Падзяка УУС Мінаблвыканкама аб’яўлена бярэзінцам Васілію Бураму і Васілію Несцяровічу

ДЗЯКУЙ ЗА ДАПАМОГУ

Такімі словамі ўшаноўвалі ў раённым аддзеле ўнутраных спраў бярэзінцаў Васілія Бурага і Васілія Несцяровіча.  Яны затрымалі злодзея з доказамі злачынства.

Мужчына абрабаваў дом па вуліцы Зарэчнай вёскі Карбаўское і перавозіў украдзенае на веласіпедзе. Злодзей палічыў, што справа зроблена і ён зможа вельмі хутка пажывіцца чужым скарбам. Аднак на яго шляху аказаліся пільныя грыбнікі.

— Я ў мінулым служыў у міліцыі ўчастковым інспектарам і оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку, —  расказвае Васіль Буры, — але правільна кажуць, што былых міліцыянераў не бывае. Адразу запрыкмеціў у лясным гушчары мужчыну, які цераз лес каціў веласіпед з клункамі. Вырашылі з сябрам патурбаваць вандроўніка, а  ў адказ ён кінуў усё і наўцёкі. Давялося яшчэ пабегаць за гэтым старым злодзеем!

— Я мясцовы, і людзей з навакольных вёсак ведаю добра, — дадае Васіль Несцяровіч. — Ведаю я і гэтага гультая з вёскі Міластава, нідзе ў свае 60 з хвастом не працуе, ды і ў турме сядзеў за крадзяжы. Што ён можа рабіць раніцай  у лесе?

Злодзея затрымалі, супраць яго ўзбуджана крымінальная справа і вядзецца следства. Пацярпелыя спадзяюцца хутка вярнуць украдзеныя рэчы. Кіраўніцтва раённай міліцыі шчыра ўдзячна сваім памочнікам за аператыўнае выкрыццё ліхадзейста і за грамадзянскую пазіцыю. Па іх ініцыятыве В. Бураму і В. Несцяровічу аб’яўлена падзяка УУС Мінаблвыканкама і ўручана грашовая прэмія.

Мілана ТРАПЯНОК.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *