Печ, газ альбо разетка… Што выгадна і танна? Высвятляў карэспандэнт «БП»

У Беларусі ўладальнікам прыватных дамоў будуць вяртаць частку затрат пры пераходзе на электраацяпленне. Гэта прадугледжана Указам №127 “Аб вяртанні расходаў на электразабеспячэнне эксплуатуемага жылога фонду”. Таму перад большасцю бярэзінцаў паўстала дылема: якому энергетычнаму сродку аддаць перавагу. Улічваць неабходна ўсё, бо нюансаў шмат.

Каму згодна з Указам прадугледжана дзяржаўная падтрымка? Як перавесці на электрычнасць дом з пячным ацяпленнем? Ды і, самае галоўнае, ці па кішэні будзе перайсці на выкарыстанне электрычнасці для ацяплення, прыгатавання ежы і гарачага водазабеспячэння? Ды і ці трэба развітвацца ў гэтым выпадку з «царыцай дома» — печчу. Пытаемся аб гэтым у спецыялістаў і людзей, якія летась выбралі разетку ў якасці энергетычнага сродку. Наш субяседнік — намеснік начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Вераніка Фаміна.

Каму вернуць частку расходаў?

Згодна з Указам, за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў плануецца вяртаць частку расходаў на правядзенне электрыфікацыі жылфонду для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы ў памеры 20 % ад кошту выкананых работ, але не больш за 40 базавых велічынь. Кошт работ напрамую залежыць ад плошчы дома і ўстаноўленага абсталявання.

Хто можа замяніць печы на разетку?

Электразабеспячэнне мае на ўвазе праектаванне і будаўніцтва ўнутрыдамавых сістэм электразабеспячэння, набыццё абсталявання і матэрыялаў, неабходных для выкарыстання электрычнай энергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы.

Наіўна думаць у наш высокатэхналагічны час, што гэта толькі электракацёл. Размова ідзе яшчэ і пра электрычны канвектар, электрычны воданагравальнік, электрапліту і гэтак далей.

Дзеянне дакумента распаўсюджваецца на ўладальнікаў аднакватэрных і блакіраваных дамоў. Вяртанне расходаў за электразабеспячэнне дома праводзіцца аднаразова і па факце выканання работ, набыцця матэрыялаў і абсталявання.

Каму не “пашчасціць” вярнуць расходы?

Вяртанне не прадугледжана ў трох выпадках. Па–першае, калі дом падключаны да цэнтралізаванага газа- ці цеплазабеспячэння і размешчаны ў зонах з правам адсялення. Па-другое, калі мясцовыя органы ўлады прынялі рашэнне перавесці дом з цэнтралізаванага цеплазабеспячэння і гарачага водазабеспячэння на індывідуальнае пры аптымізацыі схем водазабеспячэння. І яшчэ ў выпадку, калі грамадзянін ужо газіфікаваў жылы дом з прыцягненнем бюджэтных сродкаў і банкаўскіх крэдытаў.

Хто ўжо выкарыстоўвае электрычнасць для ацяплення?

Зараз пры наяўнасці дастатковай магутнасці трансфарматарных падстанцый і прапускной здольнасці лініі электраперадач грамадзянам ва ўстаноўленым парадку выдаюцца тэхнічныя ўмовы для выкарыстання электрычнай энергіі для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. Летась было задаволена амаль 400 заявак. Аднак заўважу, што адначасова выканаць усе заяўкі без рэканструкцыі электрычных сетак немагчыма, бо размеркавальныя электрычныя сеткі ў населеных пунктах раёна праектаваліся яшчэ ў мінулым стагоддзі без уліку магчымасцей выкарыстання электраэнергіі для ацяплення, прыгатавання ежы і нагрэву вады.

І апошняе…

— “Разетка” паступова набывае папулярнасць у бярэзінцаў. Летась на электраэнергію перайшлі 126 жыхароў раёна, — гаворыць намеснік начальніка РЭСа Віталь Папруга, – што істотна павялічыла бытавое выкарыстанне электрычнасці ў рэгіёне. Яшчэ ў 2019 годзе колькасць спажытай электраэнергіі налічвала 1550650 кілават, а сёлета дасягнула ўжо 1938113 кілават. Мяркую, што лічба будзе толькі прырастаць, бо электраэнергія папулярная ў людзей самых розных узростаў, як з аграгарадкоў, так і невялікіх вёсак. Таму паступова будуць рэканструявацца размеркавальныя электрычныя сеткі.

Аднак канчаткова развітвацца з печкамі бярэзінцам не раю, бо поўнае выкарыстанне электрычнасці для ацяплення і хатніх патрэб не зусім таннае і можа ўдарыць па кішэні пенсіянераў і людзей з невялікім даходам.

З 1 студзеня 2021 года ўстаноўлены наступны тарыф на электраэнергію для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння ў жылых дамах (кватэрах), не абсталяваных ва ўстаноўленым парадку сістэмамі цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння, пры наяўнасці асобнага прыбору індывідуальнага ўліку расходу электрычнай энергіі ў памеры за 1 кілават — 0,0335, які дзейнічае ўключна да 31 мая, а з 1 чэрвеня па 31 снежня ўключна – 0,0374.

Пытанне ў тэму

Дом стаіць асобна на ўскрайку вёскі. Ці магчыма перавесці яго з пячнога ацяплення на электрычнасць? Ці трэба, як падчас газіфікацыі, рабіць гэта цэнтралізавана вуліцай, вёскай?

Адказвае галоўны інжынер Бярэзінскага РЭС Уладзімір Несцяровіч:
— Пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці падключэння да электрычных сетак павелічэнне дазволенай магут-насці магчыма, у тым ліку і толькі для аднаго дома.

Электраацяпленне прыйшло і ў аграгарадок Брадзец

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *