Пенсія — не нагода сумаваць

І ў пажылым узросце можна весці актыўны лад жыцця, займацца любімымі справамі альбо знайсці новае хобі, хадзіць на выставы, канцэрты, спяваць, танцаваць… Вы так не лічыце?! Думаю, пераканаецеся ў гэтым, калі зазірнеце на заняткі ў аддзяленне для людзей пажылога ўзросту Бярэзінскага ТЦСАН. Тут дзейнічаюць тры гурткі: камп’ютарнай граматнасці “Глобус”, “Крэатыўнае рукадзелле” — кіраўнік Дана Юозаўна Зяневіч і музычны гурток “Нам года – не беда”, кіраўніком якога з’яўляецца добра вядомая ў раёне музыка Тамара Іванаўна Дземяшкевіч.

 

— А ў планах — арганізаваць спартыўны гурток, — зазначае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту Наталля Васільеўна Сікірыцкая. – Думаем зай-мацца, напрыклад, скандынаўскай хадзьбой, гім-настыкай для дыхання. Таксама плануем наладзіць заняткі па краязнаўстве.
Многія з задавальненнем наведваюць гурток “Крэатыўнае рукадзелле”. Тут вышываюць крыжыкам, стужкамі, займаюцца паперапляценнем, вяжуць і шмат іншага. Іх лепшыя работы — карціны, кошыкі, вазачкі — часта можна пабачыць на раённых выставах. Прымалі ўдзел і ў абласной выставе “Мелодыя сэрца”.
Уражваюць шматграннасцю фантазіі і ўмельства работы Веры Васільеўны Рошчынай, Алены Пятроўны Смаляк, Соф’і Віктараўны Булойчык, Аляксандры Сямёнаўны Саскавец, Галіны Міхайлаўны Тубалевай. Гляджу на іх карціны, шкатулкі, кошыкі, дзіўлюся, няўжо можна зрабіць такое сваімі рукамі?!
— Так, — гаворыць Н.В. Сікірыцкая. – Галоўнае – захацець. Боль-шасць пачынаюць займацца з “нуля”, а затым з лёгкасцю, да прыкладу, вышываюць крыжыкам ці стужкамі. Вядома ж, да нас прыходзяць і майстрыхі, якія ўмеюць вязаць, шыць, вышываць. Але, ведаеце, і ім у нас цікава: вучаць іншых, перадаюць веды, абменьваюцца вопытам… Увогуле, хочацца адзначыць, што ўсе нашы гурткі папулярныя. Тут і весела можна правесці час, і падзяліцца вопытам, і проста пагаварыць. А яшчэ з’явілася добрая традыцыя — разам ладзіць святы, хадзіць на розныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы.
Большасць заняткаў наладжаны ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Лазурный”. Мы зазірнулі туды, калі праходзілі заняткі па камп’ютарнай граматнасці.
— Хаджу сюды з вялікім задавальненнем, — зазначыла адна з “вучаніц” Людміла Іванаўна Сакалоўская. – Вучуся працаваць на камп’ютары, каб не адставаць ад жыцця. Дачушка, зяць, унукі – усе на “ты” з новымі тэхналогіямі. А што я не змагу?! Не сядзець жа на канапе, да “балячак” прыслухоўвацца і смерці чакаць! Патрэбна пастаянна рухацца, прыдумляць для сябе занятак — тады і жыць весялей.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *