Першы вясновы кірмаш прайшоў у Беразіно

З дзевяці гадзін раніцы на гарадскім стадыёне імправізаваныя гандлёвыя кропкі чакалі пакупнікоў. Тут і прадаўцы спажыўтаварыства, і мясцовых сельгаспрадпрыемстваў.

Так, бойка гандлявалі садавінай і гароднінай прадаўцы Бярэзінскага філіяла аблспажыўтаварыства. Тут попытам карысталіся бульба і яблыкі.

— Тавар у нас самы лепшы, — гаварылі прадаўцы. – Яблыкі чырвоныя сакавітыя, ды і цэны на іх не кусаюцца. Ды і чаго замоўчваць, што мы першымі прывезлі на кірмаш насенную бульбу ў спецыяльных пакетах па некалькі кілаграмаў. Пакуль пакупнікам прапануем толькі тры гатункі, але пры жаданні гатовы пашырыць асартымент.

Усёй сям’ёй на кірмаш!

Сельгаспрадпрыемствы вытавілі на продаж астаткі насення аўса, пшаніцы, ячменю па даволі прымальным кошце.

— Сёння ўжо мала хто вырошчвае зерневыя культуры на сваіх палетках, — заўважаюць вясковыя гандляры, — затое не знікае мода трымаць на ўласных падворках птушку. Таму бярэзінцы і спяшаюцца прыдбаць зерне на корм курам.

 

Бойка ішоў гандаль у Бярэзінскім філіяле аблспажыўтаварыства

Адкрытае акцыянернае таварыства “Бярэзінскі” ніводны кірмаш не прапускае і гандлюе тут ялавічынай і мёдам.

— Сёння ніякім мясам людзей не здзівіш, але ў нас пакупнікі ёсць, — прызнаюцца гандляры, — бо стаўку робім на выключную якасць прадукцыі. Наша ж прадукцыя лядоўні не зведала!

Ды і які кірмаш без рыбы! “Волма” парадавала пакупнікоў свежым карпам, кансервамі і ўласна прыгатаванай прадукцыяй.

Аднак не ўсім бярэзінскім пакупнікам такі асартымент прыйшоўся даспадобы. Пыталіся наведвальнікі наконт насення траў і саджанцаў. Наперадзе ж — дачны сезон і кожны хоча выбраць лепшыя гатункі пладовых і дэкаратыўных дрэў і кустоў. Асабліва запатрабаваны яблыні, грушы, агрэст і буякі, туі і ружы.

Ялавічына і мёд былі ў продажы ў ААТ “Бярэзінскі”

— Вясновы кірмаш у нашым горадзе наладжваецца ўпершыню, — патлумачыла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Марына Фомчанкава. – Таму мы пакуль вывучаем попыт і запыты людзей. Гэта няпроста, бо сёння ў крамах і на кірмашах багата рознай прадукцыі. Таму запрашаем да сябе на вясновы кірмаш не толькі сельгаспрадпрыемствы са сваёй прадукцыяй, але і фермераў, майстроў і індывідуальных прадпрымальнікаў.

І спадзяёмся: яны ўлічаць патрэбы дачнікаў у саджанцах і парадуюць іх сваёй прадукцыяй.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *