Паехаў пакатацца ў лес — і не вярнуўся…

26 мая ў раённы аддзел унутраных спраў звярнуліся з паведамленнем, што напярэдадні раніцай паехаў у лес пакатацца на веласіпедзе і дагэтуль не вярнуўся дамоў 64-гадовы жыхар горада Віктар Палякоў.

— Аператыўна былі арганізаваны пошукі, — расказвае начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Павел Кавалёў, — і мужчыну ўдалося знайсці. Ён памёр у лесе.

Такіх трагедый штогод адбываецца некалькі дзясяткаў у краіне, не выключэнне яны і ў нашым раёне. У сувязі з гэтым, вартавыя правапарадку нагадваюць бярэзінцам правілы, як не згубіцца ў лесе.

— Галоўная праблема, з якой сутыкаюцца выратавальнікі і міліцыя падчас пошуку зніклых у лесе, — гэта тое, як людзі апранаюцца, — расказвае Павел Сяргеевіч. — Шмат хто лічыць, што найбольш практычная вопратка для паходаў у лес — гэта стары добры камуфляж. Яго выбіраюць таму, што ўтульны, шчыльны і добра абараняе ад кляшчоў. Але разам з тым выдатна выконвае сваю першапачатковую функцыю — маскіраваць апранутага ў яго. І тады заўважыць чалавека сярод зеляніны амаль немагчыма.

Таму лепш апранаць у лес нешта яркае. Калі ж асаблівага выбару няма, то трэба падумаць над тым, як жа сябе пазначыць, калі будуць шукаць. Гэта могуць быць капюшон, павязкі на рукавах. Перад любой вандроўкай у лес трэба паведаміць родным і блізкім, куды вы збіраецеся і калі плануеце вярнуцца. Гэтая інфармацыя стане пунктам адліку для таго, каб пачаць вас шукаць.

Збіраючыся ў лес, абавязкова пакладзіце ў кошык ці заплечнік бутэльку з несалодкай вадой. Калі маеце хранічныя захворванні — прыхапіце з сабой лекі. Нават калі зараз хвароба, здаецца, «пайшла ў падполле», ад стрэсу яна можа рэзка абвастрыцца. Што да ежы, то лепш узяць штосьці каларыйнае, напрыклад, плітку шакаладу. Адкрытыя ўчасткі цела трэба абараніць ад кляшчоў.

 Мілана ТРАПЯНОК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *