Прафілактыка правапарушэнняў і падрыхтоўка да пасяўной кампаніі разгледзілі на пасяджэнні райвыканкама

Эфектыўнасць мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў і падрыхтоўка да пасяўной кампаніі разгледзелі і абмеркавалі на чарговым пасяджэнні райвыканкама на чале са старшынёй Бярэзінскага райвыканкама Дзянісам Дзішуком.

З аналізам крымінагеннай абстаноўкі за мінулы год у Бярэзінскім раёне выступіў начальнік РАУС Андрэй Заяц.

Аналіз правапарушэнняў

— Бярэзінскім райвыканкамам быў зацверджаны Комплексны план па прафілактыцы правапарушэнняў у нашым раёне на 2020 год. Мэтанакіраваная прафілактычная работа праводзілася ўсімі суб’ектамі прафілактыкі.

Так, за 12 месяцаў 2020 года ў Бярэзінскі РАУС паступіла 4073 заявы і паведамленні пра злачынствы, аб адміністрацыйных правапарушэннях і інфармацыі аб здарэннях, — заўважыў Андрэй Міхайлавіч. Змяншэнне зваротаў зафіксавана нязначнае. Таму паказчык на 10 тысяч насельніцтва раёна па-ранейшаму перавышае сярэднеабласную лічбу. Непакоіць рост асабліва цяжкіх злачынстваў. Зарэгістраваны 5 злачынстваў, якія адносяцца да гэтай катэгорыі, 4 – цяжкія злачынствы.

Дарэчы, па лініі крымінальнага вышуку злачыннасць знізілася. Нам удалося дабіцца зніжэння колькасці наўмысных нанясенняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў, не дапусціць згвалтаванняў. У той жа час стала больш злачынстваў у грамадскіх месцах, крадзяжоў, махлярстваў.

Зніжана колькасць зарэгістраваных правапарушэнняў, учыненых непаўналетнімі і пры іх удзеле, асобамі, якія маюць судзімасць, учыненых у стане ап’янення і групай асоб.

У агульнай структуры злачыннасці па ўсіх напрамках дзейнасці, як і раней, пераважаюць крадзяжы маёмасці ўсіх формаў уласнасці, а таксама факты ўхілення бацькоў ад утрымання дзяцей або ад кампенсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай на дзяцей, якія знаходзяцца ці знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні.

На жаль, апошнім часам рэгіструецца шмат крадзяжоў шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі. Гутарка ідзе пра крадзеж праз несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі і распрацоўку, выкарыстанне альбо распаўсюджванне шкодных праграм. Матэрыяльны ўрон ад гэтых ліхадзействаў значны і павінен прымусіць кожнага берагчы свае персанальныя дадзеныя і быць удвая пільнымі і асцярожнымі ў інтэрнэце. Таму хочацца яшчэ раз нагадаць, што ні ў якім разе нікому нельга паведамляць свае пашпартныя дадзеныя, нумары банкаўскіх карт.

— Летась да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне сямейнага скандалу і парушэнне патрабаванняў ахоўнага прадпісання бярэзінцы былі прыцягнуты 222 разы. Вынесены 24 ахоўныя прадпісанні, на прымусовае лячэнне ва ўмовах лячэбна-працоўнага прафілакторыя накіраваны 30 чалавек, — працягваў Андрэй Міхайлавіч. – У мінулым годзе значна павялічылася колькасць адміністрацыйных правапарушэнняў па лініі дарожнай бяспекі. Асабліва непакояць парушэнні вадзіцелямі праезда пешаходных пераездаў, выпадкі кіравання транспартнымі сродкамі без дакументаў і ў стане алкагольнага ап’янення. Па віне нецвярозых кіроўцаў учынены 3 дарожна-транспартныя здарэнні з 14 у раёне.

— Прыведзеныя лічбы гавораць пра тое, што ў 2021 годзе трэба ажыццявіць шэраг мерапрыемстваў у службовай дзейнасці па дасягненні больш высокіх вынікаў. Будзем рабіць усё магчымае, каб скараціць колькасць правапарушэнняў у нашым раёне.

— Напярэдадні пасяўной кампаніі хочацца звярнуцца да кіраўнікоў гаспадарак: трэба больш пільную ўвагу надаваць мерапрыемствам па прадухіленні крадзяжоў сельскагаспадарчай прадукцыі і гаруча-змазачных матэрыялаў, — дадаў А. Заяц.

Д. Дзішук акцэнтаваў увагу на тым, што ў бягучым годзе павінна быць цалкам укамплектавана служба ўчастковых інспектараў міліцыі.

— Участковыя інспектары міліцыі павінны працаваць у кожным сельвыканкаме, — заўважыў Дзяніс Ігаравіч. – Цесна супрацоўнічаць са старшынямі сельвыканкамаў, кіраўнікамі прадпрыемстваў, ведаць вяскоўцаў. У бягучым годзе ўсім суб’ектам прафілактыкі неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб скараціць колькасць правапарушэнняў.

Таксама спыніўся на асноўных мерапрыемствах выканання Комплекснага плана па прафілактыцы правапарушэнняў пракурор Бярэзінскага раёна Дзмітрый Макарэвіч.

— Калі гаварыць у цэлым, то ўсе запланаваныя мерапрыемсты, згодна плана, былі рэалізаваны, — заўважыў Д. Макарэвіч. – У гэтым годзе таксама будзем працаваць згодна з планам. Прафілактыка правапарушэнняў – агульная задача ўсіх суб’ектаў прафілактыкі.

Падрыхтоўка да вясенняй пасяўной кампаніі

Падрабязна на асноўных аспектах падрыхтоўкі сельгаспрадпрыемстваў да веснавых палявых работ, выкананні рашэнняў, якія былі прыняты на адным з пасяджэнняў райвыканкама спынілася выконваючая абавязкі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Карына Аруцюнян. Яна акцэнтавала ўвагу прысутных на гатоўнасці тэхнікі да пасяўной кампаніі, праходжанні медыцынскіх аглядаў работнікаў, якія будуць заняты на вясенніх палявых работ.

— Для правядзення вясенніх палявых работ гаспадаркі раёна забяспечаны насеннем ў поўным аб’ёме. Гаспадаркамі праводзіцца работа па набыцці насення высокіх рэпрадукцый, — заўважыла К. Аруцюнян.

— Кіраўнікам і спецыялістам гаспадарак неабходна прыкласці максімум намаганняў для належнага і тэрміновага правядзення пасяўных работ. Звярнуць увагу на забяспечанасць кадрамі, праходжанне своечасовага і якаснага рамонту тэхнікі, няўхільнае выкананне тэхналогій апрацоўкі глебы і вырошчвання культур, — зазначыў Дзяніс Ігаравіч. – Таксама нельга забываць і пра забеспячэнне аховы працы пры выкананні сельскагаспадарчых работ. Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў на тое, каб працаўнікі, якія заняты ў пасяўной кампаніі, атрымалі дастойныя заробкі. Каб ім былі створаны камфортныя ўмовы працы, — рэзюмаваў Д. Дзішук.

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *