Плён шчырай працы селяніна на кожным стале

У нядзелю большасць бярэзінцаў накрыюць святочныя і багатыя сталы ў гонар работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Пачэснае месца тут сярод розных страў і далікатэсаў будуць займаць даўно ўпадабаныя адбіўныя, розныя каўбаскі, халадзец і катлеты, прысмакі, вырабленыя са свініны ЗАТ “Клявіца” Яны і так кожны дзень уваходзяць у меню гаспадынь, але на гэты раз прымусяць не толькі добрым словам падзякаваць таленту кулінара, але і аддзячыць работнікаў прадпрыемства за шчодры стол і вернасць сялянскім традыцыям.

Ды і як жа інакш! ЗАТ“Клявіца” вось ужо 18 гадоў дбае пра сваіх спажыўцоў, бо старанна працуе і нязменна выконвае прагнозныя паказчыкі.
У нашым раёне прадпрыемства на 50% забяспечвае вырошчванне мяса і з’яўляецца адзіным вытворцам свініны.

Пачынала развівацца прадпрыемства з пагалоўя ў 7,7 тысячы галоў, а сёння тут ужо ўтрымліваецца 35966 свіней. Валавыя прыбаўленні жывёлы ў 2018 годзе спыніліся на паказчыку ў 5739 тон, а сёлета за 9 месяцаў ужо налічваюць 4429 тон. Рэнтабельнасць вытворчасці вырасла ад «мінус» 15% да 3 у цяперашні час.

Садзейнічала гэтаму паступовая рэканструкцыя памяшканняў для адкорму жывёлы і ўтрымання свінаматак і парсючкоў — сасункоў, увядзенне ў эксплуатацыю трох новых будынкаў для 3600 галоў адкормачнага пагалоўя і адкрыццё фірменнага магазіна з уласнай прадукцыяй.

Шлях да поспеху і прызнання спажыўцоў быў не толькі цярністым і доўгім, але і прынёс работнікам прадпрыемства мноства заслужаных узнагарод. Не адзін раз калектыў станавіўся пераможцам раённых, абласных спаборніцтваў па павялічэнні вытворчасці і продажы дзяржаве прадукцыі жывёлагадоўлі, а ў 2004 годзе нават быў названы першым у рэспубліканскім спаборніцтве. Здаваць сваіх лідарскіх і вытворчых пазіцый бярэзінскія свінары не збіраюцца.

— Па стане на 1 кастрычніка наша прадпрыемства атрымала 47 тысяч парсючкоў, сярэднясутачныя прыбаўленні дасягнулі 601 грам, — зазначыў дырэктар ЗАТ “Клявіца” Мікалай Крыўцоў, які дзесяць гадоў узначальвае калектыў, — на забой па ўсіх каналах збыту рэалізуецца 4187 тон мяса, а гэта на 175 тон больш мінулагодняга.

ЗАТ “Клявіца” рэалізуе свіней жывой вагой, асноўным спажыўцом з’яўляецца Барысаўскі мяса-камбінат. Хапае вырашчанай свініны і для работы ўласнага цэха па перапрацоўцы мяса. Тут наладжаны радзел, абвалка, фасоўка мяса, выраб мясных, мясакосных і рубленых паўфабрыкатаў. Пералік выпускаемай прадукцыі парадуе любую прыдзірлівую гаспадыню, задаволіць самы патрабавальны густ і не балюча ўдарыць па сямейным кашальку, бо тут паўфабрыкат для паляндвіцы, выразка свіная, грудзінка свіная, фарш, каўбаскі сырыя, шпік і яшчэ шмат паўфабрыкатаў. Каб пераканацца ў багацці асартыменту, дастаткова зазірнуць у краму “Мяско” па вуліцы М. Рамановіч, дзе заўсёды ідзе бойкі продаж.

К.Абрамовіч. Н. Карпенка, А. Грузд

Якасць вырашчанай і зробленай прадукцыі гарантуе асабіста калектыў акцыянернага таварыства, які налічвае 154 ча-лавекі. Усе яны даражаць сваёй працай і калектывам, дзе ў вялікай пашане працавітыя і сумленныя работнікі. У ліку лепшых з іх сёлета называюцца аператар свінагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм па абслугоўванні свінаматак з парсючкамі Надзея Карпенка, аператар па вырошчванні парсючкоў–аддымнікаў Алена Грузд і аператар па штучным асемяненні свіней Кацярына Абрамовіч. Усе яны ў свінагадоўлі — не навічкі і не першы раз трапляюць у лік лепшых, бо не толькі не стамляюцца ставіць свае новыя жывёгадоўчыя рэкорды, а і задаюць рашучы тон і настрой усяму калектыву.

— Аднак напярэдадні свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны хочацца віншаваць не асобных работнікаў, а трэба сказаць шчырае “дзякуй” і ўсхваліць увесь калектыў комплексу, успомніць нашых слаўных ветэранаў, якія ўнеслі свой пачэсны ўклад у росквіт прадпрыемства і развіццё свінагадоўлі ў раёне, — падкрэсліў Мікалай Іванавіч. — Ад імя адміністрацыі і прафсюзнага камітэта зычу ўсім доўгіх гадоў жыцця, рашучай бадзёрасці і бясконцага аптымізму. Няхай на вашым стале пануе дастатак, а ў кашальку — важкі заробак, сэрца б’ецца мацней, рукі не стамляюцца, а праца застаецца запатрабаванай сярод людзей.

*Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *