Пад знакам бяспекі праходзіць тыдзень у Бярэзінскім раёне

 

Прафілактычныя гутаркі з бярэзінцамі праводзілі прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых служб. Падчас наведання працоўных калектываў і дзіцячых устаноў нагадвалі дарослым і дзецям пра бяспечныя паводзіны як на рабочых, так і ў грамадскіх месцах, а таксама ў быце. Завершыць тыдзень раённае свята “За бяспеку разам”, мерапрыемствы якога разгарнуцца ў суботу, 14 верасня, у зоне адпачынку каля возера па вуліцы Перамогі горада.

Пытанні бяспекі сталі асноўнай тэмай для абмеркавання і на чарговым пасяджэнні раённай рабочай камісіі па каардынацыі дзейнасці аглядавых камісій на чале з намеснікам старшыні райвыканкама У.М. Навіцкім. Удзел у рабоце пасяджэння разам з суб’ектамі прафілактыкі прынялі таксама члены добраахвотных дружын ад арганізацый і прадпрыемстваў горада.

Менавіта да апошніх і звярнуўся напачатку сустрэчы намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Бярэзінскага РАУС В.В. Сакаў. Ён адзначыў, што “дружыннікі” з 21 па 30 кастрычніка павінны максімальна ўключыцца ў перапісную кампанію, што будзе праходзіць у раёне. Сумесна з прадстаўнікамі райвыканкама і супрацоўнікамі РАУС члены добраахвотных дружын, згодна з графікам, у вячэрні час з 18.00 да 21.00 у акрэслены тэрмін будуць наведваць па месцы жыхарства грамадзян, што знаходзяцца на ўліку.

Пра сумныя наступствы, да якіх жыхара вёскі Жорнаўка прывялі неабдуманыя дзеянні, расказаў першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.А. Лагун. Мужчына з дапамогай агню вырашыў надаць больш прывабны і дэкаратыўны знешні выгляд уласнай драўлянай новабудоўлі. Але прыгажосці не атрымалася, бо цяпер дом значна пашкоджаны агнём і для камфортнага пражывання ў ім патрабуецца ўкласці нямала сродкаў і сіл.

Апісаны выпадак і многія іншыя гавораць аб тым, што аглядавым камісіям неабходна ўзмацніць прафілактычную работу з насельніцтвам. Асаблівую ўвагу звяртаць на сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзян і сем’і, дзе выхоўваюцца непаўналетнія. Сярод людзей старэйшага ўзросту выявіць тых, хто мае патрэбу ў перасяленні на асенне-зімовы перыяд у аддзяленне кругласутачнага прабывання. Зайсці ў кожны дом, наведаць у прыватнасці і тыя, што знаходзяцца на тэрыторыі дачных кааператываў, данесці правілы бяспечных паводзін да кожнага чалавека. Гэта адзначаў, падводзячы вынікі пасяджэння, У.М. Навіцкі.

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *