Прадстаўнікі ўлады Мінскай вобласці наведалі Бярэзінскі раён

 

16 ліпеня сустрэчы ў працоўных калектывах Бярэзіншчыны правялі старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая і намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Мікалай Рагашчук. Удзел у мерапрыемствах прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі і намеснік старшыні райвыканкама Павел Сугака.

 Праблемныя пытанні – на кантролі

У аграгарадку Паплавы сустрэчы правяла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. Падчас наведання сельскагаспадарчага філіяла “Здравушка-агра” ААТ “Здравушка-мілк” Наталля Віктараўна пазнаёміла прысутных з асноўнымі накірункамі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці, расказала аб інвестыцыйных праграмах і актуальных пытаннях, што будуць вырашацца сёлета і ў перспектыве.

Аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці вышэйназванага сельгаспрадпрыемства і перспектывах яго развіцця гаварыў у ходзе сустрэчы кіраўнік Міхаіл Крыцкі.

Работнікі ў сваю чаргу дзяліліся набалелым і шукалі дапамогі ў вырашэнні праблемных пытанняў. Так, Генадзій Дземчанка і Сяргей Красоўскі выказвалі хваляванні наконт якасці пітной вады. Супакоіць іх павінны словы старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктара Лашкоўскага, што хутка ў Паплавах распачнецца будаўніцтва станцыі абезжалезьвання. Гэта дазволіць знізіць колькасць утрымліваемага жалеза і давесці якасць пітной вады да нарматыўных паказчыкаў. Дарэчы Генадзій Дземчанка звярнуўся да прадстаўнікоў улады і з просьбай пасадзейнічаць у адкрыцці на тэрыторыі аграгарадка паўнавартаснага магазіна прамтавараў, дзе можна было б набыць будаўнічыя матэрыялы. Пакуль што патрэбы вяскоўцаў задавальняе мясцовы прадуктовы магазін, дзе для прамтавараў адведзены спецыяльны куточак. Аднак асартыментны пералік яго небагаты: для пашырэння неабходна дадатковая плошча.

Нягледзячы на тое, што паплаўчане ўжо адчулі змены ў лепшы бок (летась у аграгарадку быў дадзены старт газіфікацыі, сёлета вядзецца добраўпарадкаванне мясцовых дарог), ёсць яшчэ над чым папрацаваць. Па словах Настассі Яроцкай, Алены Жаўняровіч і Людмілы Аляшкевіч, удасканалення патрабуе работа ўстановы культуры і аддзялення банкаўскіх паслуг, а рамонту – дарога па вуліцы Кастрычніцкай аграгарадка.

Дыялог з мясцовымі жыхарамі працягнуўся ў адміністрацыйным будынку Паплаўскага сельскага Савета, дзе прысутнічалі работнікі сельсавета і сацыяльных устаноў аграгарадка. Пытанні, што прагучалі ў адрас прадстаўнікоў улады ў ходзе сустрэчы, узяты на кантроль.

На першым месцы – якасць жыцця людзей

— Падобныя сустрэчы дапамагаюць наладзіць зваротную сувязь з жыхарамі малых рэгіёнаў, такіх, як і Беразіно, вызначыць, што хвалюе мясцовае насельніцтва, як вырашаюцца пытанні раённай уладай на месцах, якая дапамога на абласным узроўні неабходна для паляпшэння якасці жыцця жыхароў Міншчыны, — зазначыў падчас сустрэчы з калектывам Бярэзінскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Мікалай Рагашчук.

Дырэктар вышэйназванага філіяла Валянціна Барысевіч у сваю чаргу расказала пра вынікі дзейнасці прадпрыемства за першае паўгоддзе бягучага года.

— У зоне абслугоўвання Бярэзінскага філіяла — Бярэзінскі, Чэрвеньскі і частка Барысаўскага раёна. Гандаль ажыццяўляюць 82 прадпрыемствы, з іх 62 — у сельскай мясцовасці. Тэмп росту тавараабароту ў супастаўных цэнах да ўзроўню мінулага года склаў 150,4%. Грамадскае харчаванне ажыццяўляецца праз 14 прадпрыемстваў. Тавараабарот у гэтай галіне дзейнасці склаў 665 тыс. рублёў. Нарыхтоўчыя прадпрыемствы філіяла закупляюць больш за 40 асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны як для ўласных патрэб (перапрацоўка і продаж праз уласную гандлёвую сетку), так і для патрэб прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці, а таксама для пастаўкі на экспарт. Абарот склаў 1,2 млн. рублёў або 158,5% да мінулагодняга паказчыка. Прамысловай прадукцыі выраблена на суму больш за 2,2 млн. рублёў, што складае 154% да ўзроўню мінулага года ў супастаўных цэнах. За 6 месяцаў бягучага года забяспечана рэнтабельная работа ўсіх галін дзейнасці (прыбытак — 200 тыс. рублёў). Сярэднямесячная заработная плата па філіяле склала 681,6 рубля або 125,6% да мінулага года, — падкрэсліла Валянціна Іванаўна.

Прысутныя ў сваю чаргу адзначалі, што работа са зваротамі грамадзян у раёне вядзецца на належным узроўні. Шмат робіцца з боку мясцовых улад па павышэнні якасці жыцця бярэзінцаў. За апошні час уведзены ў дзеянне сацыяльна-значныя аб’екты – ачышчальныя збудаванні, станцыі абезжалезьвання і другога пад’ёму вады. Канчаткова вырашана праблема з вулічным асвятленнем. Немалаважную ролю ў стварэнні камфортных умоў адыгрываюць добраўпарадкаваныя скверы, паркі, зоны адпачынку. Прыносяць карысць і дапамагаюць умацаванню здароўя бярэзінцаў спартыўныя аб’екты і плавальны басейн.

Гучалі ў адрас прадстаўнікоў улады і пытанні. Датычылі яны паляпшэння стану мясцовых дарог, гарачага водазабеспячэння шматкватэрных дамоў, выпуску новага тэлефоннага даведніка раёна, забеспячэння ўстановы аховы здароўя неабходным медыцынскім абсталяваннем, графіку руху гарадскога транспарту.

Планамі раённай улады наконт арганізацыі вольнага часу моладзі цікавіліся работнікі камбіната бытавога абслугоўвання. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Павел Сугака, у Беразіно плануецца рэалізаваць цікавы праект. Згодна з ім, будзе праведзена рэканструкцыя будынка ўстановы культуры “Бярэзінская раённая цэнтральная бібліятэка”. Тут адкрые дзверы для бярэзінцаў маладзёжны цэнтр, дзе будзе прадугледжана пляцоўка і для правядзення гарадской дыскатэкі. Рэканструкцыя будынка ўжо ўключана ў інвестыцыйную праграму Мінскай вобласці на 2021 год.

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

    

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *