняў, пераможца рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў. Ён лічыць сябе шчасліўшчыкам, бо можа і сёння паціснуць руку свайму класнаму кіраўніку Уладзіміру Слабко. На сустрэчу з выпускнікамі і роднай школай Міхаіл Аляксандравіч прыехаў з гармонікам і шчыра вітаў дарагіх людзей. Скончылі Капланецкую школу і былы супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Яроцкі, і адзіны ў раёне палкоўнік міліцыі Сяргей Семяняка. Тут атрымліваў сярэднюю адукацыю і слаўны дарожнік, начальнік ДБУ № 31 Уладзімір Колесень.

Падарунак роднай школе ўручаюць выпускнікі, якія трыццаць гадоў, як развіталіся са школай

Вядома, клопатаў у школе заўсёды хапала і тон добрым справам задавалі дырэктары. Так, вяскоўцы ведаюць, што месца для будынка школы выбіраў асабіста Уладзімір Анцыпаў. Ён разам з жон-кай разбіў тут гадавальнік для азелянення ўстановы. У 1974 годзе ўстанову ўзначаліў Аляксей Кудрэйка, які шмат намаганняў прыклаў для паляпшэння матэрыяльнай базы школы. Значны след пакінуў аб сабе Уладзімір Трус. Ён наладзіў з вучнямі вялікую гісторыка–краязнаўчую дзейнасць, займаўся пошукам звестак пра воінаў, якія загінулі тут у гады Вялікай Айчыннай вайны, і адкрыў школьны музей. Шмат новых традыцый заклаў і Васілій Буры, які звыш дваццаці гадоў узначальваў калектыў Капланецкай школы. Тут пакінулі добрую памяць аб сабе і Лілія Казырка, Генадзій Гіро, Зоя Чорная, Наталля Вяргейчык. Сем гадоў шчыравала ва ўстанове, а цяпер з’яўляецца кіраўніком упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова.

 

 

І ўсё ж не сцены вызначаюць і вызначалі школу, а яе вучні і настаўнікі.
— Сёння ў школе 90 вучняў і 17 педагогаў, — адзначыла дырэктар Наталля Жукоўская. — Большасць з якіх, вопытныя і прафесійныя спецыялісты, маладыя педагогі. А яшчэ — гэта клапатлівыя бацькі, адказны тэхперсанал.

Заставацца сучаснай і інтэлектуальнай школе дапамагаюць таксама новыя дасягненні і поспехі. Капланецкая школа лічыцца выдатнай кузняй будучых чэмпіёнаў і нязменна займае першае месца сярод устаноў раёна па развіцці спорту. Тут, як роўныя, з вопытнымі шчыруюць і маладыя педагогі, якія бяруць удзел у розных конкурсах і мерапрыемствах.

Высокі прафесіяналізм, вернасць прафесіі капланецкіх настаўнікаў адзначыла падчас віншавання Алеся Цітова. Яна ўручыла лісты падзякі ветэранам-педагогам, для каго настаўніцтва не прафесія, а прызванне — Тамары Несцяровіч, Уладзіміру Слабко, Вользе Мароз і Ніне Грыбко. Са шчырымі словамі падзякі і падарункам — сертыфікатам на набыццё музычнага абсталявання завітаў на школьны юбілей кіраўнік спраў райвыканкама Міхаіл Бурцаў.
Шмат шчырых і сардэчных слоў прагучала ў гэты вечар у адрас настаўнікаў. Не забыты ў школе імёны тых, хто больш ніколі не зойдзе ў клас, аднак пакінуў свой добры след у душах выпускнікоў…

У юбілейны вечар у любові да сваёй школы прызнаваліся сённяшнія школьнікі, якія чыталі вершы, танцавалі, радавалі прысутных музыкальнымі нумарамі і вясёлымі інсцэніроўкамі, выпускнікі, якія шчыра дзяліліся ўспамінамі і дзякавалі педагогам, а пасля заканчэння святочнай праграмы яшчэ доўга не хацелі разыходзіцца.


І няхай сабе сцены роднай школы даўно змянілі колер і іх пакінулі першыя выпускнікі, і няхай на скронях апошніх блішчыць сівізна, на змену ім, колішнім гарэзам, прыйшлі спачатку іх дзеці, а потым — унукі і праўнукі. Гэты бясконцы кругаварот працягваецца. Дзякуючы яму школа жыве, адзначае святы і перамогі і заўсёды застаецца…маладой. Дзякуй табе за гэта, Капланецкая школа, і вам, дарагія настаўнікі!

МіланаТРАПЯНОК. 

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *