Падзея года для бярэзінскага механізатара

Кажуць, што сёлетні Новы год сустракаць вялікай кампаніяй не рэкамендуецца: маўляў, вялікі натоўп людзей стварае спрыяльныя ўмовы для распаўсюджвання каранавіруса. А што рабіць, калі ў вас мнагадзетная сям’я і за сталом павінны сабрацца амаль 20 чалавек? Ну, не адкладваць жа свята на потым ці пераносіць яго на больш спрыяльны час.

Таму 31 снежня за святочным сталом у сям’і Аляксея Цэдрыка з Любушан збярэцца ні многа, ні мала, 17 чалавек: сам з жонкай, 7 дзяцей, 3 зяці ды 5 унукаў. І ніяк тут нікога не выкрасліш са спісу. Ды і свята ў іх ужо даўно набыло статус сямейна-традыцыйнага, адмяніць якое нікому не падуладна.

Наўрад ці будзе за сталом галоўнай дзеючай асобай гаспадар дома. Ён больш любіць слухаць пра поспехі і навіны падрастаючага пакалення, застаючыся ў цені. Між тым, расказаць сваім блізкім Аляксею Якаўлевічу ёсць пра што, бо адыходзячы год быў для яго юбілейным, 25-м, з тае пары, як ён пасля службы ў арміі вярнуўся на сваю малую радзіму і ўліўся ў лік працаўнікоў тагачаснага саўгаса “Любушанскі”.

Маючы атрыманыя яшчэ да арміі “коркі” сталяра, ён тады спачатку ўладкаваўся ў будаўнічую брыгаду гаспадаркі. Але прабыў у ёй лічаных пару месяцаў, а затым перасеў на МТЗ-82, з якога і пачаў сваю механізатарскую кар’еру. Гэта ўжо потым былі на яго шляху новенькія 21-ы, 30-ы і 35-ы МТЗ.

Выхадных ды прастояў яго вялікі энерганасычаны трактар ніколі не ведае. Нават сёння, калі Аляксей Якаўлевіч знаходзіцца ў водпуску, яго “жалезны конь” спраўна служыць гаспадарцы. І ў іншыя дні А. Цэдрыку хапае спраў. Асноўны яго занятак – сяўба. Але хапае і іншых работ: укамплектаваны ўсімі навяснымі агрэгатамі, трактар бывае заняты і на ворыве, і на нарыхтоўцы кармоў, і на вывазцы арганікі. А сёлета ў час жніва Аляксей Якаўлевіч традыцыйна, зноў жа ў 25-ы раз, перасеў на камбайн і прымаў удзел у самай галоўнай сельскагаспадарчай кампаніі года. Ды яшчэ як па-працаваў! Ён аказаўся адзіным камбайнерам у раёне, які перавысіў намалот у 2000 тон!

Спрыяла гэтаму высокая ўраджайнасць па гаспадарцы ў 34 цэнтнеры з гектара, напружаны напал спаборніцтва паміж шасцю камбайнавымі экіпажамі, а больш за ўсё – працавітасць самога механізатара, які адзін, без памочніка, умела кіраваў эксперыментальным камбайнам і з самай раніцы выходзіў на палеткі жаць збажыну.

Але паказчык у 2040 тон, атрыманы пры ўборцы збожжавых культур і рапсу, гэта не канчатковы вынік работы А. Цэдрыка на сельскагаспадарчай ніве ў час уборкі ўраджаю. Агульны атрыманы ім за сезон намалот наблізіўся да чаты
рох тысяч тон: Аляксей Якаўлевіч пасля завяршэння жніва не менш рупліва папрацаваў на ўборцы кукурузы. Дарэчы, ён быў адзіным механізатарам ва УП “АграМАЗ”, занятым гэтай справай, і намалаціў 1678 тон “царыцы палёў”.

Так, сапраўды ўраджайным і ўрадлівым аказаўся для А. Цэдрыка яго юбілейны сельскагаспадарчы сезон. Адыходзячы год будзе для яго значнай вехай у жыцці, вынікам, раўняцца на які можна будзе і ў наступаючым 2021-м, годзе Металічнага Быка. Цяжка сказаць, ці будзе садзейнічаць механізатару той Металічны Бык, а вось яго “жалезны конь”, прывучаны да працы і перамог, абавязкова скажа сваё важкае слова.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *