Пікеты ў падтрымку будучых кандыдатаў праходзяць на Бярэзіншчыне

З 8 верасня, у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, у краіне стартавала актыўная фаза выбарчай кампаніі – вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Збіраць подпісы за сваіх вылучэнцаў закліканы ініцыятыўныя групы, у тым ліку і падчас вулічных пікетаў, якія могуць размяшчацца ў дазволеных месцах. Усяго ж будучым кандыдатам неабходна заручыцца падтрымкай не менш яе тысячы чалавек, калі вылучэнне адбываецца не ад партыі або працоўнага калектыву.

Нагадаем, што ў нашым горадзе, у адпаведнасці з прынятым раённым выканаўчым камітэтам рашэннем, адзіным месцам, дзе пікетаванне забаронена, з’яўляецца цэнтральная плошча. Таму днямі актывісты раённай арганізацыі ГА “БРСМ” наладзілі работу па зборы подпісаў і растлумачэнні правілаў правядзення выбарчай кампаніі на тэрыторыі рынку па вуліцы Перамогі.

— На гэтым этапе кампаніі мы можам паведамляць толькі біяграфічныя звесткі пра патэнцыяльнага кандыдата і нічога, што датычыцца яго перадвыбарнай кампаніі, — тлумачыць член ініцыятыўнай групы, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Вяргейчык. – Кожны, хто жадае пакінуць подпіс, павінен для гэтага прад’явіць пашпарт. Іншыя дакументы, якія пацвярджаюць асобу, — вадзіцельскія правы, пенсійнае або службовае пасведчанне, студэнцкі білет – для гэтай мэты не прымаюцца. Да таго ж, паставіць подпіс могуць толькі тыя грамадзяне, якія зарэгістраваны па месцы жыхарства на тэрыторыі канкрэтна гэтага выбарчага ўчастка. Упэўнена, што выбары ў парламент Беларусі, як адна з важнейшых грамадска-палітычных падзей года, не пакінуць раўнадушнымі нашых землякоў і яны прымуць актыўны ўдзел у гэтай важнай кампаніі.

Людзі, якія знаходзіліся ў той дзень па сваіх справах у вышэйназваным месцы, падыходзілі да пікетчыкаў, цікавіліся біяграфіяй прэтэндэнта ў кандыдаты, некаторыя выказвалі свае думкі, дзяліліся набалелым, ставілі подпісы. Былі і такія, хто не супраць пакінуць свой аўтограф, але на той момант не мелі з сабой пашпарта, а таксама госці нашага раёна, якія пражываюць на тэрыторыі іншых выбарчых акруг.

Збор подпісаў працягваецца.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *