Патрабуюцца леснікі, вадзіцелі, жывёлаводы… альбо як прайшоў у Бярэзінскім раёне “кірмаш вакансій”

 

Чарговы “кірмаш вакансій” прайшоў у сектары занятасці. Дапамагалі знайсці работу непрацуючым людзям нашага раёна старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Валянцінавіч Лашкоўскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Вольга Васільеўна Калячка, намеснік начальніка – загадчык сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва  райвыканкама Святлана Уладзіміраўна Сайкоўская.

Магчымасці для працаўладкавання жыхарам нашага раёна прапаноўвалі прадстаўнікі з Бярэзінскай ЦРБ, ЖКГ,  лясгаса, філіяла “Аўтапарк №22”, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і іншых арганізацый раёна. Як высветлілася, на сёння на Бярэзіншчыне запатрабаваны жывёлаводы, паляводы, вадзіцелі грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў, трактарысты….  Ёсць шмат вакансій, дзе патрабуецца спецыяльная  адукацыя —  медыцынскія сёстры, леснікі, вальшчыкі лесу, ветурачы, энергетыкі…

— Так, у нас у раёне вакансій хапае – 169 , — зазначыў В.В. Лашкоўскі. —  Некаторыя наймальнікі прапануюць работнікам нават жыллё. Але, на жаль, назіраецца, можна сказаць, дысбаланс попыту і прапановы. Вакансіі, здаецца, ёсць, але людзей са спецыяльнай адукацыяй, каб маглі дастойна спраўляцца з той альбо іншай работай – не хапае. І сёння наша задача – выслухаць, дапамагчы кожнаму. Магчыма, кагосьці адправіць на перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі…

У пошуах працы на “ярмарку” завітала больш за 10 чалавек. Хтосьці хоча змяніць месца працы, іншыя, нарэшце, вырашылі працаўладкавацца. Усім былі дадзены канкрэтныя рэкамендацыі, а некаторым ужо падчас сустрэчы прапанавалі прыйсці ў арганізацыі на асабістую гутарку.

 

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *