Падарункі ад “Бярэзінскай панарамы” да Дня маці

Калектыў рэдакцыі газеты падвёў вынікі фотаконкурсу “Ураджай-2020”. Згодна з анлайн-галасаваннем на нашым сайце найбольш галасоў набралі фотаздымкі Аляксандры Наскавец і Таццяны Сахончык! Віншуем!

— Дзякуй за такі нечаканы і прыемны сюрпрыз да Дня маці, — гаворыць Аляксандра Наскавец. – Нам вельмі прыемна!

Узнагароджанне праходзіла якраз у Дзень маці. І гэта было вельмі сімвалічна – усе пераможцы фотаконкурсу — матулі. А героі іх фотаздымкаў – дзеткі.
— Я не мясцовая, прыехала на Бярэзіншчыну за мужам з Барысава, — расказвае Аляксандра Наскавец. — Жывём у вёсцы Паложына ў свекрыві, як я кажу, другой матулі. Яна з задавальненнем стварае прыгажосць на прысядзібным участку, займаецца агародам, таму ў нас сёлета такі багаты ўраджай. Я ў дэкрэтным водпуску. Малодшаму сыночку Канстанціну, герою фотаздымка, толькі паўгода, а старэйшы Глеб – першакласнік. Ведаеце, я люблю фатаграфаваць. Асабліва – дзетак. Аднойчы матуля прыйшла з працы, расказала, што прачытала ў раёнцы пра фотаконкурс ураджаю. А чаму б і не?! Сфатаграфавалі нашага гарэзу ў гарбузах… Здаецца, атрымаўся, даволі эмацыянальны здымак. З нецярпеннем чакалі вынікаў. Але ўсё роўна, калі паведамілі, што мы пераможцы, было вельмі нечакана! Асабліва ўзрадавалася матуля, яна ж даўняя сяброўка-падпісчыца “Бярэзінскай панарамы”. Дзякуй за такі нечаканы сюрпрыз-падарунак нам усім да Дня маці.

— У свекрыві ў гэтым годзе багаты ўраджай! Асабліва парадавалі гарбузы. Сфатаграфавалі з імі сыночка Ягорку, адправілі здымак на конкурс. І прыемная нечаканасць – мы ў ліку пераможцаў! Дзякуй! – гаворыць Таццяна Сахончык

Завітала ў рэдакцыю з сыночкам Ягоркам і яшчэ адна пераможца – Таццяна Сахончык!
— Даўно выпісваем газету, праглядаем навіны і ў сацыяльных сетках. Таму, калі даведаліся, што праходзіць фотаконкурс, вырашылі абавязкова паўдзельнічаць. Мы жывём у вёсцы Паложына. Бясспрэчна, ёсць і агарод, дзе вырошчваем усё неабходнае. Але гарбузы, якія на здымку, вырасціла свякроў Таццяна Мікалаеўна. Сыночак Ягорка з задавальненнем сфатаграфаваўся з ураджаем. Чакалі вынікаў фотаконкурсу. І тут, напярэдадні свята — навіна, што мы сярод пераможцаў. Атрымалася, што такі цудоўны падарунак да Дня маці мне зрабіў любімы сыночак Ягорка. Яму ўжо тры годзікі. Ён ходзіць у садок. А я працую настаўніцай англійскай мовы ў Лешніцкай школе.
Пытаюся ў Ягора, ці любіць ён фатаграфавацца?! — Так! – адказвае з упэўненасцю. – А яшчэ люблю маляваць, гуляць з цацкамі і слухаць казкі перад сном! Ну і ў садок люблю хадзіць, з дзецьмі гуляць весела.

Пераможца рэдакцыйнага розыгрышу Святлана Кушнер разам з дачушкай і ўнучкай

Падведзены ў гэты дзень вынікі яшчэ аднаго розыгрышу. І ўмовы яго былі даволі простыя — выпісаць газету на 4 квартал і прынесці ў рэдакцыю
падпісны квіток. Мы запісалі ўсе нумары квітанцый, якія былі прадастаўлены, паклалі ў “чароўную” скрыню і выпадкова выцягнулі адзін нумар (ёсць відэа розыгрышу ў Іnstаgram). Хто ж стаў яшчэ адным шчасліўчыкам?! Святлана Кушнер з Беразіно!
— Я выпісваю газету даўно. Але перамога была нечаканай. Вечар. Тэлефануе дачка, гаворыць, што глядзела відэа ў Іnstаgram у групе “Бярэзінскай панарамы” і я штосьці там выйграла, — расказвае Святлана. – Вось у Дзень маці і завіталі ў рэдакцыю з дачушкай і ўнучкай. Дзякуй за падарунак!
P.S. Дзякуй нашым падпісчыкам за творчыя, крэатыўныя здымкі. Будзем сябраваць і надалей, радаваць вас цікавымі сюрпрызамі. Не забывайцеся афармляць падпіску на “Бярэзінскую панараму”!
Удзячнасць і нашым спонсарам – студыям прыгажосці “Шык” і «COSMOPOLITAN», магазіну кветак “Букет” за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемстваў.

Юлія БУКЕЛЬ. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *