Падарункі школьнікам — ад прафсаюзаў

Сёння ў Беразіно стартавала рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Збяром партфель у школу”.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан павіншавала хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наведваюць спартыўны лагер у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву, а таксама будучых першакласнікаў з надыходзячым пачаткам навучальнага года.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан павіншавала першакласнікаў з надыходзячым Днём ведаў.

— Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, віншую вас з надыходзячым Днём ведаў, — гаварыла Алена Міхайлаўна. – Спадзяюся, вы цудоўна адпачылі, зарадзіліся добрым настроем. І будзеце радаваць бацькоў, настаўнікаў добрымі ведамі і толькі выдатнымі адзнакамі. Жадаю вам моцнага здароўя і поспехаў.

Першакласнікам і ўсім прысутным школьнікам ўручылі канцылярскія прыналежнасці.

— Прыемна, што нашу акцыю актыўна падтрымалі многія прафсаюзныя арганізацыі раёна, — зазначыла А. Токан. – Дзякуй пярвічным прафсаюзным арганізацыям жыллёва-камунальнай гаспадаркі, лясгаса, вузла электрасувязі, культуры, інфармацыі, спорту і турызму, дзяржаўных і іншых устаноў. Мы падарылі дзецям невялікае свята.

І, сапраўды, дзеці былі задаволены такім міні-святам. Усміхаліся. Але прызналіся, што пакуль не хочацца ў школу.

Прохар Інякін ідзе сёлета ў першы клас! Ён на свята прыйшоў з матуляй і старэйшым брацікам!

— Я ў гэтым годзе іду першы раз у першы клас, — заўважыў Прохар Інякін. – І падарунак – рукзак і канцылярскія прыналежнасці мне вельмі спадабаліся! Хутчэй бы ў школу з новым рукзаком!

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *