Парадак арганізацыі і дзейнасці студатрадаў

Пятая працоўная чвэрць і працаўладкаванне непаўналетніх на час летніх канікул з’яўляюцца актуальнымі не толькі для саміх юнакоў і дзяўчат, а і для арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, якія прымаюць студэнцкія атрады. Менавіта для іх прадстаўнікоў і быў арганізаваны зацікаўленымі службамі семінар на тэму “Абучэнне спецыялістаў арганізацый, якія прымаюць студэнцкія атрады, патрабаванням заканадаўства аб працы і ахове працы. Разгляд пытанняў забеспячэння ўмоў размяшчэння, харчавання, аплаты працы ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў”.

Якая ж падрыхтоўчая работа павінна быць праведзена, перш чым студатрады прыступяць да работы, і якія асноўныя патрабаванні заканадаўства павінны пры гэтым захоўвацца? Верагодна, гэтыя пытанні цікавяць і саміх юных працаўнікоў.
Перш-наперш, адзначым, што студэнцкі атрад – гэта добраахвотнае аб’яднанне асоб у колькасці не менш за 7 і не больш за 30 чалавек, якія атрымліваюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю, а таксама іншых катэгорый маладых грамадзян, якія выказалі жаданне ў вольны ад вучобы час ажыццяўляць працоўную дзейнасць тэрмінам не менш за 10 дзён. Парадак арганізацыі і дзейнасці студатрада рэгулюецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.04.2012 г. №181 і некаторымі іншымі дакументамі.
Дагавор паміж накіроўваючым і прымаючым бакамі павінен уключаць у сябе ўмовы дзейнасці студатрада з улікам патрабаванняў заканадаўства аб працы, у тым ліку аб ахове працы, а таксама абавязацельствы прымаючага боку па забеспячэнні ўмоў размяшчэння, харчавання, аплаты працы ўдзельнікаў студэнцкага атрада.
Для атрадаў, у састаў якіх уключаны ўдзельнікі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, віды работ павінны адпавядаць пераліку лёгкіх відаў, якія могуць выконваць вышэйназваныя асобы.
Накіроўваючая арганізацыя павінна прадаставіць дакумент, які пацвярджае навучанне членаў студатрада асновам заканадаўства аб працы, у тым ліку аб ахове працы, правядзенне інструктажоў па маючай адбыцца дзейнасці.
Кожны ўдзельнік студатрада павінен мець медыцынскую даведку аб стане здароўя. А ўдзельнікі атрада ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў – пісьмовую згоду аднаго з бацькоў на прыцягненне дзіцяці да работы.
З удзельнікамі студатрадаў абавязкова заключаюцца адпаведныя працоўныя або грамадзянска-прававыя дагаворы.
Маладыя працаўнікі павінны прайсці ўводны і пярвічны на рабочым месцы інструктажы па ахове працы і пажарнай бяспецы, быць забяспечанымі спецвопраткай, спецыяльным абуткам і іншымі сродкамі індывідуальнай аховы.
Для працаўнікоў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў устанаўліваецца скарочаная працягласць рабочага дня – не больш за 23 гадзіны ў тыдзень, ад 16 да 18 гадоў – не больш за 35 гадзін у тыдзень (або працягласць штодзённай работы (змены) не павінна перавышаць адпаведна 4 гадзін 36 мінут і 7 гадзін).
Аплата працы ўдзельнікаў студатрадаў адбываецца ў адпаведнасці з умовамі працы, устаноўленымі ў арганізацыях незалежна ад формы ўласнасці, у якіх студатрады ажыццяўляюць дзейнасць. Заработная плата ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў маладзей за 18 гадоў пры скарочанай працягласці штодзённай работы выплачваецца ў такім жа памеры, што і работнікам адпаведных катэгорый пры поўнай працягласці штодзённай работы.
Прымаючы бок ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку вызначае паказчыкі, у залежнасці ад выканання якіх могуць павышацца тарыфныя стаўкі (аклады), а таксама адбываецца прэміраванне. У цэлым жа, аплата працы не можа быць ніжэй за мінімальную заработную плату.
Удзельніку студатрада, у якога памер налічанай зарплаты аказаўся ніжэй за памер мінімальнай заработнай платы (месячнай і пагадзіннай), наймальнік абавязаны зрабіць даплату да мінімальнай заработнай платы.
Гэтыя і шэраг іншых аспектаў работы студатрадаў падчас семінара агучылі першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Вяргейчык, галоўны санітарны ўрач Бярэзінс-кага РЦГЭ Вадзім Буйніцкі, спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Барауля.
Дзейнасць студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі раёна будзе знаходзіцца пад пастаянным кантролем членаў мабільнай групы.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *