Партызаны, партызаны, беларускія сыны

Партызанскі атрад “Васільева”, які дзейнічаў на тэрыторыі нашага раёна ў ліпені 1941 года, стаў першынцам у ліку магутнай хвалі народных мсціўцаў, якія выйшлі на рашучую барацьбу з захопнікамі. Акрамя яго, на тэрыторыі Бярэзіншчыны і прылягаючых раёнаў у гэты час свае баявыя дзеянні вялі асобны атрад А.Я. Васілеўскага, 64-ы і 85-ы асобныя атрады (камандзіры М.А. Радзін і Б. Малышаў).
Матэрыял да друку прадаставіў бярэзінскі краязнаўца Ігар ЖУКОЎСКІ.

Акрамя таго, летам 1941 года мясцовыя жыхары арганізоўвалі падпольныя групы, збіралі зброю, рыхтаваліся даць адпор ворагу ў яго тыле. Так, у ліпені ў в. Васільеўка была створана камсамольска-маладзёжная падпольная група, арганізатарам якой стаў інструктар ЦК ЛКСМБ Мікалай Данілавіч Лапцёнак; 12 верасня ў памяшканні школы в. Новая Князеўка адбыўся сход мясцовых камсамольцаў і чырвонаармейцаў-акружэнцаў (каля 20 чалавек), на якім разглядалася пытанне аб арганізацыі партызанскай барацьбы супраць ворага; зімой 1941-1942 гг. у вёсках Брадзец i Койцін савецкі афіцэр М.Е. Гарошка i мясцовы камсамолец Л. Абражэвіч стварылі падпольную iнiцыятыўную групу, якая вырасла ў Брадзецка-Сялібскае падполле. У гэты час падобныя ініцыятыўныя групы дзейнічалі ў многіх іншых вёсках раёна. Неўзабаве маленькія групы патрыётаў пачалі злівацца ў партызанскія атрады, якія наносілі ворагу значны ўрон і не давалі магчымасці вольна адчуваць сябе на акупіраванай тэрыторыі.


Адзін з першых партызанскіх атрадаў на поўначы Мінскай вобласці арганізаваў і ўзначаліў наш зямляк, сакратар Краснаслабадскога райкама партыі Максім Іванавіч Жукоўскі. У ліпені 1941 года атрад пад яго камандаваннем (налічваў каля 60 партызан) захапіў Слуцк, разграміў фашысцкую камендатуру, пошту, тэлеграф, раздаў насельніцтву збожжа, спаліў склады з ваенным абмундзіраваннем, вызваліў з палону групу воінаў Чырвонай Арміі. Пасля гэтай аперацыі партызаны, зрабіўшы смелы рэйд, напалі на варожы гарнізон у раённым цэнтры Красная Слабада і разграмілі камендатуру.
Максім Іванавіч Жукоўскі. Нарадзіўся ў в. Пагост, працаваў дырэктарам Ягадскага лесаапрацоўчага завода. У канцы 30-х гадоў закончыў Мінскі КамВУЗ (Камуністычную вышэйшую навучальную ўстанову) і быў накіраваны сакратаром Краснаслабадскога райкама партыі. За баявыя дзеянні ў чэрвені-ліпені 1941 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 жніўня 1941 года ўзнагароджаны ордэнам Леніна. У верасні вырашыў прабівацца на Усход. Па шляху руху наведаў сваю сям’ю ў в. Пагост, дзе яго выдаў ворагам колішні сусед-дэзерцір, які ведаў аб партызанскім камандзіры і яго ўзнагародзе з газет. Немцы арыштавалі ўсіх сваякоў М.І. Жукоўскага, пакінуўшы аднаго, каб той змог перадаць Максіму Іванавічу звестку пра трагічнае здарэнне. Гэтая навіна дагнала партызанскага камандзіра на шляху з Любушан у Карытніцу.
Спадзеючыся на свае дакументы і не ведаючы пра здраду, Максім Іванавіч вярнуўся ў Пагост, дзе яго адразу арыштавалі. Пры спробе здзейсніць уцёкі, у сакавіку 1942 года застрэлены. Пахаваны на могілках у в. Пагост. Здраднік М.І. Жукоўскага не застаўся беспакараным. Яго расстралялі партызаны атрада пад камандаваннем І.З. Ізоха, якія праходзілі праз наш раён.
Пры стварэнні першых партызанскіх фарміраванняў у раёне ўзнікала шмат сур’ёзных цяжкасцей. Перш за ўсё адсутнічаў практычны вопыт арганізацыі і вядзення падпольнай барацьбы. Набываўся ён паступова і нярэдка дарагой цаной. Адчувалася адсутнасць кваліфікаваных камандных кадраў для стварэння атрадаў, загадзя падрыхтаваных баз, недахоп зброі і боепрыпасаў.
Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Міншчыны насілі такі хуткі характар, што тут, па сутнасці, не ўдалося стварыць знішчальных батальёнаў і атрадаў народнага апалчэння. Узнікненне першых партызанскіх груп і атрадаў у нашым раёне адбылося ўжо ва ўмовах варожай акупацыі, калі спынілі сваю легальную дзейнасць партыйныя і савецкія органы, а іх работнікі і актыў уліліся ў рады Чырвонай Арміі, эвакуіраваліся ў савецкі тыл, суправаджаючы людзей і матэрыяльныя каштоўнасці, а ў асобных выпадках – ратую-чы сваё жыццё.
Вялікую ролю ў стварэнні і арганізацыйным умацаванні партызанскіх атрадаў вясной і летам 1942 года і ў інфармацыі цэнтра аб іх баявым дзеянні адыграла актыўная група НУДБ СССР пад камандаваннем палкоўніка С.А. Ваупшасава, які 20 сакавіка 1942 года ў складзе групы з 23 чалавек перасёк лінію фронту.
У чэрвені байцы атрада С.А. Ваупшасава пабывалі ў Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах Мінскай вобласці і Бярэзінскім раёне Магілёўскай вобласці і ўстанавілі, што на Бярэзіншчыне дзейнічае невялікі атрад на чале са старшым лейтэнантам Ц.І. Кусковым. Пасланцы С.А. Ваупшасава дапамаглі кіраўніцтву атрада стварыць партыйныя і камсамольскія арганізацыі і наладзіць разведку. З атрадаў І.Л. Сацункевіча і Ц.І. Кускова была выдзелена ініцыятыўная група на чале з В.К. Дзяругам і В.В. Беражным для стварэння новых атрадаў.

18 чэрвеня 1942 года адбылася нарада камандавання аператыўнай групы і прадстаўнікоў партызанскіх груп, якія прыбылі з Мінскай зоны. Даклад аб задачах партызанскага руху і ўзмацненні баявой дзейнасці атрадаў зрабіў С.А. Ваупшасаў. Прадстаўнікі атрадаў выступілі са справаздачамі аб рабоце па стварэнні атрадаў, іх структуры і першых выніках партызанскай барацьбы супраць акупантаў. Па прапанове ўдзельнікаў нарады для каардынацыі дзеянняў партызанскіх атрадаў у паўночна-ўсходняй частцы Мінскай вобласці выбраны партызанскі Ваенны Савет з пяці чалавек пад кіраўніцтвам С.А. Ваупшасава.
Таксама было вырашана ўвесці для ўсіх уступаючых у атрады народных мсціўцаў партызанскую прысягу. Тут жа былі прысвоены назвы партызанскім атрадам: Ц.І. Кускова — “Непераможны”, М.Л. Дзербана — “Бальшавік”, У.П. Дзярабіна — “Іскра”, В.К. Дзяругі “Камуніст”, В.В. Беражнога — “Камсамолец”. У Маскву была адпраўлена радыёграма аб афармленні названых атрадаў у самастойныя баявыя адзінкі. Кожнаму атраду партызанскі Ваенны Савет вызначыў сектар дзеяння і выдзеліў боепрыпасы. Апісаная нарада адбывалася ва ўрочышчы Жоластава. Былая партызанка Соф’я Рыгораўна Віткоўская забяспечыла на лодцы пераправу яе ўдзельнікаў, а затым са сваімі баявымі сябрамі несла варту.
Станіслаў Аляксеевіч Ваупшасаў (партызанская мянушка Градаў). Нарадзіўся 27 ліпеня 1899 года ў в. Грузджай Шаўляйскага раёна Літвы. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі. Герой Савецкага Саюза (1944 г.). Член КПСС з 1940 года. У Чырвонай Арміі з 1918 года. Удзельнік грамадзянскай вайны, у 1920-1925 гадах камандаваў партызанскім атрадам у Заходняй Беларусі, удзельнік нацыянальна-рэвалюцыйнай вайны ў Іспаніі 1936-1939 гг., савецка-фінскай вайны 1939-1940 гг. З верасня 1941 года з’яўляўся намеснікам камандзіра батальёна асобнай мотастралковай брыгады асобага назначэння НКУС СССР, якая абараняла Маскву. З сакавіка 1942 года ў тыле ворага: камандзір партызанскага атрада “Мясцовыя”, які дзейнічаў на тэрыторыі Мінскай вобласці, з верасня 1943 года — член Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б. Удзельнік разгрому мілітарысцкай Японіі ў 1945 годзе, узначальваў Маньчжурскую аператыўную групу. Да 1958 года – у органах дзяржбяспекі. Памёр 19 лі-стапада 1976 года ў Маскве. Яго іменем названа вуліца ў г. Мінску, пагранзастава.
Васілій Васільевіч Беражной. Нарадзіўся 28 лютага 1904 года ў в. Чараўкі Лубенскага павета Палтаўскай губерні ў сялянскай сям’і. Член ВКПБ. У Чырвонай Арміі з 1926 года. У 1929 годзе закончыў ваенную кавалерыйскую школу. Вайну сустрэў у складзе сотай стралковай дывізіі. Пад Мінскам трапіў у акружэнне. У ліпені 1941 года, вырваўшыся з яго, вырашыў працягваць барацьбу ў тыле ворага. Спыніўся ў в. Жукавец, дзе аб’яднаў мясцовых жыхароў у падпольную групу. Вясной 1942 года ўзначаліў партызанскі атрад №130.
Па ўспамінах былых партызан, В.В. Беражной быў гарачым патрыётам Радзімы, карыстаўся павагай сяброў. Заўсёды па-ваеннаму падцягнуты, патрабавальны да сябе і падначаленых. 5 мая 1943 года пры прарыве кальца блакады, быў цяжка паранены. Для таго, каб не быць абузай для сяброў, застрэліўся.
Мікалай Лявонцьевіч Дзербан. Нарадзіўся 15 мая 1907 года ў в. Локаць Бярэзінскага раёна, член КПСС з 1929 года. Да вайны служыў у Чырвонай Арміі ў званні старшага лейтэнанта. Удзельнік абароны г. Мінска ў 1941 годзе. З лета таго ж года – кіраўнік падпольнай групы, якая дзейнічала ў Бярэзінскім і Барысаўскім раёнах. У партызанах з красавіка 1942 года. З красавіка па кастрычнік 1942 г. — камандзір партызанскага атрада “Бальшавік”, затым па 21 сакавіка 1944 г. – камандзір партызанскай брыгады імя М.А. Шчорса. Пасля вайны знаходзіўся на савецкай рабоце ў Гродзенскай вобласці, працаваў дырэктарам Смалявіцкага, а з 1948 года – Бягомльскага лясгаса, у Бярэзінскім запаведніку. Памёр у 1992 годзе.
Васілій Карпавіч Дзяруга. Нарадзіўся ў 1904 годзе ў в. Дубаўручча Чэрвеньскага раёна. Да вайны працаваў загадчыкам ваеннага аддзела Бярэзінскага райкама партыі. Па рашэнні РК КП(б)Б пакінуты ў тыле для стварэння падпольных і партызанскіх фарміраванняў. З першых дзён акупацыі падпольшчык, кіраўнік патрыятычнай падпольнай групы. З лютага 1942 года — партызан. З мая 1942 па сакавік 1944 г. — камандзір партызанскага атрада “Камуніст”, з сакавіка па ліпень 1944 г. — камандзір партызанскай брыгады імя М.А. Шчорса. Пасля вайны працаваў сакратаром Барысаўскага райкама партыі, дырэктарам Барысаўскай інкубацыйнай фабрыкі. Пасля перанесенага інсульту перавезены на малую радзіму – у в. Дубаўручча Чэрвеньскага раёна.

Уладзімір Паўлавіч Дзярабін. Нарадзіўся ў 1918 годзе ў в. Канавалаўка Баркскага раёна Самарскай вобласці. Рана застаўся без бацькоў, гадаваўся ў Ташкенцкім дзіцячым доме. Да вайны служыў у Чырвонай Арміі. З сакавіка па май 1942 г. — кіраўнік падпольнай групы. З мая 1942 г. па ліпень 1944 г. — каман-дзір партызанскага атрада ‘‘Іскра” партызанскай брыгады “Разгром”. Пасля вайны спачатку жыў і працаваў у Смалявічах і Слуцку, затым у Мінску, дзе займаў розныя пасады ў будаўніча-мантажных арганізацыях сталіцы. Памёр 19 ліпеня 2000 г., пахаваны на Паўночных могілках г. Мінска.

 

Цімафей Іванавіч Кускоў. Старшы лейтэнант Чырвонай Арміі. Да сакавіка 1942 г. кіраваў партызанскай групай, якая дзейнічала на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна. Затым з сакавіка 1942 г. па ліпень 1944 г. — камандзірам партызанскага атрада “Непераможны”. Да жніўня 1943 года атрад дзейнічаў самастойна, узаемадзейнічаў з разведачна-дыверсійным атрадам С.А. Ваупшасава. Са жніўня 1943 г. па ліпень 1944 г. — у саставе 3-й Мінскай партызанскай брыгады імя С.М. Будзённага. Пасля вайны знаходзіўся на партыйнай рабоце.
Да лета 1942 года ў Бярэзінскім раёне дзейнічала шэсць партызанскіх атрадаў агульнай колькасцю 800 байцоў (“Бальшавік”, “Іскра”, “Камуніст”, “Камсамолец”, “Помста” і “Непераможны”). Яны ўчынялі дыверсіі, грамілі нямецкія гарнізоны і валасныя ўправы.
У аператыўнай зводцы Цэнтральнага штаба партызанскага руху аб аднаўленні партызанамі Савецкай улады ў раёнах і населеных п­­унктах Беларусі ад 16 ліпеня 1942 года адзначалася, што да 12 ліпеня поўнасцю вызвалены ад акупантаў Клічаўскі і Бярэзінскі раёны.
Летам на базе падпольнай групы арганізаваны 345 партызанскі атрад, камандзірам якога стаў Сямён Адамавіч Яроцкі, камісарам – Кандрат Антонавіч Баранаў.
Сямён Адамавіч Яроцкі. Нарадзіўся 3 лютага 1903 г. у в. Капланцы Бярэзінскага раёна, член КПСС з 1926 года. З 1924 г. — на культурна-асветніцкай, адміністрацыйна-гаспадарчай і партыйнай рабоце. З 1939 г. – другі сакратар Жлобінскага, Бярозаўскага райкамаў партыі. З чэрвеня 1941 г. — на Заходнім фронце. Палітрук эскадрона кавалерыйскага палка 21-й Арміі. У верасні полк трапіў у акружэнне, і С.А. Яроцкі прыйшоў у в. Капланцы, дзе стаў адным з арганізатараў падпольнай групы. У маі-лістападзе 1942 г. і маі-ліпені 1944 г. — камандзір 345 партызанскага атрада, у лі-стападзе 1942 — маі 1943 г. — 3-й Бярэзінскай партызанскай брыгады, адначасова член Бярэзінскага падпольнага райкама партыі. У ліпені-жніўні 1943 г. — камандзір Бярэзінскай ваенна-аператыўнай групы. У снежні 1943 г. – чэрвені 1944 г. — сак-ратар Бярозаўскага РК КП(б)Б.

З 1945 года на партыйнай рабоце. Першы сакратар Антопальскага РК КПБ, з мая 1952 г. па студзень 1954 г. першы сакратар Жабінкаўскага РК КПБ, са студзеня 1954 г. па студзень 1957 г. загадчык аддзела Брэсцкага аблвыканкама. Памёр 20 сакавіка 1968 года. Яго іменем названа вуліца ў г. Бяроза.
Са жніўня 1942 года ў наш раён была закінута дыверсійная група з 16 чалавек. Узначальваў яе Рыгор Мартынавіч Архіпец. Перад адпраўкай за лінію фронта група прайшла падрыхтоўку метадам дыверсійнай работы і падрыўной справе пры ЦК КП(б)Б у Падмаскоўі.
На базе гэтай групы і партызан, выдзеленых 345-м атрадам, быў створаны атрад №120 (камандзір — Р.М. Архіпец, камісар — Іосіф Пятровіч Сакалоўскі).
У верасні 1942 года ў адным з баёў з фашыстамі на шашы каля в. Кукарава Р.М. Архіпец быў паранены, пасля чаго яго адправілі ў Савецкі тыл. Камандзірам атрада быў назначаны К.А. Баранаў.
Кандрат Антонавіч Баранаў. Нарадзіўся ў 1903 г. у в. Капланцы Бярэзінскага раёна. Да 1917 года паспеў закончыць двухкласнае народнае вучылішча. У 1926 г. уступіў у рады ВКПБ, працаваў старшынёй Капланецкага сельсавета. Быў у ліку арганізатараў калгаса “Пераможца” ў 1929 г. Узначальваў партыйную ячэйку ў в. Дзмітравічы. Напярэдадні вайны працаваў у Беразіно дырэктарам прамкамбіната. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны К.А. Ба-ранаў уключаецца ў падпольную работу. З восені 1942 г. камандзір партызанскага атрада № 120, сакратар падпольнага райкама партыі. З 1947 года працуе дырэктарам бярэзінскага лясгаса, з 1956 г. старшыня калгаса “Паплавы”, у 1959 г. выбіраецца старшынёй Бя-рэзінскага гарсавета. Памёр у 1987 годзе.
20 ліпеня 1942 г. у лесе каля в. Шавярнічы адбыўся раённы сход партыйнага актыву, на якім прысут-нічала каля 50 камуністаў. Актыў адкрытым галасаваннем выбраў Бярэзінскі падпольны райкам КП(б)Б. У яго ўвайшлі С.Ц. Крыварот, І.А. Лескавец, І.П. Сакалоўскі, А.Т. Патупчык, С.А. Яроцкі. Сакратаром падпольнага райкама партыі выбраны І.П. Сакалоўскі. За час дзейнасці Бярэ-зінскага падпольнага райкама КП(б)Б у члены партыі было прынята 62 чалавекі, кандыдатамі ў члены партыі – 137. 
На гэтым жа сходзе стварылі і райвыканкам, які ўзначаліў К.А. Баранаў. Зацверджаны Бабруйскім міжрайкамам КП(б)Б 11 верасня 1942 года. У 1975 годзе ў памяць аб дзейнасці падпольнага райкама партыі за 1,5 км на паўночны захад ад в. Шавярнічы ў лесе была ўстаноўлена памятная стэла.
Важнай падзеяй у падпольнай партыйнай рабоце на тэрыторыі Бярэзінскага раёна стала першая падпольная раённая партканферэнцыя, якая прай-шла 15 студзеня 1943 г. у в. Жабаўка (перайменавана ў Партызанку). На яе прыбылі 58 чалавек. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел упаўнаважаны ЦК КП(б)Б І.М. Кардовіч, памочнік упаўнаважанага па Магілёўскай вобласці М.І. Кудзін, сакратар падпольнага Клічаўскага райкама партыі Я.І. Заяц, прадстаўнік штаба Заход-няга фронту і Цэнтральнага штаба партызанскага руху С.М. Лявонцьеў, дэлегаты ад усіх партызанскіх атрадаў. На той час партызанскія падраздзяленні раёна аб’ядноўвалі ў сваіх радах 2967 байцоў. У 1972 годзе за 2 кіламетры на паўночны захад ад вёскі ў памяць аб гэтай падзеі таксама была ўстаноўлена стэла.
У ліпені 1941 года ЦК ЛКСМБ і Магілёўскі абкам камсамола пакінулі для работы ў тыле ворага сакратара райкама камсамола А.М. Ільінскага, які стварыў Бярэзінскі падпольны райкам ЛКСМБ. У жніўні таго ж года адважны патрыёт загінуў. Бярэзінскі падпольны райкам камсамола сваю работу аднавіў 3 верасня 1942 года. Сакратаром яго да ліпеня 1944 года з’яўляўся М.Ф. Пыж.
Міхаіл Фёдаравіч Пыж. Нарадзіўся 1 ліпеня 1917 г.  у в. Мацевічы. З 1933 г. працаваў настаўнікам у Мацевіцкай школе. У 1935 г. паступіў у Магілёўскі па-літпрасвет. У 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію. З пачатку вайны на фронце. Пад Бабруйскам цяжка паранены. Трапіў у палон. Уцёк з лагера. Дома ўключыўся ў падпольную барацьбу. З 1942 г. партызан, сакратар Бярэзінскага падпольнага РК ЛКСМБ. У 1947-1949 гг. сакратар і намеснік старшыні райвыканкама. З 1949 года на савецкай і педагагічнай рабоце. Памёр у 1997 годзе.
Да восені 1942 г. падпольны райкам партыі выпусціў каля 40 лістовак. Напярэдадні 25-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі пачала выходзіць раённая газета “Сцяг Леніна”. Яе тыраж складаў 20-30 эк-зэмпляраў і перапісваўся ад рукі. У пачатку 1943 г. пры садзейнічанні партызан Клічаўскага раёна газета стала выдавацца паліграфічным спосабам.
Яе ў час вайны рэдагавалі Іван Лескавец, Антон Яблонскі і Макар Бурдыка.
Партызанскія атрады, якія дыслацыраваліся ў Бярэзінскім раёне, напачатку падпарадкоўваліся Клічаўскаму аператыўна-му цэнтру, камандзір – палкоўнік Чырвонай Арміі У.І. Нічыпаровіч. З ліпеня 1943 г. у Бярэзінскім раёне была сфарміравана ваенна-аператыўная група (ВАГ). Яна аб’ядноўвала 120, 130, 340 і 345 партызанскія атрады. Кіраваў ВАГ камандзір 345-га партызанскага атрада С.А. Яроцкі, са жніўня – Ц.К. Крук.
Партызаны і падпольшчыкі Бярэзіншчыны ўнеслі значны ўклад у разгром гітлераўскіх войск на роднай зямлі. Толькі байцы Бярэзінскай ВАГ за гады вайны знішчылі больш за 9 тысяч салдат і афіцэраў ворага, пусцілі пад адхон 126 чыгуначных эшалонаў з жывой сілай, боепрыпасамі і ваеннай тэхнікай, разбурылі 322 масты на шашэйных і грунтавых дарогах, разграмілі 11 фашысцкіх гарнізонаў, 18 палі-цэйскіх участкаў і 21 валасную ўправу, падбілі і спалілі больш за 180 бронемашын і танкаў праціўніка.
У 1943-1944 гг. на тэрыторыі раёна ў розны час вялі баявыя дзеянні 8 партызанскіх брыгад, а таксама шэраг партызанскіх атрадаў і палкоў, якія не ўваходзілі ў састаў Бярэзінскай ваенна-аператыў-най групы. Пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў члены партызанскіх атрадаў злі-ліся з войскамі Чырвонай Арміі.

 

Матэрыял падрыхтаваў
Ігар ЖУКОЎСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *