Перадавікі жніва

Уладзімір Бінжук з ААТ “Першамайскі” – таксама з разраду “тысячнікаў”. Колькі рэйсаў зрабіў ён па маршруце “поле – зерняток”, цяжка падлічыць. Магутны МАЗ Уладзіміра Уладзіміравіча не ведаў стомы на працягу ўсёй уборкі. Ды і сам вадзіцель чарговую змену завяршаў разам з камбайнерамі познім вечарам. Толькі стома заўсёды саступала месца задаволенасці вынікам сваёй што-дзённай работы. І калі гэты вынік нарэшце перавысіў тысячу тон,
за сябра па працы ад душы парадаваліся і яго калегі. Потым было і падзячнае пісьмо раённага выканаўчага камітэта, якое У. Бінжуку ўручылі ва ўрачыстай абстаноўцы на тэрыторыі мехдвара гаспадаркі. Зразумела, у час жніва працуюць людзі не дзеля ўзнагарод, але калі іх самааддача не застаецца па-за ўвагай, гэта таксама натхняе.

Аляксандр Кніга і Віталь Аўсянскі – ветэраны сельскай гаспадаркі і аддалі справе земляробства не адзін дзясятак гадоў. У калектыве ААТ “Брадзец” іх ведаюць як выдатных спецыялістаў, якія ніколі не сядзяць без справы, а калі і бяруцца за яе, то выконваюць даручанае толькі з адзнакай “выдатна”. Не з’яўляецца выключэннем і жніво. Уборачная пара для гэтых людзей – не проста адказны час, а і сапраўднае свята. Асабліва, калі выспеў багаты ўраджай, як сёлета. Як вынік, абодва камбайнеры сёлета ізноў аказаліся на вышыні і намалацілі кожны больш як па тысячы тон зерня.

Гэты здымак быў зроблены ў час ушанавання аднаго з лепшых вадзіцеляў ААТ “Месціна” Міхаіла Гузоўскага. Не толькі кіраўнік гаспадаркі Андрэй Клімянкоў, а і кіраўнік спраў раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Бурцаў і выконваючая абавязкі начальніка райсельгасхарчу Дар’я Аўтуховіч жадалі ў той дзень наваспечанаму вадзіцелю-“тысячніку” новых працоўных поспехаў і дзячылі за старанную працу. А яна і сапраўды старанная, бо дзякуючы намаганням Міхаіла Іосіфавіча і яго калегі Уладзіміра Пархановіча (таксама “тысячніка”) уборка ў гаспадарцы прайшла без прастояў і перабояў. Менавіта гэтыя два вадзіцелі забяспечвалі ўвесь час жніва адвозку збожжа ад камбайнаў. А намалочана яго было амаль 2700 тон. Будзе дарэчы дадаць, што працоўны стаж М. Гузоўскага ў “Месціне” бярэ пачатак з 1985 года, і з таго часу нараканняў на вадзіцеля ніколі не было.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *