Падведзены вынікі работы па аздараўленні насельніцтва ў раёне
У сераду, 24 сакавіка, на базе Бярэзінскага інтэлектуальнага цэнтра развіцця дзяцей і моладзі адбыўся семінар-нарада, на якім былі падведзены вынікі работы па аздараўленні насельніцтва Бярэзінскага раёна за мінулы год і вызначаны задачы на год сёлетні.
З асноўным дакладам перад прысутнымі выступіла вядучы спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Бярэзінскага раёна Алена Післевіч.
— На тэрыторыі Бярэзінскага раёна колькасць працуючых на 1 студзеня 2020 года складала 7683 чалавекі, — гаварыла Алена Міхайлаўна. – Непрацуючых ветэранаў працы 5535 чалавек, 1203 інваліда 1,2 групы, 9 удзельнікаў, ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, 2418 вучняў школ, 1603 — гарадскіх дзяцей, 815 — сельскіх.
За мінулы год у нашым раёне аздароўлена 1255 чалавек, з іх 1142 дзіцяці, дзеці складаюць 90 % ад колькасці ўсіх аздароўленых.
Гэтыя лічбы менш у параўнанні з годам папярэднім, паколькі, вядома, значна паўплывала эпідэміялагічная абстаноўка ў краіне і свеце.
Сумесна з УЗ “Бярэзінская ЦРБ” былі складзены спісы для аздараўлення дзяцей-інвалідаў. Колькасць такой катэгорыі дзяцей у раёне складае 106 чалавек, у тым ліку рэкамендавана санаторна-курортнае лячэнне 14 дзецям-інвалідам, з суправаджэннем 12 -дзецям дадзенай катэгорыі. Летась аздароўлена 8 дзяцей-інвалідаў, пададзена 5 заяў на санаторна-курортнае лячэнне.
Па інфармацыі УЗ “Бярэзінская ЦРБ” ў раёне маюць патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні 1500 чалавек па розных профілях захворванняў.
План па аздараўленні дзяцей і падлеткаў, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, даведзены прадстаўніцтвам Мінскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні Бярэзінскага раёна, у 2020 годзе выкананы.
Таксама на пасяджэнні выступілі з дакладамі галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Ірына Зябко, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Таццяна Ермакова, памочнік урача-эпідэміёлага Бярэзінскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алег Вараб’ёў.
У зале прысутнічалі старшыні камісій па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва арганізацый горада і раёна, на пытанні многіх былі дадзены канкрэтныя адказы. Шмат пытанняў тычылася тэстаў на каранавірус для жадаючых аздаравіцца і неабходнасці прышчэпак ад яго.
Алена ГРОМАВА,
фота аўтара.