ААТ «Уша» атрымала высокую ацэнку па падрыхтоўцы тэхнікі

Адкрытае акцыянернае таварыства “Уша” па выніках раённага агляду пастаноўкі тэхнікі, яе захоўвання і падрыхтоўкі да веснавых палявых работ у чарговы раз атрымала высокую ацэнку і названа ў ліку лепшых гаспадарак Бярэзіншчыны. І сапраўды, да пачатку пасяўной тут правялі ўсе патрэбныя падрыхтоўчыя і рамонтныя работы, каб кампанія прайшла на высокім арганізацыйным узроўні і не давала збояў. Так, сёння ўшанцам засталося толькі канчаткова давесці да ладу сеялку для высеву кукурузы.

Пасля запраўкі трактар ад-правіцца на ўнясенне арганікі

 

У страі знаходзіцца 14 трактароў (з іх два энерганасычаныя) і 7 аўтамабіляў, усе яны ў той ці іншай ступені задзейнічаны ў вялікім комплексе наспелых работ – сяўбе яравых культур, унясенні арганікі, ворыве і культывацыі глебы, падкормцы азімых і траў, затрыманні на палях вільгаці. Зразумела, што асноўны цяжар ускладаецца на Аляксандра Хомчанку, які на МТЗ-3022 заняты сяўбой. На яго рахунку ўжо 80 гектараў аўса. У аптымальныя тэрміны неабходна будзе пасеяць таксама 100 гектараў ячменю і 170 – зернебабовых культур. Другім энерганасычаным трактарам МТЗ-3522 кіруе Аляксандр Муха. На ім – ворыва. Гэтай жа справай, а таксама культывацыяй і апрацоўкай глебы на трактарах МТЗ-1221 заняты Сяргей Жаўняровіч і Сяргей Лютарэвіч. На хімпраполцы сваёй стараннасцю вызначаецца Міхаіл Маркевіч са сваёй “Расой”.
Хапае работы і іншым членам гэтага дружнага калектыву. Ідзе яна планава, без збояў, з вялікім працэнтам спадзявання на тое, што даручаная тэхніка не падвядзе. Ды і як інакш, калі рамантавалася яна пры непасрэдным удзеле саміх механізатараў. Часу для гэтага было дастаткова, запасныя часткі па патрэбе закупляліся і ўстанаўліваліся. У падрыхтоўцы тэхнікі і яе рамонце актыўна ўдзельнічалі не толькі ўшанскія механізатары Браніслаў Ржэвуцкі, Сяргей Лютарэвіч, Аляксандр Матусевіч, Віктар Раманенка, Канстанцін Бубенька, але і трактарысты котаўскай брыгады.
— Нельга прымяншаць заслугі ў падрыхтоўцы тэхнікі і нашых работнікаў мехмайстэрняў, — дадае загадчык майстэрняў аг. Уша Віктар Зельскі. – У нас гэта — перш-наперш слесар Міхаіл Спарыш, а таксама токар Сяргей Мытнік і зваршчык Аляксандр Пшыбытка. Яны не толькі спецыялісты высокай катэгорыі, але і сапраўдныя ўмельцы, якім па плячы любая задача.

Токар Сяргей Мытнік і яго майстэрства ў гаспадарцы заўсёды запатрабаваныя

У прыватнасці, С. Мытнік – токар чацвёртага разраду, забяспечвае замену дэталяў не толькі для трактароў і аўтамабіляў, але і абслугоўвае фермы гаспадаркі. Кожная вытачаная ім дэталь не толькі павінна адзін к аднаму дубліраваць свой узор, але і падыходзіць для канкрэтнага механізма або вузла, улічваць яго зношанасць і канфігурацыю. У гаспадарцы ён ужо 28 гадоў, быў і трактарыстам, нейкі час працаваў у мясцовым лясніцтве, і вось зараз ізноў такарнічае.
Акрамя тых дэталяў, якія аператыўна выточвае С. Мытнік, ёсць і свой запас запчастак – лапы культыватараў, сальнікі, падшыпнікі… Неўзабаве на склад павінна паступіць папаўненне: у час нашай сустрэчы з В. Зельскім ён збіраўся ў Мар’іну Горку за новымі запчасткамі.
Безумоўна, безаварыйная, без прастояў работа – гэта не толькі гарантыя правядзення пасяўной у сціслыя і аптымальныя тэрміны, але і магчымасць для механізатараў годна выконваць свае зменныя заданні і перавыконваць іх. А ў адпаведнасці з распрацаванымі ўмовамі аплаты працы, звышнарматыўная выпрацоўка аплачваецца ў двайным памеры. Чым не стымул? Яшчэ адным фактарам, які ўплывае на суму заробку, з’яўляецца ацэнка якасці работ: ворыва, культывацыі глебы і сяўбы. Адсочвае яе аграном гаспадаркі. У цэлым жа вынікі работы кожнага механізатара аператыўна падводзіць эканамічная служба і вывешвае іх для азнаямлення.

Трактарная тэхніка ААТ “Уша” на ўшанскім мехдвары на лінейцы гатоўнасці перад стартам пасяўной

Аператыўнасць і публічнасць ходу пасяўной, як і стварэнне належных і бяспечных умоў працы, забеспячэнне гарачым харчаваннем удзельнікаў кампаніі – таксама з’яўляюцца неад’емнай часткай выпрацаванай у ААТ “Уша” сістэмы арганізацыі веснавых палявых работ. Верыцца, што і на гэты раз яна не дасць збояў.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *