Поспехі і дасягненні бярэзінскага міліцыянера Вадзіма Сакава

Старшы лейтэнант міліцыі Вадзім Сакаў ужо чацвёрты год працуе ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Тут ён займае сур’ёзную і адказную пасаду намесніка начальніка аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку і кіруе дзейнасцю ўчастковых інспектараў міліцыі. Аднак не толькі стараннем і прынцыповасцю малады вартавы правапарадку падтрымлівае прэстыж міліцэйскай службы. На сцяне ў яго рабочым кабінеце вісіць некалькі дыпломаў за перамогі ў спаборніцтвах самага рознага ўзроўню па рукапашным баі і самаабароне.

— Я заўсёды быў спартыўным юнаком і ніколі не прапускаў урокаў фізічнай культуры ў роднай Брадзецкай школе, — расказвае пра сябе Вадзім. — Тут са школьнай камандай гуляў у валейбол, баскетбол і футбол, удзельнічаў у лёгкаатлетычных спаборніцтвах. Выдатная фізічная падрыхтоўка аказалася нялішняй і ў Магілёўскім інстытуце Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
У гэтай навучальнай установе курсант Вадзім Сакаў упершыню для сябе адкрыў рукапашны бой і асновы самаабароны, гіравы спорт. Вадзім хутка асвоіў прыёмы і нават трапіў у лік бясспрэчных пераможцаў па гіравым спорце, атрымаў спартыўны разрад.
— Для вартавых правапарадку выдатнае валоданне рукапашным боем і прыёмамі самаабароны, фізічная падрыхтоўка – не даніна пэўнай модзе і занятак для душы, а састаўляючая прафесіяналізму сучаснага міліцыянера, — зазначае Вадзім.
Вось і міліцыянеры раённага аддзела ўнутраных спраў займаюцца на трэніроўках на базе раённай комплекснай спартыўнай дзіцяча–юнацкай школы алімпійскага рэзерву, дзе да іх паслуг трэнажорная зала, плавальны басейн і вялікая спартыўная зала. Тут вартавыя правапарадку могуць патрэніравацца ў зручным для сябе рэжыме. Ды і не адмаўляюцца людзі ў пагонах ад удзелу ў спаборніцтвах раённай штогадовай алімпіяды.
— У складзе каманды адстойваў гонар роднага аддзела ў спаборніцтвах па валейболе і футболе, дзе мы былі ў ліку лепшых, — гаворыць Вадзім.
Выдатная фізічная форма дазваляе Вадзіму Сакаву паспяхова ўдзельнічаць у спаборніцтвах па рукапашным баі і асновах самаабароны, наладжаных Упраўленнем унутраных спраў Мінаблвыканкама. Некалькі месяцаў таму бярэзінскі міліцыянер вярнуўся з чарговага турніру з пачэсным трэцім месцам.
— Гэта ўзнагарода для мяне вельмі дарагая, — прызнаецца старшы лейтэнант, — бо красамоўней любых слоў сведчыць, што да сустрэчы з агрэсіўным злачынцам ці парушальнікам я гатовы і ў любы момант змагу даць яму адпор. Ды і прыемна мне сваёй узнагародай падтрымаць прафесійны гонар бярэзінскай міліцыі.
Праўда, як прызнаецца вартавы правапарадку, трэніравацца даводзіцца не адзін раз на тыдзень. Знайсці свабодны час сярод рэйдавых мерапрыемстваў і дзяжурстваў бывае няпроста, аднак свой трэніровачны рэжым Вадзім стараецца не парушаць. Ёсць у яго і ўласны сакрэт плёну трэніровак і
высокай матывацыі.
— Мая любая дзяўчына — прыхіль-ніца здаровага ладу жыцця, якая замест рамантычных прагулак заўсёды выбірае актыўны адпачынак і, як роўная, са мной займаецца ў трэнажорнай зале, — удакладняе мужчына. – Разам мы прытрымліваемся і прынцыпаў здаровага харчавання. Мне прыемна быць для яе на-дзейным абаронцам.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *